Беларуска-расійскія перамовы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 верасня на нарадзе з удзелам членаў урада ў Мінску, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Асноўная частка перамоў была сам-насам з прэзідэнтам. Перамовы доўжыліся 6 гадзiн, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перамовы. Але выніковыя», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У фармаце сам-насам абмяркоўваліся палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

«Канкрэтныя пытанні ў нас, вядомыя пытанні, па АДКБ, перш за ўсё, старшынства ў АДКБ і развіцця гэтай арганізацыі. Шмат увагі мы надалі балючых пытаннях у рамках СНД, якія датычаць нашых абедзвюх дзяржаў.

Перш за ўсё — Украіна. У вельмі пазітыўным ключы быў дыялог», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Думаю, што гэтыя пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень [на саміце СНД]. Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім будуць абодва прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў», - дадаў Лукашэнка.

«Самае галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, было звязана з вяртаннем грашовых сродкаў ад «перамытнення» сырой нафты ў беларускі бюджэт.

А таксама пытанне перапрацоўкі ў Беларусі цёмных нафтапрадуктаў, да прыкладу, мазуты, якая куплялася нашымі кампаніямі ў расійскіх, перапрацоўвалася, а нафтапрадукты прадаваліся на беларускім і замежных рынках», — адзначыў Лукашэнка.

«Гэта няпростае, складанае пытанне. Мы выпрацавалі два варыянты і дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што мы гэтыя два варыянты абмяркуем у Мінску. І ў Душанбэ [на палях саміта СНД] канчаткова ўзгоднім рашэнне гэтага пытання», — заявіў Лукашэнка.

«Але фактычна яно вырашана. Трэба выбраць той ці іншы варыянт. Сёння мы і абмяркуем з вамі, які варыянт, паглыбіўшыся ў тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнулі з Расеяй», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаварылася таксама пра план узаемных паставак сельгаспрадукцыі, расказаў ён. «Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выступае за кааперацыю з Расіяй і ў прамысловасці. «Гаворка ішла аб вядомых праблемах машынабудаўнічых комплексаў. Мы асабліва шмат увагі надалі гэтаму на перамовах у фармаце сам-насам. У тым ключы, што нам не трэба было б паўтараць адну і тую ж вытворчасць, ствараючы прадпрыемства, асабліва ў Расіі», — адзначыў Лукашэнка.

Ён прывёў прыклад, што калі ў Беларусі ёсць прадпрыемства БелАЗ, то навошта падобнае прадпрыемства па выпуску аўтамабіляў вялікай грузападымальнасці ствараць у Расіі. «Няма такой неабходнасці. Звернута была ўвага на працу па кааперацыі, як гэта было і раней».

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь у бліжэйшым часе атрымае шосты транш, $200 млн крэдыту, па лініі Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця. «Я не бачу ніякіх праблем з вылучэннем шостага траншу, і, як было заяўлена, можна вырашыць пытанне па сёмым траншы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы абмяркоўвалі пытанне аб рэфінансаванні доўгу на $1 млрд. І тут таксама адпрэчвання не было ніякага», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы таксама абмеркавалі пытанне аб падаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва атамнай станцыі і зніжэння працэнтавай стаўкі», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што беларускі бок гэта матывуе тым, што тэрміны па будаўніцтве расейскім бокам парушаны.

«Пакуль адкладаецца запуск першага блока аж на год. Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, можа быць, Расія папросіць яшчэ ссоўвання гэтага тэрміну, што ўжо наогул недапушчальна.

І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як гэта па дамове), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба падоўжыць. і працэнтная стаўка павінна быць не горшая, чым для іншых дзяржаў. Да прыкладу, Арменіі, Бангладэш, Венгрыі і гэтак далей».

«Гэта прыкладна да 3%. Непрыняцця ніякага. Трэба проста дапрацаваць гэтае пытанне. І я думаю, што мы можам вырашыць гэтае пытанне ў тым ключы, у якім я сказаў», — дадаў Лукашэнка.

«Мы таксама абмяркоўвалі пытанне нашых грузаперавозчыкаў», — сказаў Лукашэнка. «Дарэчы, гэта здзівіла прэзідэнта Расіі, і я так разумею, што яго проста не інфармавалі па гэтым пытанні. Мы гэтае пытанне абмяркоўвалі і сам-насам. І што мы павінны выправіць гэтую сітуацыю. зноў жа, пытанне за адпаведнымі членамі урадаў Беларусі і Расі», — дадаў Лукашэнка.

Лукашэнка расказаў, што гаварылася таксама пра перасячэнне грамадзянамі трэціх краін беларуска-расійскай мяжы. «У гэтым напрамку нам трэба будзе працаваць, і разуменне ў гэтым ёсць. Гэта ў інтарэсах і Расіі, і Беларусі», — цытуе прэс-служба Лукашэнку.

Ніякай канкрэтыкі пра тое, якія вынікі абмеркавання «палітычных пытанняў», прэс-служба не прыводзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?