Стэнаграма нарады пра эфэктыўнасьць мераў па барацьбе зь неэфэктыўнымі нарадамі. Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Такім чынам, вынікі нарады выявілі, што сярод нашых кіраўнікоў пануе фармалізм. Хоць я дастаткова доўга чакаў, калі будуць выкананыя мае даручэньні па татальным выкараненьні з жыцьця нашага грамадзтва ліха, імя якому — неэфэктыўныя нарады па эфэктыўнасьці мераў барацьбы з чым бы там ні было, — усё застаецца як і раней. Нашая краіна займае высокую пазыцыю ў сусьветных рэйтынгах па ўзроўні эфэктыўнасьці правядзеньня нарадаў па эфэктыўнасьці мераў па барацьбе з чым бы там ні было і мы павінныя не дапусьціць адваротнага!

Мне ўвесь час дакладваюць: там затрымалі ўрача, які правёў дрэнную нараду па эфэктыўнасьці мераў па барацьбе з грыпам; там ідэоляг ЖЭСу арганізаваў слабую нараду па праблемах вывазу сьмецьця. Аднак ніводнага слова ня кажуць пра асобаў з найвышэйшых эшалёнаў улады.

Хоць факты відавочныя. Колькі разоў я прасіў правесьці на рэспубліканскім узроўні добрую нараду наконт махінацыяў з кватэрамі? І што? Думаеце, вядучы, як Карабас‑Барабас, гнеўна круціў вачмі і кідаўся пагрозамі? Не! Усё прайшло ціха, пасядзелі, пакалякалі, як там БАТЭ згуляў, і разышліся. І гэта яшчэ ня ўсё! Цягам усёй нарады ні разу не прагучаў выраз: «І меры будуць прынятыя жастачайшыя». Людзі ж падумаюць, што ў нас урад нічым не займаецца!

Абсалютна запушчаная справа ў галіне мімікі і жэстыкуляцыі. Дзяржкантроль мяне пэрыядычна інфармуе, што некаторыя губэрнатары падчас нарадаў ня стукаюць па стале кулаком і ня робяць жудасных грымасаў! Не кажу ўжо пра тэмбр голасу. Ёсьць у нас чыноўнікі, якія на нарадах гавораць фальцэтам! Пра што тут можна казаць?

А кадравы пратэкцыянізм? Чаму падчас нарады пра эфэктыўнасьць мераў па барацьбе за нарыхтоўку кармоў кіраўнік абласной вэртыкалі не наехаў на свайго зама? Бо гэта ягоны швагер у чацьвертай стрэчы, як дакладае Дзяржкантроль. Галоўнае — пакрыць сваіх!

Але ня выйдзе! Таму генпракурору загад — прымусіць усіх чыноўнікаў прайсьці акторскія курсы, абнавіць лексыкон фразамі кшталту «па сьценцы ўсіх размажу, галовы палятуць, рогі паадшыбаю, калі плян праваліце». Тэрмін выкананьня — дзесяць дзён. Хачу падкрэсьліць — усе, хто думае, што гэтай нарадай усё абмяжуецца, жорстка памыляюцца. Я асабіста буду праглядаць выпускныя акторскія працы ўсіх кіраўнікоў аблвыканкамаў, і калі скажу «ня веру» — літасьці не чакайце.

Інакш стабільнасьць, якую мы будавалі гадамі, можа абрынуцца ў адначасьсе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?