Wikimedia Commons

Wikimedia Commons

Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру штогод становіцца чалавек ці арганізацыя, якія, на думку Нобелеўскага камітэта, зрабілі больш за іншых для дасягнення міру на планеце. Камітэт не раскрывае інфармацыю аб прэтэндэнтах на прэмію. Вядома толькі іх колькасць — сёлета на атрыманне ўзнагароды вылучаны 331 прэтэндэнт — 216 чалавек і 115 арганізацый.

Адгадаць найбольш імавернага кандыдата з улікам іх агульнай колькасці і непрадказальнасці Нобелеўскага камітэта вельмі складана, падкрэслівае Time. Тым не менш, скласці пэўны спіс магчыма, у тым ліку і з улікам звестак букмекерскіх кантор, якія прымаюць стаўкі на перамогу таго ці іншага прэтэндэнта

Галоўнымі прэтэндэнтамі ў спісе Time значацца ўдзельнікі дыялогу вакол лёсу Карэі — лідар КНДР Кім Чэн Ын, прэзідэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Лідары Поўначы і Поўдня прыклалі намаганні да таго, каб спыніць ядзерную гонку на паўвостраве і спыніць ядзерныя выпрабаванні, якія праводзяцца КНДР, адзначае Time. Гэта робіць іх відавочнымі фаварытамі ў спісе кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію. Тым не менш, камітэту будзе складана не браць пад увагу ацэнкі ААН наконт сітуацыі ў КНДР. Паводле звестак праваабаронцаў, у краіне працягваюцца масавыя парушэнні правоў чалавека.

Следам за кіраўнікамі Паўночнай і Паўднёвай Карэі стаіць яшчэ адзін удзельнік міжкарэйскага дыялогу — прэзідэнт ЗША. Увесну Дональд Трамп дамогся першай у гісторыі сустрэчы лідараў Злучаных Штатаў і КНДР, якая прайшла ў Сінгапуры. Найбуйнейшая брытанская букмекерская кантора Ladbrokes ацэньвае шанцы Трампа на перамогу як 5 да 2, адзначае Time.

Як менш імавернымі ацэньваюцца шанцы на атрыманне прэміі Карлесам Пучдэмонам. Ініцыятар рэферэндуму аб аддзяленні Каталоніі ад Іспаніі быў вымушаны пакінуць краіну ў сувязі з пераследам з боку ўладаў. Пасля гэтага ўвага да яго персоны знізілася. Тым не менш, яго шанцы на атрыманне прэміі Ladbrokes усё яшчэ ацэньвае ў 12 да 1. Сярод прэтэндэнтаў таксама названыя Папа Францішак (16 да 1) і блогер з Саудаўскай Аравіі Раіф Бадаві, які знаходзіцца ў зняволенні па абвінавачваннях у абразе ісламу. Сярод прэтэндэнтаў з ліку арганізацый Time найбольш імаверным атрымальнікам прэміі называе Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Гэтая структура раней ужо двойчы атрымлівала Нобелеўскую прэмію міру: ў 1954 i 1981 гадах.

У 2017 годзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру стала Міжнародная кампанія за ліквідацыю ядзернай зброі (ICAN).

У гэтым годзе абвяшчэнне лаўрэата прэміі адбудзецца 5 кастрычніка ў Осла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?