Кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня незарэгістраванай БХД Віталь Рымашэўскі, а таксама лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч выступілі з сумеснай заявай у падтрымку «Белсата». Гэткім чынам яны вырашылі адказаць «на кампанію ў сацыяльных сетках супраць тэлеканала».

«Заклікаю ўсе незалежныя палітычныя структуры і грамадскія арганізацыі Беларусі, усіх неабыякавых грамадзян краіны падтрымаць Белсат і абараніць яго ад нападак», — адзначыў Рымашэўскі.

Мы спыталі ў Юрася Губарэвіча і Мікалая Казлова, чым яны кіраваліся, калі падпісвалі гэту заяву.

Юрась Губарэвіч.

Юрась Губарэвіч.

«Белсат» — гэта адзіная крыніца атрымання незалежнай інфармацыі ў тэлевізійным фармаце. Тэлебачанне па-ранейшаму мае вялікі ўплыў на грамадзян нашай краіны. А «Белсат» выступаў тут не толькі супраць беларускай прапаганды, але і прасоўвання «рускага свету». Шуміха вакол тэлеканала не нясе ніякай карысці. Яна ўзнікла абсалютна на пустым месцы.

Мы назіраем спланаваную акцыю па дыскрэдытацыі «Белсата», а дэ-факта па яго знішчэнні. Калі «Белсат» закрыюць, то нікому карысці ад гэтага не будзе», — сказаў Губарэвіч.

Мы ўдакладнілі ў палітыка, хто ж тады спланаваў гэтую акцыю супраць «Белсата»?

«Мне цяжка казаць, кім гэта можа быць арганізавана. Але мы бачым, што ў сацыяльных сетках узнікаюць усё новыя і новыя допісы. Шмат хто з гэтых людзей ужо нават забыўся, з чаго ўсё пачыналася».

Выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў сказаў, што сітуацыя з Іванам Шылам «спрэчная», ён яе каментаваць не хацеў бы. «Белсат» сам разбярэцца», — упэўнены палітык.

Мікалай Казлоў. Фота svaboda.org.

Мікалай Казлоў. Фота svaboda.org.

«Падтрымаць тэлеканал — не маё рашэнне, а палітрады. «Белсат» — гэта важная крыніца інфармацыі ў тэлефармаце. Я ведаю, як у тым жа Нясвіжы збіраюцца разам пенсіянеры і інтэлігенцыя, каб паглядзець «Белсат». Калі тэлеканал загіне, то гэта створыць вакуум, які хутка запоўніць «рускі свет» і дзяржаўная прапаганда», — адзначыў Мікалай Казлоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?