22.09.2018 / 21:33

Найлепшаму футбалісту ЧС-2018 прысудзілі вялікі штраф за ўхіленне ад выплаты падаткаў у Іспаніі

Іспанскі суд прысудзіў хаўбеку «Рэала» і зборнай Харватыі Луку Модрычу 8 месяцаў турмы ўмоўна і штраф 1,4 мільёна еўра за падатковыя махінацыі. Футбаліст прызнаў віну і супрацоўнічаў са следствам.

Лука Модрыч, fifa.com

Іспанскае выданне El Mundo паведамляе, што футбаліст супрацоўнічаў са следствам і прызнаў нявыплату €870.728.

Модрыч вывеў праз фірму, зарэгістраваную ў Люксембургу на імя яго жонкі, €290.990 у 2013 годзе і €579.738 у 2014 годзе.

Мяркуецца, што замест адбыцця тэрміну Модрыч заплаціць штраф памерам €60 тысяч (па €250 за кожны дзень ўмоўнага зняволення).

Паводле іспанскага заканадаўства, абвінавачаны, які атрымаў тэрмін менш за два гады за ўхіленне ад падаткаў, вызваляецца ад турэмнага зняволення.

Акрамя таго, ён павінен будзе кампенсаваць 40% сумы нявыплачаных падаткаў, гэта значыць больш за €348 тысяч. На пачатку судовага разбору футбаліст таксама выплаціў €1 мільён.

Модрыч выступае за «Рэал» з 2012 года. Футбаліст перайшоў у іспанскі клуб з «Тотэнхэма» за £33 мільёны. У мінулым сезоне футбаліст разам з камандай трэці раз запар выйграў Лігу чэмпіёнаў.

На ЧС у Расіі Модрыч выступаў у ролі капітана зборнай Харватыі. На турніры каманда заваявала сярэбраныя медалі, саступіўшы ў фінале Францыі з лікам 2:4. Гэты вынік стаў найлепшым у гісторыі харвацкай каманды. Модрыч быў прызнаны лепшым гульцом турніру, а таксама прэтэндуе на званне футбаліста года па версіі ФІФА.

Модрыч стаў не першым футбалістам «Рэала», асуджаным за ўхіленне ад падаткаў.

Раней ўмоўныя тэрміны за аналагічныя правіны атрымлівалі Крышціяну Раналду і Марсэла. У 2017 годзе вінаватым у нявыплаце падаткаў быў таксама прызнаны форвард «Барселоны» Ліянэль Месі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру