У мінулую суботу не стала Анатоля Капскага. Менеджара, які зрабіў БАТЭ гегемонам у беларускім футболе і пастаянным удзельнікам групавых раўндаў еўракубкаў. Бессэнсоўна адмаўляць уплыў гэтага чалавека і на ўвесь айчынны чэмпіянат увогуле, таму будзем назіраць, як вялікая страта адаб'ецца ў будучыні.

У наступным туры будзе першае беларускае «класіка» без Капскага, а таксама вочныя супрацьстаянні каманд з ніжняй паловы табліцы, якія сур'ёзна могуць усё пераблытаць у барацьбе за выжыванне.

Цяпер пра кожную гульню больш падрабязна.

«Прамень» — «Іслач»

У мінулым туры «Іслач» здолела перарваць дзве серыі: сваю серыю без перамог, якая цягнулася з чэрвеня, а таксама серыю Сяргея Ташуева, пад кіраўніцтвам якога «Шахцёр» яшчэ дагэтуль не прайграваў. А гэта 18 тураў, або 5 месяцаў у часавым эквіваленце. 

«Прамень» жа ледзь не выратаваў матч з мінскім «Дынама». Падначаленыя Біёнчыка адгуляліся з ліку 0:2, але не датрымалі і саступілі.

Лука Роткавіч адзначае свой першы гол за «Прамень». Фота Анатоля Рэдзіна

Лука Роткавіч адзначае свой першы гол за «Прамень». Фота Анатоля Рэдзіна

Цяжка прадказаць фаварыта матча. На паперы і ў раскладках букмекераў «Іслач» мае большыя шанцы на перамогу, але ў апошніх турах «Прамень» намацаў сваю гульню і без барацьбы саступаць намераў не мае. 

Прагноз «НН»: «Прамень» не саступіць.

«Мінск» — «Дняпро»

«Мінск» перамог у «Слуцка» і на сем балаў адарваўся ад зоны вылету. Станоўчы вынік наступнай гульні амаль на сто працэнтаў вырашыць пытанне па захаванні прапіскі ў вышэйшай лізе.

У «Дняпро» ўжо, здаецца, ніхто і не верыць. Ані новы трэнерскі штаб, ані новыя гульцы не паўплывалі на вынікі каманды, а магчымасцяў для выжывання становіцца ўсё менш.

Прагноз «НН»: перамога «Мінска».

«Шахцёр» — «Гарадзея»

«Шахцёр» ужо часткова рэабілітаваўся за бясслаўную паразу ад «Іслачы», выбіўшы ў сераду з Кубка Беларусі брэсцкае «Дынама». У серыі пенальці, але гуляючы большую частку гульні ўдзесяцёх.

Фота ФК «Шахцёр»

Фота ФК «Шахцёр»

Цяпер пытанне, ці хопіць часу аднавіць сілы да гульні з «Гарадзеяй», якая зноў пачала буксаваць — дзве паразы ў апошніх турах.

Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».

«Смалявічы» — «Тарпеда-Мінск»

Амаль усё, што было напісана вышэй у дачыненні да магілёўскага «Дняпра», падыходзіць і да мінскага «Тарпеда». Да ўсіх праблем дадалася і дыскваліфікацыя Барыса Цыганкова за грубы фол у гульні з БАТЭ. 

Дысцыплінарнае пакаранне можа чакаць і дырэктара клуба Андрэя Салангіна, які нібыта пагражаў фізічнай расправай арбітру гульні.

Усю эмацыйнасць прадстаўнікоў «Тарпеда» можна спісаць на хваляванні ад турнірных праблем, застаецца пажадаць накіраваць эмацыйны імпульс на поле. 

«Смалявічы» амаль вырашылі пытанні па захаванні месца ў вышэйшай лізе, і можна меркаваць, што каманда Бразевіча хутка пераключыцца на рэжым дагульвання.

Прагноз «НН»: перамога «Смалявічаў».

«Дынама-Брэст» — «Слуцк»

Пасля вылету з Кубка важнасць перамогі над «Віцебскам» у апошнім туры павысілася ў разы. Цяпер адзіны шанец «Дынама» пагуляць у наступным годзе ў еўракубках — чацвёртае месца ў вышэйшай лізе пры тым, што Кубак выйграе нехта з топ-3.

«Слуцк» значна ўскладніў сабе жыццё, прайграўшы «Мінску», і ў выпадку чарговай паразы можа аказацца наогул восьмым. Здавалася, што Шыкаўка — незаменны чалавек для каманды, але без флангавых паўабаронцаў Бабко і Кібука «Слуцк» нічога не здолеў паказаць. 

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск»

Шыкоўны аперытыў перад айчынным «класіка». 

«Віцебск» не прайграваў цэлы круг (а гэта 15 матчаў, калі забыліся) пасля майскай паразы ў Брэсце. І менавіта брэсцкае «Дынама» спыніла выдатную серыю хлопцаў Ясінскага.

Жодзінскае «Тарпеда» пакуль сёмае, але па страчаных балах займае пяты радок. Каб умоўнасці сталі рэальнасцю — трэба перамагаць і ў «Віцебска». Ёсць і матыў — помста за паразу ў першым коле і вылет з Кубка.

Прагноз «НН»: «Віцебск» не саступіць.

БАТЭ — «Дынама-Мінск»

БАТЭ на класе разабралася з мінскім «Тарпеда», забіўшы тры шыкоўныя мячы. Аляксей Бага адзначыў, што гэта самыя важныя тры балы за ўвесь час ягонай працы ў клубе, а, магчыма, і за ўсю гісторыю БАТЭ.

Фота Анатоля Рэдзіна

Фота Анатоля Рэдзіна

На чарзе — мінскае «Дынама», якое пасля відавочнага абнаўлення летам чаргуе абсалютна розныя вынікі. Няўдача ў «класіка» на фоне перамог супернікаў можа адкінуць каманду Гурэнкі на чацвёрты радок. Дынамаўцаў чакае хіба не самы важны матч у чэмпіянаце.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Нёман» — «Гомель»

Шасціматчавая зайздросная серыя «Гомеля» скончылася паразай у Жодзіне. За гэты час «бела-зялёныя» заскочылі з дна табліцы на дзявяты радок. У вышэйшую палову падняцца будзе амаль нерэальна, але пасля няўдалага першага кола выніковае месца ў дзясятцы можна лічыць задавальняючым.

«Нёман» пасля дзвюх перамог пралангіраваў кантракт Ігара Кавалевіча. Паглядзім, ці дадасць гэта ўпэўненасці камандзе.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2,5.

Калі захочаце схадзіць на футбол, не забудзьцеся сур'ёзна ўцяпліцца! Каб было яшчэ цікавей сачыць за футболам, зрабі стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?