Як перадае DELFI, Папу Францішка сустрэла дзяржаўная дэлегацыя, у складзе якой былі прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, прэм'ер-міністр Саўлюс Скверняліс, спікер Віктарас Парнцкеціс, экс-прэзідэнт Валдас Адамкус, старшыня Вярхоўнага савета — Аднаўленчага сойма Вітаўтас Ландсбергіс, міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус, пасол Літвы пры Святым пасадзе Пятрас Заполскас.

Па дарозе з аэрапорта Папа вітаў людзей.

Пасля 12:00 Папа прыбыў з візітам у прэзідэнцкі палац, на плошчы перад якім ён сустрэўся з прадстаўнікамі ўлады і грамадзянскай супольнасці, членамі дыпламатычнага корпуса.

У прэзідэнцкім палацы адбылася паўгадзінная сустрэча Папы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце. На афіцыйнай цырымоніі перад гутаркай адбыўся абмен падарункамі: Папа падарыў Грыбаўскайце мазаічны абраз з выявай Хрыста, прэзідэнт падарыла Папу копію звана свабоды Літвы і запіс твора Gloria Lietuvai.

Папа ў сваім звароце да жыхароў Літвы, які прагучаў пасля сустрэчы з Грыбаўскайце, звярнуўся да грамадзян словамі гімна Літвы: «У мінулым твае сыны няхай сілу чэрпаюць» і казаў пра стагоддзе краіны.

«Гэтае стагоддзе для вас было адзначана мноствам выпрабаванняў і пакут: турмамі, высылкамі, пакутамі. Святкаванне стагоддзя незалежнасці — гэта падстава для таго, каб спыніцца і ўзгадаць гэты досвед, абнавіць сувязь з тым, хто выгадаваў вашу дзяржаву, знайсці рашэнні сённяшніх выклікаў і глядзець у будучыню ў духу дыялогу і адзінства з усімі тымі, хто жыве тут, імкнучыся, каб ніхто не адчуваў сябе ізгоем», — сказаў Папа Францішак.

Па словах папы, кожнае пакаленне павінна ўсвядоміць складанасці і дасягненні мінулага і ўшанаваць памяць сваіх продкаў. «Я не ведаю, што будзе заўтра, але мы ведаем, што кожнае пакаленне павінна шанаваць «дух», які гэтае пакаленне выпеставаў і дапамог кожную вочную стаўку з болем і несправядлівасцю ператварыць у магчымасць. Толькі так карані, якія дапамаглі выгадаваць сённяшнія плады, застануцца жыццяздольнымі і здаровымі. А ў гэтага народа насамрэч моцны «дух», які дапамог яму не зламацца і ўвесь час тварыць! Вось радок з вашага гімна: «У мінулым твае сыны няхай сілу чэрпаюць», каб смела глядзець у вочы сучаснасці», — сказаў Папа Францішак.

Папа адзначыў, што за ўсю сваю гісторыю Літва здолела сабраць, даць прытулак людзям рознай нацыянальнасці і веравызнання.

«На гэтых землях ўсе знаходзілі сабе дом: літоўцы, татары, палякі, рускія, беларусы, украінцы, армяне і немцы, каталікі, праваслаўныя, пратэстанты, стараверы, мусульмане і яўрэі — усе мірна жылі разам, пакуль не прыйшла таталітарная ідэалогія, гвалт і недавер якой падкасілі здольнасць прыняць іншага і не надаваць значэння адрозненням», — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што чэрпаючы сілу з мінулага, мы зноўку знаходзім гэтыя карані і аднаўляем іх, у гэтым наша выключнасць і самабытнасць (…): талерантнасць, гасціннасць, павага і салідарнасць. «Гледзячы на свет нашых дзён (…) вы, літоўцы, павінны сказаць сваё слова: «Прыняць адрозненні», — сказаў Францішак.

«Завязваючы дыялог, будучы адкрытымі і спагадлівымі, вы можаце стаць мостам паміж Усходняй і Заходняй Еўропай», — дадаў ён.

Па словах папы Францішка, выхоўваць у сабе гэтыя якасці Літве дазволяць «плады спелай гісторыі, якія ваш народ можа прапанаваць сусветнай супольнасці, а асабліва еўрапейскай супольнасці».

Пасля абеду на подступах да Вострай брамы сабраліся тысячы людзей, каб памаліцца разам з Папам Францішкам.

30-гадовая Ірэна Гайдоская, каб убачыць Папу прыехала з беларускай Горадні: «Я ўпершыню на такім мерапрыемстве, даўно хацела ўбачыць Папу, каб адчуць гэты дух адзінства хрысціян».

81-гадовая Данута Гайлішэне, якая пражывае на ўскраіне Вільні, распавяла, што часта прыходзіць памаліцца ў капліцу Святой Брамы, таму не магла прапусціць нагоды зрабіць гэта разам з Папам Францішкам.

34-гадовы жыхар Вільні Міндаўгас Валанчус адзначыў, што такія візіты аб'ядноўваюць жыхароў краіны.

«Ён аб'ядноўвае і народ. Каб было столькі людзей на падобным мерапрыемстве… Гэта не шэраговая падзея для Літвы», — сказаў ён. Мужчына таксама дадаў, што ўвага Святога айца да яўрэяў і ахвяр нацыстаў сведчыць пра тое, што цяжкасці гісторыі не забытыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?