Фота МНС
24 верасня ў Беларусі цыклон «Фаб'ен» прынёс дажджы і моцныя парывы ветру да 21 м/с. Без здарэнняў не абышлося — некалькі машын былі пашкоджаныя з-за паваленых дрэваў, 488 населеных пунктаў было абясточана. Пра гэта паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу МНС.
Паводле аператыўных звестак з прычыны парываў ветру да 21 м/с пашкоджаны дах аднаго жылога дома і аднаго сельскагаспадарчага будынка. Ратавальнікі і іншыя службы 44 разы выязджалі на ліквідацыю наступстваў паваленых дрэваў. Былі зафіксаваныя 23 выпадкі падзення дрэў у Брэсцкай вобласці, у Гомельскай вобласці — 7 выпадкаў, у Магілёўскай вобласці — 13 выпадкаў і адзін факт падзення дрэва ў Мінскай вобласці. У выніку былі пашкоджаныя шэсць легкавых аўтамабіляў. Пацярпелых няма.
Фота МНС
Таксама па дадзеных ДВА «Белэнерга» на працягу сутак на тэрыторыі Беларусі перыядычна парушалася электразабеспячэнне 488 населеных пунктаў. Усе адключэнні былі аператыўна ліквідаваны.
Паводле інфармацыі Белгідрамета складаныя ўмовы надвор'я захаваюцца і сёння, 25 верасня.