Маладую пару з Віцебска падазраюць у забойстве 28-гадовай жанчыны, цела якой знайшлі ў лесе ў Лёзненскім раёне. Як мяркуюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, злачынцы хацелі завалодаць кватэрай ахвяры. Падрабязнасці паведамляе міліцыя рэгіёна.

Інфармацыю пра забойства 24 верасня атрымаў участковы Кастрычніцкага РАУС Віцебска. Яна пацвердзілася: у яме пад паваленым дрэвам у лесе ў Лёзненскім раёне міліцыянты знайшлі труп 28-гадовай жыхаркі Віцебска з пашкоджаннямі ў вобласці галавы.

Да вечара таго ж дня міліцыя затрымала падазраваных у забойстве - 21-гадовага хлопца і 24-гадовую дзяўчыну, жыхароў абласнога цэнтра.

18 верасня пара гасцявала ў ахвяры. Падчас застолля хлопец і дзяўчына вырашылі завалодаць кватэрай гаспадыні. Маладыя людзі вывезлі жанчыну ў лес, некалькі разоў ударылі па галаве, а затым закапалі цела пад дрэва.

Судмедэксперты павінны даць заключэнне аб прычынах смерці жанчыны. Заведзена крымінальная справа па факце забойства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0