З гледзішча агульнага патасу апублікаваны ў мінулым нумары «НН» артыкул Аляксандра Фядуты «Танк incognitus» («НН», №18) варты толькі ўхвалы. Аднак варта з засьцярогай паставіцца да прывядзеньня аўтарам у якасьці станоўчага прыкладу гісторыі пушкіністыкі ў СССР у 1950–1970-я г. мінулага стагодзьдзя.

Дык вось: я таксама трошкі знаёмы з гісторыяй. У артыкуле Фядуты няправільна паказана разьвіцьцё пушкіназнаўства.

З артыкулу «Танк incognitus» вынікае, што ў СССР у 1950–1970-я г. камэнтаваньне твораў расейскіх клясыкаў заваёўвала адну вяршыню за другой. Аўтар піша, што пасьля завяршэньня выданьня Вялікага акадэмічнага поўнага збору твораў Пушкіна пачалі выходзіць адмысловыя пушкіністычныя выданьні, Пушкінская камісія Акадэміі навук займалася «вяртаньнем страчанага» – камэнтаваньнем клясыка, у 1970-я Інстытут расейскай літаратуры АН СССР распрацаваў выразна лепшую схему выданьняў поўных збораў твораў расейскіх клясыкаў...

Праўду кажучы, у 1974–1978 г. у СССР выйшла чарговае выданьне ПЗТ Пушкіна. Зь іншага боку, сэрыйныя пушкіназнаўчыя выданьні існавалі задоўга да 1950-х г. Цікава тое, што не ва ўсіх разох выдаўцы Пушкіна 1970-х гг. імкнуліся належным чынам адкамэнтаваць творы свайго героя; у некаторых выпадках, наадварот, яны схавалі раней адкрытыя ісьціны.

Ідзецца найперш пра замежныя ўплывы на Пушкіна і пра так званыя «плягіяты» паэта.

Напрыклад, з камэнтароў у другім выданьні «Твораў» паэта 1938 г. да вершу «Паклёпнікам Расеі» можна было даведацца, што ў гэтым выпадку паэт далучыўся да афіцыёзнага гледзішча. Аляксандар Тургенеў лічыў погляды Пушкіна, выказаныя ў гэтым вершы, «барбарскімі», а Вяземскі называў верш «Паклёпнікам…» «шынельным», г.зн. лакейскім.

З нагоды паэмы «Руслан і Людміла» ў камэнтарох сьцьвярджалася, што яна мае «яскравыя адбіткі ўплыву» замежных фантастычных паэмаў, у першую чаргу «Арлеанскай нявіньніцы» Вальтэра, італьянскіх паэмаў Тасо і Арыёста.

У камэнтары з нагоды «Братоў-разбойнікаў» прыводзілася сьведчаньне самога паэта пра тое, што некаторыя вершы гэтага твору нагадваюць пераклад «Шыльёнскага вязьня» Байрана. Пушкін пакутаваў з гэтай нагоды і прызнаваўся: «Гэта няшчасьце для мяне».

«Бахчысарайскі фантан» – таксама ў пэўнай ступені пераймальніцкі твор, умоўная ўсходняя абстаноўка гарэму ў ім «запазычаная з усходніх паэмаў Байрана». «Граф Нулін» напісаны ў духу байранаўскай жартоўнай паэмы «Бэпа».

З пушкіназнаўчай літаратуры вядома, што ў перадсьмяротнай элегіі Ленскага ня толькі скамбінаваныя стылістычныя элемэнты некаторых францускіх і расейскіх элегіяў, але і ёсьць цалкам запазычаныя радкі: «Куда, куда вы удалились» (зь Перавозчыкава), «Весны моей златые дни» (зь Мілонава). Неарыгінальныя ў Пушкіна выразы «брат по музе», «славы блеск», «бешенство желаний», «служенье муз» – іх да яго ўжывалі Баратынскі, Бацюшкаў, Давыдаў, Жукоўскі.

Але найбольшыя сюрпрызы чакаюць чытача з нагоды гісторыі стварэньня аповесьці «Капітанская дачка». Тут на Пушкіна ўплываў В.Скот (на гэта зьвяртаў увагу ўжо Бялінскі, які сьцьвярджаў, што вобраз Савеліча быў навеяны расейскаму пісьменьніку вобразам Калеба зь «Лямэрмурскай нявесты» В.Скота). Яшчэ больш катэгарычна выказваліся з гэтай нагоды пазьнейшыя дасьледчыкі. Паглыбленыя дасьледаваньні, аднак, паказалі, што яшчэ больш шчодра Пушкін чэрпаў з «Мэмуараў графа Грамона» францускага аўтара Антуана Гамільтона. Савеліч, як сьцьвярджалі дасьледчыкі, быў надзелены цэлым шэрагам рысаў, уласьцівых Брынону з твору Гамільтона. Апісаная ў творы славутая (і, заўважым, некароткая) сытуацыя ў карчме «здаецца проста перанесенай Пушкіным у расейскі быт з заменай ліёнскай карчмы сімбірскай». У дадатак разьвіцьцё дзеяньня ў пушкінскай аповесьці неаднойчы супадае сваімі этапамі з разьвіцьцём дзеяньня ў рамане Віктора Гюго «Бюг Жаргаль».

Выглядае на тое, што Пушкін у некаторых сваіх – этапных для расейскай літаратуры – творах выступаў як таленавіты кампілятар матываў, тэмаў і сюжэтаў, запазычаных ім з заходнеэўрапейскай літаратуры.

Фактычна нешматлікія сьляды гэтай немалаважнай для разуменьня фэномэну Пушкіна тэмы можна знайсьці ў камэнтарох ПЗТ расейскага клясыка 1970-х г.

У камэнтары да паэмы «Руслан і Людміла» згадваецца, што Арміда – гэта чараўніца з паэмы Тасо «Вызвалены Ерусалім», але ў цэлым усяляк падкрэсьліваюцца расейскія крыніцы твору. З нагоды паэмы «Бахчысарайскі фантан» паведамляецца прызнаньне самога Пушкіна пра тое, што гэты твор «адгукаецца чытаньнем Байрана», і сьцьвярджаецца, што шэраг (несумненна, другарадных) дэталяў у апісаньні ўсходняга быту Пушкін запазычыў з «Абідоскай нявесты» Байрана. Да перадсьмяротнай элегіі Ленскага дадзены камэнтар пра тое, што ў ёй злучаны (ня больш як) «характэрныя матывы» рамантычнай элегіі 1820-х. А вось «Браты-разбойнікі» і «Капітанская дачка», паводле камэнтатараў 1970-х г., – гэта цалкам арыгінальныя творы, якія вырасьлі выключна з расейскай рэчаіснасьці. З камэнтароў да вершу «Паклёпнікам Расеі» была зьнята крытыка некаторымі сучасьнікамі гэтага вершу. Гэты ваяўнічы твор, у якім асуджаўся «кичливый лях» і згадваліся «волнения Литвы», стаў, такім чынам, «бездакорным». Абазначаная Пушкіным пэрспэктыва «слияния славянских ручьев в русском море» была занадта прывабнай, каб тут было варта згадваць нейкі нэгатыўны гістарычны кантэкст...

І гэта быў значны крок назад у параўнаньні з ранейшымі пушкіністычнымі дасьледаваньнямі.

Пытаньне камэнтаваньня выданьняў спадчыны ў Беларусі стаіць цяпер надзвычай востра – у тым ліку таму, што яно нярэдка выконваецца абы-як. Я ўдзячны Аляксандру Фядуту за магчымасьць выказаць нейкія «заўвагі на палях» з гэтай нагоды.

Сяргей Каруза, Менск