Пачаўся чарговы суд над аднавайскоўцамі Аляксандра Коржыча — салдата, якога знайшлі год таму павешаным у Печах. У судзе Мінскага раёна пачаўся працэс над старшым лейтэнантам Паўлам Сукавенкам і прапаршчыкам Артурам Вірбалам. Іх вінавацяць у злоўжыванні ўладай, а гэта да 10 гадоў пазбаўлення волі. Старлей Сукавенка быў камандзірам роты, у якой служыў Коржыч. Прапаршчык Вірбал быў старшыной. Як і ў выпадку з «дзядамі» з вайсковай часткі, следства вырашыла, што няма падстаў разглядаць паводзіны Вірбалы і Сукавенкі як давядзенне да самагубства.

Артур Вірбал

Артур Вірбал

Затрымалі Паўла Сукавенку і Артура Вірбалу яшчэ ў кастрычніку 2017 года. Сукавенку неўзабаве звольнілі з войска.

Павел Сукавенка

Павел Сукавенка

У Вірбалы знайшлі банкаўскую картку салдата Аляксандра Коржыча. Прапаршчык тлумачыў, што нібыта пазычаў грошы ў салдата.

Цікава, што на працэсе прысутнічаюць сяржанты Бараноўскі, Вяжэвіч і Скуратовіч, якіх таксама судзяць па справе Коржыча. Толькі на гэтым працэсе яны праходзяць як пацярпелыя.

Агулам пацярпелых ад дзеянняў Вірбалы і Сукавенкі — сямёра вайскоўцаў. 

У пачатку пасяджэння пракурор агучыў абвінавачванне. Артур Вірбал прымушаў курсантаў адціскацца, такім чынам караў тых за беспарадак. За парушэнні дысцыпліны і карыстанне мабільнікамі прапаршчык біў сяржантаў і салдат: палкай па дупе, нагой па назе, рукой па плячы, палкай па спіне…

Пра банкаўскую картку Коржыча пракурор не ўзгадваў.

Старлея Паўла Сукавенку вінавацяць у тым, што ён, калі выдаваў грошы салдатам, трохі пакідаў сабе. Сумы адносна невялікія: 12 рублёў, 22 рублі… Але гэта нярэдка амаль палова ўсіх грошай, што налічваюцца салдату за месяц.

Таксама Сукавенка патрабаваў ад падначаленых набываць яму прадукты. Сяржант Бараноўскі набыў не менш за 100 пакуначкаў распушчальнай кавы для Сукавенкі. Іншыя набывалі для камандзіра тую ж каву «3 у 1», сасіскі ў цесце, печыва, цыгарэты… Само сабой, грошы за гэта Сукавенка не аддаваў.

Агулам матэрыяльных каштоўнасцяў Сукавенку аддалі на суму, не меншую за 245 рублёў. Акрамя таго, ён таксама прымушаў салдат і сяржантаў адціскацца ў якасці пакарання, біў іх кулаком і палкай.

Артур Вірбал прызнаў віну цалкам. Павел Сукавенка прызнаў віну часткова: маўляў, нагамі і палкай нікога не біў. З астатнімі абвінавачваннямі ён пагадзіўся.

Затым суд вырашыў выслухаць паказанні пацярпелых.

«Болю не адчуваў. Ну так, было трохі непрыемна», — узгадаў удар лейтэнанта сяржант Яўген Бараноўскі. Ён коратка пацвердзіў: ну так, прымушалі адціскацца, набываць каву. Ну так, мог атрымаць удар кулаком ці палкай. Карацей, ён пераносіў тое, што пасля і сам рабіў з салдатамі.

Але некаторых удараў, пра якія казаў пракурор, Бараноўскі не памятае. А адцісканні дыскамфорту ў яго не выклікалі.

«Не, мяне гэта не задавальняла, канечне. Але і выбару не было», — сказаў Бараноўскі.

Ён сказаў, што строга караць Сукавенку не варта. «Пажадана не пазбаўляць свабоды», — сказаў Бараноўскі, якога, хутчэй за ўсё, самога чакае пару гадоў калоніі за дзядуху. Абвінавачаны Артур Вірбал папрасіў Бараноўскага даць яму характарыстыку і расказаць, ці біў ён без прычыны.

«Прапаршчык Вірбал быў самы адказны ў роце. Сваю працу выконваў добра», — сказаў Бараноўскі. Таксама запэўніў, што без прычыны Вірбала ўдары не наносіў.

Чаму Бараноўскі распавёў пра паводзіны прапаршчыка, пацікавіўся сам Вірбала. 

«Калі б не пачалося гэта ўсё [смерць Коржыча і разбіральніцтва пасля — рэд.], я б нікому пра гэта не казаў», — адказаў Бараноўскі.

Пасля суддзя спытаў Бараноўскага, ці не было для яго прынізлівым тое збіццё і набыццё прадуктаў.

«Не лічу, што гэта было прынізліва. Не мы стварылі сістэму, не нам яе ламаць», — сказаў сяржант.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?