У МЗС Беларусі лічаць, што гатоўнасць Польшчы размясціць у сябе амерыканскую вайсковую базу прывядзе да ўзмацнення ваенна-палітычнай напружанасці і з'яўлення новых раздзяляльных ліній у рэгіёне. Пра гэта падчас брыфінгу заявіў прэс-сакратар замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз.

— Мы сочым за гэтай сітуацыяй і, зразумела, у залежнасці ад яе развіцця, будзем вымушаныя пэўным чынам адаптаваць нашы падыходы ў адпаведных абласцях. Наогул, мы перакананыя, што бяспека непадзельная, яна не можа быць дасягнута шляхам накачвання мускулаў. У свеце сучасных тэхналогій, у тым ліку ў ваеннай сферы, перацягванне на сваю тэрыторыю дадатковых замежных ваенных аб'ектаў і сіл — гульня з нулявым вынікам, — сказаў Глаз.

На думку МЗС, гэта толькі аслабляе бяспеку канкрэтнай дзяржавы і суседніх краін, спрыяе ўзмацненню ваенна-палітычнай напружанасці і з'яўленню новых раздзяляльных ліній. А падобныя крокі не змогуць умацаваць так неабходную зараз стабільнасць, прадказальнасць і транспарэнтнасць у нашым рэгіёне.

— Наадварот, сёння, як ніколі, запатрабавана аднаўленне ўзаемаразумення і даверу ў ваенна-палітычнай сферы, што ўключае элементы кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі. Таму менавіта на гэтым, а не на мілітарызацыі, варта засяродзіць намаганні. Беларусь да гэтага гатовая і ўсе нашы паслядоўныя крокі гэта пацвярджаюць, - заявіў прадстаўнік МЗС.

Нагадаем, падчас візіту ў Вашынгтон у аўторак, 18 верасня, польскі прэзідэнт Анджэй Дуда заявіў, што Польшча лічыць мэтазгодным размясціць на яе тэрыторыі пастаянную вайсковую базу ЗША. У размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам Дуда падкрэсліў, што гэта — адзіная гарантыя бяспекі яго краіны супраць расійскай агрэсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?