Стаўкі для незалежнага грамадзтва сёньня высокія - лукашэнкаўцы распачалі рэформы. Камэнтуе Андрэй Павач.

Я гляджу на сытуацыю ў нашым грамадзтве аптымістычна. Мы перажылі выключна цяжкія часы татальнага непрызнаньня нацыянальных каштоўнасьцяў, іх вынішчэньня, але працягвалі існаваць.

Зачапіўшыся пасьля 1995 году літаральна на ўскрайку прорвы, мы ў духоўным сэнсе не здалі ніводнай нашай пазыцыі.
Мы штогод упарта зьбіраемся 25 Сакавіка, ушаноўваем Дзяды і магілы нашых герояў, упарта даказваем уладам сваё права на ўнутраную аўтаномію. Адным словам, мы ёсьць і нам ёсьць ад чаго адштурхнуцца, ёсьць што прапанаваць дзяржаве. З іроніяй цяпер успамінаюцца спробы некаторых нашых палітыкаў дэмакратызаваць Беларусь з дапамогай Расеі, грамадзтву якой, як выявілася, куды далей да дэмакратыі і ўсьведамленьня сваёй нацыянальнай ідэі, чым беларускаму.

Яшчэ Алексіс дэ Таквіль у сваёй працы «Стары лад і рэвалюцыя» сьцьвердзіў, што рэвалюцыя заўсёды прыходзіць тады, калі ўлады крышачку, бы так мовіць, «адпускаюць лейцы». Што прымушае ўладу рабіць спробы выпусьціць пару з грамадзкага катла - іншая справа, аднак рацыі француза не прызнаць нельга: рэвалюцыі, і ў Францыі XVIII-га, і ў Расеі ХХ-га, і ва Ўкраіне ХХІ-га стагодзьдзяў былі рэакцыяй грамадзтва, якое ўжо адчула смак пэўнай свабоды, на спробу зноў закруціць гайкі.

Ня буду спрачацца, да якой ступені гатовыя «дэмакратызавацца» і тым больш «абеларушвацца» цяперашнія ўлады, аднак дзьве рэчы пэўныя. Па-першае -- спробы стварыць хаця б для замежжа карціну незалежніцтва цяперашніх уладаў будуць мець месца. Па-другое, будуць да апошняга трымаць усе «дэмакратызацыйныя» працэсы пад кантролем.

Яскравы доказ першага - чуткі пра скачок Паўла Латушкі з пасады пасла ў Польшчы ў Адміністрацыю А.Лукашэнкі. Колішняму беларускамоўнаму прэс-сакратару МЗС прыгатавана роля галоўнага прапагандыста «лукашызму ў нацыянальнай кашулі». Характэрна, што пайшлі і чуткі пра будучы перавод на беларускую мову паловы перадач тэлебачаньня.

Аднак ня плёткі мяне цікавяць. Спакою не дае іншае -

на што выявіцца здатным незалежнае беларускае грамадзтва, каб у спрыяльнай каньюнктуры вырваць для сябе значнае месца на грамадзкай і, магчыма, нават палітычнай арэне?
Сёньня гэта пытаньне нумар адзін. Апазыцыя расколатая, загразлая ў танным крытыканстве.

Сёньня патрэбны сапраўды ўсеграмадзкі сход, які скончыць нарэшце ідыёцкія сваркі і сфармулюе асноўныя патрабаваньні, якіх трэба дамагацца. Патрабаваньні гэтыя ясныя: свабода выданьня і распаўсюду незалежнай прэсы, дазвол на стварэньне і свабоднае функцыянаваньне грамадзкіх арганізацый і палітычных партый, вяртаньне ў школьную адукацыю беларускамоўнага навучаньня гісторыі…

Акрамя як згуртавацца, іншага выхаду ў апазыцыі няма.
Можна, вядома, хітравата пасьміхацца і ўпэўнена пераконваць найперш самых сябе ў тым, што хутка адліга скончыцца, а Эўропу чакае чарговы вялікі аблом, аднак падобная пазыцыя - гэта пазыцыя ня здатнага ні на што паўплываць назіральніка.

Стаўкі высокія. Лукашэнкаўцы распачалі рэформы. Яны спрабуюць стварыць бачнасьць існаваньня незалежнага ад уладаў «грамадзкага сэктару», які быццам падтрымлівае і радасна адабрае ўсе пачынаньні ўладаў. Адмоўчваючыся,

нічога ня робячы, мы можам страціць нават тое нямногае, што маем сёньня.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?