Выведзены лічбавы эквівалент беларуска-расейскага сяброўства. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Канцлер Сідорскі падкінуў Фрадкову страшэнную інфармацыю: калі цана куба газу стане 150 баксаў, беларуска-расейскаму братэрству – кранты.

Калі гэта сапраўды так і мы экстрапалюем усю гаму эмацыйных пачуцьцяў на цэны, можна вывесьці ўмоўную адзінку прывабнасьці расейцаў у вачах беларусаў – даляракубамэтар. Прасьцей кажучы: чым болей трэба плаціць за блакітнае паліва, тым мы больш ненавідзім расейцаў. І наадварот.

З аднаго боку, гэта супэрпрарыў у сусьветнай гістарыяграфіі – выведзены лічбавы эквівалент беларуска-расейскага каханьня. Цяпер гісторыкам будзе прасьцей ацэньваць эпізоды беларуска-расейскіх адносінаў. Напрыклад, Аршанская бітва – узровень сяброўства 250 баксаў за куб, пабудова камбінату «Азот» – 12 баксаў за куб і г.д.

Аднак адкрыцьцё Сідорскага выглядае не такім ужо і бяскрыўдным. Выходзіць, расейцы могуць лёгка маніпуляваць намі. Напрыклад, напярэдадні нейкага адказнага матчу па хакеі паміж зборнымі РФ і РБ, Мілер скідае кошт за пастаўкі газу да 5 баксаў. Натуральна, у беларускіх хакеістаў у галовах клініць і, замест таго каб смачна прыпячатаць суперніка, наш абаронца пачынае яго цалаваць са сьлязамі на вачах – «сябра, братка, славянін!».

Аднак самае страшнае, калі вэнтыль «Газпрому» акажацца ў руках шызіка. Ён жа можа проста загнаць нас у эмацыйны ступар! Зранку прачынаесься – кошт за газ 25 баксаў. Супэрнастрой. Жаданьне бегчы да маскоўскага цягніка з букетам ружаў. Толькі выйшаў з дому – па эфэму інфа: «Газпром» падняў цэны да 300 баксаў. У душы ўсё кіпіць: хапаеш сякеру і з крыкам «Біце ў сэрцы іх, біце мячамі!» ляціш да расейскага пасольства. Толькі ўздымаеш – цана падае да ста пяцідзесяці... Натуральна, такія эмацыйныя пераскокі адбіваюцца на дэмаграфічнай сытуацыі і пасяўной. За тры дні такога экспэрымэнту Беларусь ператворыца ў край нэўротыкаў...

І пакутаваць нам яшчэ, сябры, досыць доўга. Па падліках вучоных, газу на Зямлі засталося яшчэ на 150 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0