Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі Станіславам Засем і старшынёй Дзяржпагранкамітэта Анатолем Лапо агучыў інфармацыю пра затрыманне буйнога нелегальнага арсенала, паведамляе БелТА.
На сустрэчы, у прыватнасці, гаворка ішла аб магчымым павелічэнні колькасці памежнікаў і ўзмацненні працы па асобных кірунках. «Там, дзе трэба, мы гэта зробім. Мы прынялі рашэнне аб умацаванні мяжы з Украінай. Мы бачым, колькі адтуль ідзе сёння бяды для Беларусі, і ў тым ліку зброі перапраўляецца.
Мы павінны закрыць мяжу. Але не для прыстойных людзей, а для бандытаў, для тых, хто вязе зброю», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў інфармацыю, агучаную раней пры дакладзе міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. «Вось цяпер міністр дакладваў мне. Яны затрымалі чалавека, у якога арсенал: кулямёты, дзясятак аўтаматаў, два дзясяткі вінтовак, дзесяць тысяч патронаў і гэтак далей, і гэтак далей», — прывёў падрабязнасці кіраўнік дзяржавы.
«Калекцыянуюць? Так баявая ж уся зброя. Вось калекцыянеры … Адкуль усё гэта? Паглядзелі — у войску нашым усё на месцы. Завезлі. Таму прынята рашэнне ўстанавіць мяжу з Украінай. Патрэбна там колькасць — патрэбна. Давайце паглядзім. Але не кагалам — туды сотню, туды тысячу, а па адным чалавеку, куды трэба. Без усялякіх начальнікаў. Начальнікаў павінна быць па мінімуму», - дадаў Лукашэнка.