03.10.2018 / 12:37

Олег Трусов: Пусть трасянка закрепит нашу независимость, а потом… 117

Почетный председатель ТБМ, и.о. ректора Университета имени Нила Гилевича Олег Трусов отвечает на статью Михася Скоблы в «Народной Воле».

Алег Трусаў.

Міхась Скобла. Фота Змітра Лупача, Westki.info

Харошы дзядзька Міхась Скобла.

Разумны, прыгожы, дасціпны, вершы піша, у розных газетах друкуецца, падабаецца жанчынам і дзецям. Нядаўна ў «Народнай Волі» (гл. № 76 ад 25 верасня) чарговы артыкул напісаў, аж цэлых 100 радкоў і назву цікавую прыдумаў «Шашаль мовы — трасянка». Палымяны публіцыст сп. Міхась выступіў у абарону роднай мовы ў яе найчысцейшым варыянце, праўда, не сказаўшы, які з існуючых яе варыянтаў яму даспадобы, «тарашкевіца» ці «наркамаўка». Прамаўчаў і пра ўлюбёны алфавіт, бо іх у нас два — «кірыліца» і «лацінка».

Прааналізаваўшы мову артыкула сп. Скоблы, сціпла назавём яе «скаблянка», тым больш што «трусянка» ўжо ёсць. Спадзяюся, што ў яго пярэчанняў з гэтай нагоды не будзе. Шырокае кола носьбітаў «трасянкі» абмаляваў «народаволец» дзядзька Міхась. Гэта экскурсаводы розных музеяў, аўтары прыдарожных шыльдаў, вядомыя спевакі і гумарысты і асабліва маладыя паэты. Трапіў у гэты ганаровы шэраг і я. Праўда, песні і вершы я не пішу, і спеўнага таленту не маю, але — былы старшыня ТБМ і, самае галоўнае, амаль рэктар і «цяперашні арганізатар Нацыянальнага ўніверсітэта».

Можа, тут якраз і «закапаны сабака», бо хто толькі зараз на мяне не нападае з нагоды заснавання і дзейнасці ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. Вось і Міхась Скобла далучыўся да такіх дзяржаўных выданняў як «СБ» і «Лідская газета», незалежнага сайта ЗБС «Бацькаўшчына», выпускнікоў ЕГУ і іншых змагароў за «дэмакратыю і справядлівасць».

Але з гісторыяй у сп. Міхася ёсць крыху праблемаў. Так ён піша, што трасянка «далася беларусам у знакі яшчэ на самым пачатку сталінскага тэрору». Не, шаноўны сп. Скобла, з'явілася яна ў нас значна раней, яшчэ ў 17 ст., у часы Рэчы Паспалітай і была яна польска-беларускай, прычым ахапіла спярша нашых магнатаў і шляхту. Дастаткова прыгадаць знакамітую «Прамову Мялешкі».

Але размаўляючы па-польску, наша эліта пра трасянку не забывалася, за што ёй вялікі дзякуй. Напрыклад, наш зямляк Адам Міцкевіч уключыў у свае творы столькі беларускіх слоў, што палякі зараз цэлыя дысертацыі пішуць на гэтую тэму, накшталт «Беларусізмы ў творах Адама Міцкевіча».

Ды і наш класік Янка Купала трасянкі не цураўся, прычым карыстаўся яе двума варыянтамі, як польска-беларускім, так і беларуска-рускім. Дарэчы, і свае першыя вершы спрабаваў пісаць па-польску.

У савецкія часы беларуская трасянка жорстка выкаранялася, асабліва ў войску. Дастаткова вясковаму беларусу сказаць некалькі родных слоўцаў, альбо прамаўляць рускія словы на свой капыл, адразу чуліся кпіны і здзекі з боку «таварышчаў афіцэраў».

Таму трасянка ў нас зараз не шашаль, а апошні бастыён абароны перад шалёным наступам «русского мира».

Напрыклад, прыедзе ў Маскву вядомы нам усім беларус, прачытае па паперцы прамову на «великом и могучем», а потым адкладзе яе ўбок і скажа толькі адно слова «гвалт» і ўсё, ён ужо не «рускі са знакам якасці».

Вялікую ролю носьбіты трасянкі, а гэта большасць насельніцтва Беларусі, могуць адыграць у наступным годзе, падчас чарговага Перапісу насельніцтва.

Я заклікаю ўсіх, хто яшчэ не перайшоў канчаткова на літаратурную мову суседняй дзяржавы, ва ўсіх графах падпіснога ліста пісаць толькі адну мову — беларускую.

Хай трасянка замацуе нашу незалежнасць, а потым, калі па-беларуску загаворыць наша ўлада, можна спакойна, без вялікага ўціску і гвалту засвоіць і «скаблянку».

6
Генэрал Клопат / Ответить
29.09.2018 / 00:21
Ня буду ўлазіць у дыскусію паміж гэтымі знаўцамі, але параю ўсім хто хоча пачуць НАТУРАЛЬНУЮ беларускую мову паслухаць менавіта паважанага сп. Міхася. Я ня чуў у ніводнага з сучасных публічных асобаў такой цудоўнай і несапсаванай прыроднай фанэтыкі як у яго. Дарэчы, на сайце Радыё Свабода процьма запісаў ягоных літаратурных перадачаў - слухайце самі ды райце іншым. Я асабіста сп. Міхася ня ведаю, але зусім не зьдзіўлюся, калі даведаюся, што ён па-расейску ня надта добра размаўляе.
9
Джоннi / Ответить
29.09.2018 / 01:38
Рамантык-аптымiст, Вы Алег!!! Нiчога потым ня будзе. Надпiсы на магiльных плiтах i шыльдах не зменяць на беларускамоўныя. А гэта сур'ёзны паказчык адносiн да мовы!!!! Гэта гiсторыя краiны.
34
Студэнты філфака БДУ / Ответить
29.09.2018 / 02:02
Які жах! Трэба ж заахвочваць людзей да вывучэння роднае мовы і гісторыі, прышчапляць ім культуру, а не заклікаць да крывадушша ў часе наступнага перапісу! Штораз дзіву даёмся ўсё болей, калі чытаем чарговыя плявузганні абаронцаў нацыяльных каштоўнасцяў ды годнасці. Як жа гэта ўсё абрыдла! Ці ў вас зусім клёку ў галаве не засталося? Гэй, абаронцы ўсяго роднага і не зусім! Ці чуеце вы нас?!

Відаць, стары зусім з глузду з'ехаў: гаварыць такія рэчы пра Купалаву мову. Пачнём з самога тэрміна. Першапачаткова «трасянкаю» нашы людзі называлі мову тых беларусаў, што намагаліся размаўляць па-расійску (не па-польску. — Заўв. студ.) — моваю высокіх кабінетаў Савецкай Беларусі, але, з вядомых прычын, атрымлівалася ў іх гэта кепска, асабліва ў фанетычным плане. Хіба Купала намагаўся размаўляць моваю ўсходняга суседа? Гм. Свяціла і неперавышаны мастак ад нашай літаратуры пісаў тою мовай, якою размаўляў змалку ён сам і ўсе наўкруг яго. І гэта была жывая неўнармаваная беларуская мова, ані ў якім разе не трасянка. Разам з Якубам Коласам яны стварылі літаратурную мову, за што наш народ мае дзякаваць ім да скону дзён. Таму і немажліва дапасаваць тэрмін «трасянка» да постаці нашага славутага песняра — гэта няславіць і бэсціць увесь беларускі народ, а перадусім самога аўтара такіх слоў. Дарэчы, тут вядзе рэй і неабазнанасць у моўным пытанні: варта ж размяжоўваць маўленне дыялектнае і змешанае, у тым ліку зважаючы і на гістарычныя акалічнасці. 

Цікава, а ці ведае шаноўны гісторык, якое думкі пра «беларуска-расійскі язык» трымаўся сам Ніл Сымонавіч Гілевіч — Народны паэт Беларусі, стваральнік і першы галава ТБМ, да ўсяго яго імем Трусаў назваў свой універсітэт? Мусіць, ён не ведае, таму мы маем напомніць:
«Я катэгарычна супраць трасянкі. Яна — пераходная ступень да поўнае ліквідацыі беларускай мовы. Спачатку, як у базарных баб, цераз адно слова — трасянка, а потым замест трасянкі — расійская мова. Вось і ўсё. Трасянка — з'ява пачварная, іншай ацэнкі быць не можа. Той, хто думае іначай, проста памыляецца. А інтэлігентам беларускім у гэтым нельга памыляцца. Таму трэба вельмі крытычна ставіцца да трасянкі як з'явы. Я за доўгае жыццё пераканаўся — пачынаецца з трасянкі, а заканчваецца расійшчынай. Выняткі і тут могуць быць, але адзінкавыя.»

Чытаць прыкра ажно да слёз —  ніякавата апускаем позірк долу. Смяяцца тут? Кпіць і глуміцца? Сварыцца і лаяць? Ганьбаваць? Жаліцца? Куды? Дый каму? Дальбог, мо мы і пасмяяліся б. Адно калі б не было так горка на душы. 
Показать все комментарии/ 117 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера