25.09.2018 / 18:31

Дэпутатка Канапацкая прэзентавала ліберальныя змены ў Зямельны кодэкс 7

Апазыцыйная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая распрацавала законапраект, які зьмяншае ролю дзяржавы ў зямельных адносінах. Большасьць дзяржаўных органаў яго прадказальна не падтрымалі. Пазытыўны водгук даслаў толькі віцэ-прэм’ер Турчын, і то ў якасьці кіраўніка грамадзкай структуры, паведамляе «Радыё Свабода».

25 верасьня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая ўваходзіць у апазыцыйную Аб’яднаную грамадязнскую партыю, прэзэнтавала экспэртам і журналістам свой праект зьменаў і дапаўненьняў у «Кодэкс Рэспублікі Беларусі аб зямлі».

Падрыхтаваць зьмены ў «Кодэкс Рэспублікі Беларусі аб зямлі» Ганну Канапацкую падштурхнулі канфлікты з прычыны недасканаласьці зямельных правадачыненьняў паміж грамадзянамі, у прыватнасьці прадпрымальнікамі, і дзяржавай.

Законапраект Канапацкай накіраваны на лібэралізацыю зямельных правадачыненьняў. Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, ён «зьмяншае ролю дзяржавы ў зямельных адносінах, наколькі гэта магчыма».

Што прапануе Канапацкая

  • Зьліквідаваць абмежаваньні ў выкарыстаньні зямельных участкаў.
  • Скараціць падставы для іх канфіскацыі.
  • Зьліквідаваць няроўнасьць у правах розных землекарыстальнікаў пры ажыцьцяўленьні гаспадарчай і іншай дзейнасьці.
  • Не дапускаць пазасудовай канфіскацыі зямельнага ўчастку дзяржавай у землекарыстальніка.
  • Дазволіць дзяліць зямельны ўчастак.
  • Зьняць абмежаваньні на прызначэньне зямельнага ўчастку, якім можа валодаць грамадзянін на правах уласнасьці.
  • Скасаваць плату за права заключыць дамову арэнды.
  • Выкарыстоўваць маёмасныя падаткі і арэндную плату толькі на разьвіцьцё адпаведных тэрыторыяў.

Дзяржаўныя органы супраць

Кожны законапраект, паводле рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў, абавязкова суправаджаецца экспэртнымі заключэньнямі зацікаўленых органаў і службовых асобаў. Таму дэпутатка накіравала праект амаль у 30 адрасоў. І атрымала адказы.

Канапацкая расказала, што некаторыя зь іх былі анэкдатычнымі. Так, зь Менскага аблвыканкаму напісалі, што разглядаць яе прапановы ня будуць, бо «дэпутат Палаты прадстаўнікоў ня ёсьць суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы». Канапацкай давялося тлумачыць чыноўнікам, што яны памыляюцца, бо дэпутат парлямэнту акурат валодае такім правам. Тады, распавяла далей Канапацкая, прыйшоў другі адказ:

«У ім сваю памылку чыноўнікі прызналі. Але напісалі, што ня будуць рэцэнзаваць мой законапраект, бо атрымалі падобны дакумэнт з Дзяржаўнага камітэту маёмасьці. Гэта ж зноў нейкі абсурд! Дзяржаўны камітэт ня мае права заканадаўчай ініцыятывы. Такое права мае толькі Савет міністраў. Ну колькі ж можна блытацца?»

У іншых дзяржаўных установах падтрымкі Канапацкая таксама не атрымала. Так, паводле заключэньня Камітэту дзяржаўнага кантролю, прапановы дэпутаткі зробленыя ў інтарэсах землекарыстальнікаў і «пазбаўляюць дзяржаву важных мэханізмаў рэгуляваньня зямельных дачыненьняў».

Генэральная пракуратура лічыць захады Канапацкай «заўчаснымі», бо яны могуць прывесьці да «завуаляванага продажу зямельных участкаў».

Такі падыход Канапацкая патлумачыла тым, што ў чыноўнікаў «учорашняе мысьленьне».

Патрымаў віцэ-прэм’ер, але ад імя грамадзкай арганізацыі

Толькі кіраўнік Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва Аляксандар Турчын засьведчыў, што «Рада падтрымлівае шэраг ініцыятываў».

Канапацкая зьвярнула ўвагу, што адказ Турчына быў падпісаны 4 верасьня. На той час ён ужо працаваў першым намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі.

На 8 кастрычніка заплянаванае абмеркаваньне законапраекту з прадстаўнікамі бізнэсовых зьвязаў.

«Кодэкс Рэспублікі Беларусі аб зямлі» дзейнічае з 23 ліпеня 2008 году. Апошнія зьмены і дапаўненьні ў Зямельны кодэкс былі прынятыя ў 2015 годзе.

9
leikobel / Адказаць
25.09.2018 / 18:55
Так она и в аграрном деле специалист, оказывается? Срочно пусть колхоз возглавит и спасает его!
1
ВЛ / Адказаць
25.09.2018 / 19:14
Ага счас, столько дармоедов без "работы" останется- справки, бумажки, паперки, сами себя не на печатают+ за них же граждане плотют...
2
Фрэд / Адказаць
25.09.2018 / 19:40
Земля крестьянам заводы рабочим !эй крепкие хозяйственники скоро скоро!
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру