25.09.2018 / 15:11

Как художник с мировым именем Лёник Тарасевич пришел «да беларушчыны» 11

facebook.com/FundacjaVillaSokrates

Як малы зь беластоцкай вёскі, які выразаў з кары аленяў і мядзьведзяў, стаў сусьветна прызнаным мастаком, сьвядомым беларусам, акадэмічным прафэсарам у Варшаве, інтэлектуальнай зоркай беларускай Польшчы, расказвае Радыё Свабода.

Зь Лявонам (Лёнікам) Тарасэвічам — адным з найбольш вядомых сучасных мастакоў у Польшчы і Эўропе, мы знаёмыя з нашых студэнцкіх гадоў. Тады, на пачатку 1980-х у Варшаве, мы разам аб’ядноўвалі беларускае студэнцтва і выдавалі часопіс «Сустрэчы». Потым, вярнуўшыся на Беласточчыну, разам удзельнічалі ў наладжваньні беларускага палітычнага і культурнага жыцьця пасьля падзеньня камунізму. Наша доўгае знаёмства і шмат супольных перажываньняў, спадзяюся, тлумачаць стыль і тон гэтай доўгай размовы, якая адбылася ў Валілах на Беласточчыне 2 верасьня 2018.

Прафэсар, які «адвучвае ад мастацтва»

— Лёнік, у 2011 годзе прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі надаў табе тытул прафэсара выяўленчых мастацтваў (profesor sztuk plastycznych). У навуковым сьвеце ў Польшчы тытул прафэсара атрымліваюць людзі, якія раней атрымалі тытул доктара габілітаванага, то бок напісалі так званую габілітацыю. Як выглядае габілітацыйны працэс для мастака-жывапісца? Трэба пісаць нейкі тэкст? Ці хопіць паказаць свае карціны, каб атрымаць габілітацыю?

— Мусіць быць тэкст, напісаны табою пра мастацтва. Ну і потым рэцэнзэнты чытаюць свае рэцэнзіі. Найчасьцей рэцэнзіі датычаць як тэксту, які ты напісаў для атрыманьня габілітацыі, так і тваёй мастацкай творчасьці. І на канец адбываецца галасаваньне. У маім выпадку 12 рэцэнзэнтаў галасавалі за мяне, а 9 — супраць. Так што было тугавата.

Дарэчы, ты ня чуў пра такую кніжку: «Oduczyć sztuki. Metoda pedagogiczna Leona Tarasewicza na tle tradycji dydaktycznej Wydziału Malarstwa Akademii Sztuk Pięknych w Warszawie»? Гэта крытык мастацтва Якуб Банасяк выдаў у 2016 годзе — ён напісаў пра той час, калі я навучаў на факультэце жывапісу. Там ён піша пра ўвесь мой бой з факультэтам жывапісу Акадэміі, з усімі тымі, хто хацеў там ад мяне пазбыцца.

— Дык ты ў Акадэміі, паводле гэтага Банасяка, не вучыў жывапісу? Ён цьвердзіць, што ты адвучваў студэнтаў ад мастацтва?

— Не. Гэта, разумееш, такое «мужыцкае ў горадзе»: людзі, якія самі нічога ня робяць, але замацаваліся ў структуры Акадэміі, хочуць пазбыцца новага — гэта значыць, мяне, які ў тую структуру ўваходзіць, ня просячы іх дазволу. Гэта такі выдавецкі хорар, але там ёсьць і цікавыя зьвесткі, у спасылках шмат карыснай інфармацыі можна знайсьці. Я пра гэтую кніжку дазнаўся, калі яна ўжо была поўнасьцю напісаная. Аўтар даў мне яе пагартаць перад самай публікацыяй, каб я праверыў некаторыя фактаграфічныя рэчы. Я сышоў з катэдры жывапісу шэсьць гадоў таму і цяпер працую ў Майстэрні прасторы жывапісу Акадэміі.

— Як ты працуеш у Варшаве, жывучы пастаянна ў Валілах? Колькі часу ты праводзіш у Варшаве як акадэмічны супрацоўнік?

— Я дамовіўся такім чынам, што прыяжджаў у Акадэмію на сераду-чацьвер або на аўторак-сераду, ужо ня ўспомню, як дакладна было ў нейкім канкрэтным годзе, — але ў прынцыпе мне трэба было быць у Акадэміі цягам двух дзён на тыдзень. А цяпер я ў адпачынку. Ёсьць такое для выкладчыкаў: адпачынак для паляпшэньня здароўя. Так што ў гэтым акадэмічным годзе мяне ў Акадэміі ня будзе. А потым застануцца мне яшчэ гады тры да пэнсійнага ўзросту…

Прафэсар, які даў поўную свабоду

— З нашых студэнцкіх гадоў я помню твае расповеды пра ўлюбёнага прафэсара ў Акадэміі, Тадэвуша Дамініка, які вучыў цябе жывапісу. Былі там і калярытныя гісторыі пра эратычныя вечарынкі прафэсара са студэнткамі, але цяпер я хачу запытацца пра іншае… Дарэчы, ён яшчэ жыве, твой прафэсар?

— Не, памёр два гады таму. Я магу сказаць, што з прафэсарам Дамінікам у мяне былі сяброўскія адносіны, мы кантактавалі зь ім пасьля маёй вучобы ў Акадэміі ўвесь час, нярэдка сустракаліся на выставах ці нават ладзілі супольныя.

Пасьля першага курсу ў Акадэміі прафэсар Дамінік сказаў мне, каб я не прыходзіў на абавязковыя для студэнтаў заняткі маляваць усіх тых голых бабаў і гаршкі, але каб маляваў у сябе дома, тое, што сам захачу. Я тады здымаў кватэру ў Фаляніцы каля Варшавы. Прафэсар Дамінік час ад часу заяжджаў да мяне, глядзеў, што я там намаляваў, потым я вымаў з маразільніка бутэльку гарэлкі, мы сядалі за стол, гутарылі пра мастацтва, і я зноў браўся за маляваньне.

У выніку, калі пад канец акадэмічнага году я прыносіў свае працы ў Акадэмію на агульны агляд, студэнты са старэйшых курсаў прасілі мяне, каб я не прыносіў усяго, што я намаляваў. Таму што была вялікая дыспрапорцыя паміж колькасьцю палотнаў, якія я намаляваў дома, і тым, што ў Акадэміі намалявалі яны. І яшчэ іншае: некаторыя з тых працаў, якія я намаляваў у студэнцкія часы ў сябе дома, я ўвесь час не саромеюся паказваць на выставах па сёньняшні дзень.

— Ты ўжо тады маляваў у стылі, па якім сёньня распазнаюць палотны Тарасэвіча ў сьвеце?

— Я б не сказаў пра стыль, але некаторыя з маіх тагачасных, студэнцкіх палотнаў ужо ясна прадказвалі, чым я буду займацца ў будучыні.

— Пачакай, я ўсё ж не зразумеў тваёй дамовы з Дамінікам… Студэнтам жа трэба маляваць і жывых жанчын, і нейкі, прабач, мёртвы натурморт, бо гэта, як я думаю, ёсьць у праграме кожнай акадэміі жывапісу на сьвеце. У сваёй Фаляніцы табе ж таксама трэба было маляваць голых жанчын і талеркі з кубкамі… Ці не?

— Не… Гэта, разумееш, было тыповае для тагачаснай Польшчы. Як, дарэчы, і для цяперашняй. Пішацца адно, а робіцца іншае.

— Ну, ня веру! Дык табе прафэсар ніколі не казаў намаляваць ні каня, ні каровы?!

— Ніколі. Прафэсар Дамінік стараўся працаваць са студэнтамі так, каб кожны з нас індывідуальна кіраваў сваім мастакоўскім лёсам.

— Мне цікава, чым ты пераканаў прафэсара, каб ён табе дазволіў пасьля першага курсу пакіраваць сваім лёсам індывідуальна. Якія працы гэта былі — фігуральныя, абстрактныя?

— На першым курсе ўсім трэба было маляваць фігуральныя рэчы, і я гэта таксама рабіў. Але, як мне здаецца, прафэсар паступіў цалкам лягічна: ён убачыў, што я раблю намнога больш за іншых, і што мяне хіліць мацней за іншых у розныя, так сказаць, фармалізмы… А потым яшчэ былі пленэры, на якіх прафэсар убачыў, што я ахвотней, чым іншыя, пачынаю пазбывацца ў сваім жывапісе некаторых рэчаў, якімі нагрузілі мяне без патрэбы мастацкія школы.

Шэдэўральны ланцужок

— У мяне дома цяпер пад сотню альбомаў з рэпрадукцыямі сусьветнага жывапісу. І мне прыгадваецца адна рэч, якую ў нашы студэнцкія гады ты сказаў у Варшаве ў адносінах да сябе: я хачу мець сто альбомаў з каляровымі рэпрадукцыямі сусьветнага жывапісу, і каб пад ніводнай карцінай не было ніякага подпісу, ні назвы карціны, ні нават яе аўтара — яны, маўляў, толькі замінаюць успрыманьню чыстага жывапісу… Мяне тады жывапіс не цікавіў, і тым больш я ня думаў пра ніякія альбомы, але прайшло гадоў 30 з гакам, і я жывапісам моцна зацікавіўся. І паступова сабраў амаль 100 альбомаў. Што праўда, усе карціны ў іх з подпісамі. Сярод іх ёсьць альбом «Шэдэўры польскага жывапісу», а ў ім — рэпрадукцыі палотнаў ня толькі Тарасэвіча, але і Дамініка… Пашанцавала табе з прафэсарам, праўда?

— Тут крыху даўжэйшы і цікавейшы ланцужок… Прафэсарам Тарасэвіча быў Тадэвуш Дамінік; прафэсарам Дамініка быў Ян Цыбіс; прафэсарам Цыбіса быў Юзэф Панкевіч; а Панкевіч вучыўся ў Яна Матэйкі…

— Нічога сабе! І карціны ўсіх гэтых дзядзькоў, уключна з Тарасэвічам, значацца ў «Шэдэўрах польскага жывапісу»! А ты ж мне калісьці расказваў, што за першым разам табе не ўдалося здаць экзамэну ў Акадэмію, і цябе цапнулі ў войска на два гады…

— Так, я на экзамэне атрымаў 29 балаў, а прымалі ад 30. Я тады вярнуўся з Варшавы ў Валілы, спрабаваў зачапіцца на працы ў Доме культуры ў Гарадку, але мяне не прынялі. І 14 кастрычніка прыйшло запрашэньне ў армію. Усіх іншых бралі 1 кастрычніка, а мяне ўзялі на два тыдні пазьней — нехта, відаць, пабачыў у маіх паперах, што я здаваў у Акадэмію мастацтваў, і накіраваў мяне ў полк, дзе мяне чакаў занятак «візуальнага прапагандыста».

«Будаўнік сацыялістычнай Польшчы»

— Такім чынам у 1977 годзе я трапіў у Варшаву, у вайсковую частку Ўнутраных войскаў на вуліцы Жвіркі і Вігуры, пры якой таксама знаходзілася гэтак званая рэпрэзэнтацыйная рота Польскага войска — то бок тыя салдаты, якія ўдзельнічалі ў парадах падчас дзяржаўных сьвятаў і пры нагодзе візытаў у Варшаву нейкіх важных замежнікаў. У нашай частцы таксама адбываліся важныя афіцыйныя канфэрэнцыі Міністэрства нацыянальнай абароны і менш афіцыйныя вясельлі дзяцей розных шышак зь Міністэрства. Зразумела, пад кожную такую нагоду трэба было забясьпечваць «мастацкае аздабленьне» і розныя актуальныя лёзунгі, як унутры заляў, так і навонкі будынкаў. Я не змагу палічыць, колькі разоў мне даводзілася выпісваць вялікімі літарамі лёзунг: «Pod przewodem Partii, wspólnie z całym Narodem, rzetelną żołnierską służbą i pracą budujemy jutro socjalistycznej Polski».

— Наколькі я разумею тагачасныя адносіны ў войску, дык ты, як такі «вайсковы мастак», быў у даволі прывілеяванай сытуацыі. Дзяды, мабыць, баяліся крануць цябе…

— Можна так сказаць. Пасьля трохмесячнага пэрыяду агульнага вайсковага вышкаленьня, якое праходзілі ўсе маладыя салдаты, я застаўся ў гэтым школьным узводзе, разам са старымі салдатамі і сяржантамі. Яны спачатку не маглі пераварыць, што ня могуць пазьдзекавацца з маладога салдата — ну бо ён раз на тыдзень ходзіць да намесьніка камандзіра палка па палітычных справах, каб дамаўляцца наконт «візуальнай прапаганды». А ў камуністычныя часы палітрук у палку быў важнейшы за самога камандзіра…

Яны былі хітрыя, тыя мае камандзіры: яны «схавалі» мяне ў сваёй частцы — у ніякіх сьпісах я ня значыўся як салдат з мастацкімі здольнасьцямі, які здаваў экзамэны ў Акадэмію мастацтваў. Бо інакш дачуўся б пра мяне нейкі важны генэрал у Міністэрстве і забраў бы мяне з часткі, каб я маляваў партрэты ці то яму, ці то ягонай сям’і, ці то ягоным знаёмцам. А так — я працаваў, так сказаць, ананімна, дзеля яшчэ большай хвалы нашага палка. Прыкладам, я казаў маёру-палітруку, што патрабую 30 чалавек, каб павесіць такі ці сякі лёзунг або дэкарацыю, ён даваў сваё дабро, я званіў у адну роту ці другую, браў 30 хлопцаў, і мы ішлі працаваць дзеля лепшага заўтра нашай сацыялістычнай Айчыны. Хлопцы прыносілі дзьве скрынкі піва з крамы за агароджай казармаў, я рысаваў контуры літар, яны запаўнялі іх фарбамі… Я пільнаваў, каб яны ня толькі выпілі піва, але і выканалі сваю працу, бо вядома — у арміі салдат любіць перш за ўсё паспаць у цяньку, а не натужвацца…

Пасьля году службы я напісаў просьбу — быў такі закон у тагачасным войску, паводле якога я мог гэта зрабіць, — каб мне дазволілі зноў здаваць экзамэн у Акадэмію мастацтваў. Мне дазволілі, і я пайшоў здаваць яго ў вайсковым мундзіры. Здаў, але мусіў адслужыць яшчэ год, па поўнай праграме, перш чым пайсьці ў 1979-м вучыцца на жывапісца…

Калі знайшоў беларусаў?

— А калі табе захацелася заняцца беларускімі справамі?

— Пасьля заканчэньня першага курсу ў Акадэміі — дзе я спачатку адчуваў сябе ніякавата, бо там былі людзі выключна з Варшавы, і толькі я адзін з правінцыі — мне неяк засьвярбела душа і захацелася нечага яшчэ, нечага свайго. Я пайшоў у Інстытут мастацтва на вуліцы Доўгай, дзе трымаюць фанаграфічныя запісы народнага фальклёру. Аказалася, там маюць усё з цэлай Польшчы, але ня маюць нічога з нашай Беласточчыны — ад Аўгустава па Белавежу. Сястра тады неяк падказала мне, што ёсьць Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) у Польшчы, і яно мае свой клюб у Варшаве, на вуліцы Сэнатарскай. Я туды зайшоў, першае ўражаньне было даволі змрочнае — калі адчыняеш дзьверы, табе ў вочы кідаецца адразу нейкая такая тройка, намаляваная змрочнымі колерамі на сьцяне…

— Я помню гэтую фрэску. Недзе ў тым самым часе — магчыма, годам раней — і я заглянуў туды ўпершыню…

— Я ў клюбе БГКТ пагаварыў з чалавекам, які там дзяжурыў, і ён даў мне нумар тэлефону Юркі Туронка, беларускага гісторыка ў Варшаве. На першай сустрэчы з Туронкам мы добра пагаварылі пры бутэльцы гарэлкі, і я выйшаў ад яго зь «Вершалінскім раем» Аляксея Карпюка — раманам, у якім апісваюцца мае ваколіцы. І другая рэч — ён даў мне нейкі кантакт ці выхад на цябе. І мы тады сустрэліся з табою ўпершыню. Што было далей — ты ўжо знаеш…

Мог бы стаць і ткачом

— Давай вернемся да ранейшага часу, пра які я амаль нічога ня знаю. Раскажы крыху пра час, калі ты вучыўся ў Мастацкім ліцэі ў Супрасьлі.

— У мяне недзе захавалася выразка з газэты, дзе напісалі, што ёсьць, маўляў, такі хлопчык у Станцыі Валілы, які малюе і займаецца разьбою, і ён хоча ісьці вучыцца ў Мастацкі ліцэй у Супрасьлі…

— Гэта «Ніва» пра цябе напісала?

— Не, Gazeta Białostocka. І там быў здымак нейкіх аленяў, мядзьведзяў і ёлак на сьцяне — словам, таго, што падлетак можа выразаць з кары. Мой бацька шаўцаваў, і ў яго быў такі востры ножык… І сапраўды, я пайшоў у тую школу. Але зноў жа — ледзь даў рады туды пралезьці. Дарэчы, як і ў Акадэмію мастацтва у Варшаве — там я быў таксама адным з апошніх на экзамэне…

— Гэта ты кажаш пра той экзамэн, які ты здаваў у мундзіры?

— Так. У супраскім ліцэі менш здольных — тых, што паказалі горшы вынік на ўступным экзамэне — бралі на ткацтва, а лепшых — на сувэнірнае мастацтва (pamiątkarstwo)…

— Сувэніры?!

— Ну, там вучылі рабіць розныя рэчы з дрэва. Я, як горшы, папаў на ткацтва.

— Ах, а я думаў, што там таксама былі нейкія клясы маляваньня ці нечага такога…

— Малявалі там усе, але школа мела фармальна толькі дзьве спэцыяльнасьці: ткацтва і сувэнірнае мастацтва. Разумееш, хлопцу 15 гадоў, ён трапляе ў мастацкую школу, а яму кажуць перабіраць ніткі, ну, * * маць!.. Мы там страшэнна мучыліся, асабліва ў першай клясе. І вось так я там пратузаўся чатыры гады.

Але мяне выратоўвала адно. Пасьля восьмай клясы, перад ліцэем, я ўпершыню паехаў у Варшаву, да сястры, і там глытнуў іншага паветра. Пайшоў на выставы ў мастацкіх галерэях, пазнаёміўся з пэўнымі людзьмі, якія працавалі, скажам так, у мастацкіх колах. І я ім час ад часу давозіў нейкую сваю разьбу, яны яе прадавалі, і гэта мне давала свой грош. Я тады няблага падвучыўся працаваць у дрэве, выразаць розныя рэчы…

Прыгоды іканастасу ў Кленіках

— Вось паслухай, гэта табе будзе асабліва цікава. Я некалі зрабіў двух «сьвятых духаў» для іканастасу. Выразаў з дрэва двух галубоў, сымбаляў Сьвятога Духа, якія потым у іканастасе прымацоўваюць зьверху і пакрываюць золатам або срэбрам. І адзін з тых галубоў знаходзіцца ў іканастасе тваёй парафіяльнай царквы ў Кленіках. А другі «сьвяты дух» — у Заблудаве.

— Чаму ж ты раней не казаў мне пра гэта?! Напішам ва ўсіх даведніках па парафіі Кленікі, што маем свайго «тарасэвіча»!

— (Сьмяецца.) Так, маеце. З гэтым іканастасам у Кленіках была даволі цікавая гісторыя, бо калі мы з майстрам Янэкам завезьлі калёны для іканастасу і паставілі іх у царкве, бацюшка Высоцкі чамусьці не схацеў за іх заплаціць. Мы выйшлі за вёску, пачакалі, пакуль у царкве не пачнецца багаслужба, і тады Янэк увайшоў у царкву, узяў калёну з іканастасу і выйшаў, выклікаючы не абы-якую ўзрушанасьць прыхаджан. Пасьля гэтага бацюшка стаў больш згаворлівы і заплаціў…

— Гэта было калі, больш-менш?

— У 1980-м або 1981-м. Чаму іканастас у Кленіках рабілі якраз мы? Бо я быў з бацюшкам Высоцкім знаёмы раней. Раней ён быў сьвятаром у маёй парафіі ў Гарадку. Вось такі рамантызм маладосьці…

У Супрасьлі сьвет быў прасьцейшы

— Вяртаючыся да ліцэю ў Супрасьлі, я яго часам называю антымастацкім, бо я там насамрэч ніколі не займаўся мастацтвам. А тое, што я ўсё ж набыў нейкія мастацкія веды, было вынікам маіх пазаліцэйскіх заняткаў… Настаўнікі ў ліцэі нешта спрабавалі гаварыць нам пра мастацтва, але для іх мастацтва канчалася на ХІХ стагодзьдзі. Калі я апынуўся ў Акадэміі ў Варшаве, я зразумеў, што мне рэальна трэба як мінімум два гады, каб нагнаць варшаўскіх аднакурсьнікаў, што тычыцца агульных ведаў пра мастацтва.

— Я гэта добра разумею. Калі ў 1977 годзе я апынуўся, пасьля ліцэю ў Гайнаўцы, на факультэце фізыкі ў Варшаве — я перажыў падобны шок. Там былі мае аднакурсьнікі пасьля элітарных ліцэяў у сталіцы, дзе фізыцы вучыць прыходзілі малодшыя ўнівэрсытэцкія супрацоўнікі, тыя самыя, якія былі кандыдатамі навук і асыстэнтамі прафэсараў ці нават дацэнтамі на нашым факультэце. Мне здавалася, што я ніколі ня здолею запоўніць таго прагалу ў фізычна-матэматычных ведах, які аддзяляў мяне, правінцыяла, ад тых сталічных разумнікаў…

Слухай, Лёнік, мне цяпер прыйшло ў галаву такое пытаньне: А як да цябе ставіліся ў Супрасьлі і потым у Акадэміі ў Варшаве як да беларуса?

— Калі ў 1981-м я стаў патроху гаварыць пра сваю беларускасьць аднакурсьнікам у Акадэміі і спрабаваў што-нешта ім растлумачваць, яны, хутчэй за ўсё, не зразумелі, пра што я. Некаторыя думалі, што гэта такая мая прыхамаць, спроба будаваць свой імідж на нейкай экзотыцы, што гэта, прасьцей кажучы, неаўтэнтычнае.

А ў Супрасьлі сьвет дзяліўся проста: на праваслаўных і на католікаў. Праваслаўныя мелі тую перавагу над католікамі, што маглі вызваліцца ад заняткаў і на свае сьвяты, ня толькі каталіцкія. Помню, што адна сяброўка зь ліцэю, татарка-мусульманка, пра веравызнаньне якой я дазнаўся праз шмат гадоў пасьля заканчэньня ліцэю, пісалася ў школе праваслаўнай, каб мець вольныя ад заняткаў дні на праваслаўныя сьвяты…

Наша праблема была ў тым, што, нягледзячы на тое, што ў Гарадку быў даволі актыўны Дом культуры, пры якім існаваў беларускі хор, ніхто ня мог растлумачыць нам, падлеткам, што мы — не палякі, а беларусы, ня толькі на сцэне Дому культуры, але і ў штодзённым жыцьці. Нібыта гаварылася, што мы праваслаўныя, мы беларусы, але гэта неяк не пранікала на глыбейшы ўзровень. Я помню, як я быў зьдзіўлены, калі дазнаўся, што ў Гарадку ёсьць лекар, які гаворыць з пацыентамі па-беларуску… Навошта?

— Ты пра Юрку Геніюша, сына Ларысы Геніюш?

— Так. Калі я быў студэнтам і сустракаўся зь Юркам Геніюшам, усё ўжо было для мяне зразумела. Але ў школьныя гады, што значыла беларускасьць — я ня ведаў, і ніхто ня змог мне ўцямна растлумачыць.

Я ніколі не хадзіў на ўрокі літаратурнай беларускай мовы і фактычна ня ведаў яе. Таму мне такая важная была сустрэча зь Юркам Туронкам у Варшаве і тое, што ён падараваў мне «Вершалінскі рай» Карпюка, у якім апісваюцца месцы з нашай ваколіцы і нашы людзі. Спачатку я думаў, што кіну гэтую кніжку пасьля некалькіх старонак, але калі дайшоў да 17-й і зразумеў, што гэта кніжка пра маё, пра мой сьвет, я ня мог адарвацца ад яе. Калі кніжка скончылася, я ледзь ня плакаў, што не магу чытаць далей… Вось такая была роля кніжкі ў маім беларускім самаўсьведамленьні… У мае 23 гады! За гэты кніжны падарунак я выразаў Юрку Туронку Пагоню ў дрэве. Ну і так усё пачалося. Потым я сустрэў цябе, і мы пачалі рабіць, крок за крокам, тое што рабілі…

— Пра гэта, магчыма, таксама пагаворым, калі здужаем. Перадыхні крыху…

Размова ілюструецца рэпрадукцыямі карцін і фатаздымкамі мастацкіх інсталяцый Лявона Тарасэвіча, дасланых нашай рэдакцыі самім мастаком. Усім сваім працам мастак прынцыпова не дае назваў.

21
Ян / Ответить
25.09.2018 / 15:07
А хто сказаў што ён беларускі? Вызначылі па тым што ўмее па-беларуску?
0
алесь / Ответить
25.09.2018 / 15:10
А можна вызначаць сябе беларусам, гаварыць па-беларуску, але iм не быць?
0
Крывіч / Ответить
25.09.2018 / 15:39
Спадар Лёнік маладзец! Толькі пра экзатычных курэй варта яшчэ расказаць падрабязней пра агульныя  беларускія справы Лёніка, Сакрата, Хмялеўскага, Эроціча і іншых...
Показать все комментарии/ 11 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера