Згодна з вучэннем Царквы, ангельскiя сiлы падзяляюцца на iерархii i чыны. Усiх чыноў дзевяць: Серафiмы, Херувiмы, Прастолы (вышэйшыя чыны); Гасподства, Сiлы, Улады (сярэднiя чыны), Пачаткi, Архангелы, Анёлы (нiжэйшыя чыны). Над усiмi чынамi Госпадам Богам пастаўлены галоўным Архiстратыг Мiхаiл (з яўрэйск. — «хто як Бог»). Ён верны служка Боскi, якi здзейснiў шмат подзвiгаў у гонар Госпада.

Па царкоўным паданнi, Архiстрацiг Мiхаiл браў удзел у шматлiкiх старазапаветных падзеях, шмат цудаў здзейснiў на Русi. У гонар яго пабудавана шмат манастыроў, саборных, палацавых i пасадскiх храмаў. Святкаванне ў гонар Нябесных Сiлаў — бесцялесных iстот духоўнага свету, веснiкаў i выканальнiкаў волi Бога, i iх «кiраўнiка», Архiстратыга Мiхаiла, было прызначана Царквой на пачатку IV стагоддзя. Архангелу Мiхаiлу моляцца аб пазбаўленнi ад хваробаў, а таксама аб выратаваннi ад розных бедаў i смутку, на пачатку будаўнiцтва новай хаты i пры ўваходзе ў яе. Мiхайлаў дзень адзначаецца двойчы на год: 19 верасня i 21 лiстапада.

У народных уяўленнях святы Мiхаiл быў пераможцай нячыстай сiлы, дракона i ўсяго д’ябальскага, збавiцелем ад розных бедаў i нашэсцяў. Таму ў дзень яго ўшанавання наладжвалi вялiкае i вясёлае святкаванне: «I па вёсках пiры, i па хатах госцi».

У Беларусi святы Мiхаiл вядомы таксама як ахоўнiк ад грому. У гэты дзень iмкнулiся не працаваць: «Не трэба рабiць у гэты дзень, бо Мiхайла злы — дахi рве».

Наблiжаўся Пiлiпаўскi пост (з 28 лiстапада), таму святочны дзень на Мiхала называлi апошнiм святам года:
«Мiхайла — усiм святкам запiхайла, пасля Мiхайла ўжо няма святкаў да Раства».

У гэты дзень асаблiва ўшаноўвалiся людзi сталага веку:

унукi павiнны былi абавязкова наведаць сваiх бабуль i дзядуляў.

Каб на працягу года спрыяў поспех у ткацтве, ведалi, што да Мiхала трэба было саткаць «першыя» кросны, «другiя» — на святога Фiлiпа, «трэцiя» — да Мясаеда, «чацвёртыя» — на Вялiкi пост.

У гэты дзень жывёлу ўрэшце заганялi ў стойла — на зiмовы корм.

Таксама лiчылася, што з Мiхайлава дня мядзведзь — гаспадар лесу — кiруецца ў бярлогу на зiмовы адпачынак.

Шматлiкiя назiраннi за надвор’ем у гэты дзень насiлi самы супярэчлiвы характар. Гэтаму дню прыпiсвалi i Мiхайлаўскiя адлiгi, i Мiхайлаўскiя прымаразкi — кожны год па‑рознаму. Паўсюдна Мiхайлаў дзень лiчыцца пэўнай рубежнай датай — памiж восенню i зiмой.

Кузьма (14 лiстапада) закуе, а Мiхайла раскуе (будзе адлiга).

Якi Мiхаiл, такi i Мiкола Зiмовы.

Калi Мiхайла шлях парушыць — не чакай добрага надвор’я да Мiколы Зiмовага (19 снежня).

Мiхайла масты мосцiць. На Мiхаiла зiма не стаiць, не мёрзне.

З гэтага дня зiма «на ногi становiцца». З дня Мiхаiла Архiстрацiга зiма маразы куе.

На Мiхайлу раздарожжа — да зiмовага Мiколы шляху не будзе.

Калi Мiхайла ў снягу, то i пасха ў снягу, а як не, дык i не.

У пчаляроў былi свае назiраннi за надвор’ем: «Калi на Мiхайла‑Рахайла на сцёках лёд, то будзе ў пчалавода мёд».

Янка Крук, Аксана Катовіч, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0