Беларусі нявыгадна накіроўваць уласныя грузы ў латвійскі порт Ліепая, у адрозненне ад літоўскай Клайпеды, заявіў міністр камунікацый і транспарту Літвы Рокас Масюліс, паведамляе Delfi.
Фота: Delfi.
Ён адзначае, што Клайпедскі порт шмат інвестуе і стварае добрыя ўмовы для перакідвання грузаў кліентаў.
«З эканамічнага пункту гледжання ў беларусаў, на маю думку, няма прычын нешта мяняць. Бо мы шмат інвестуем, паляпшаем умовы ў сваім порце. Мы дастаткова добра разумеем грузавыя плыні, якога характару яны ідуць, стараемся абслугоўваць так, каб у іх не было жадання ісці іншым шляхам. Мы верым, што нашы ўмовы найлепшыя і шмат над гэтым працуем», — сказаў міністр.
Паводле яго слоў, праз Літву пераважна ідуць беларускія ўгнаенні і нафтапрадукты.
Ён прызнае, што канкурэнцыя Клайпеды з латвійскімі партамі заўсёды была вялікай і асабліва вырасла, калі скараціўся аб'ём расійскіх грузаў.