Інгушскі парламент зацвердзіў пагадненне аб мяжы з Чачнёй. З раніцы сотні нязгодных з гэтым рашэннем выйшлі на вуліцы і накіраваліся да народнага сходу рэспублікі. У сталіцы рэспублікі Магасе перакрытыя дарогі, інтэрнэт працуе з перабоямі.

За ратыфікацыю пагаднення аб мяжы прагаласавалі 17 дэпутатаў, паведаміў дарадца кіраўніка Інгушэціі Арцём Перахрыст. Трое былі супраць, астатнія ўстрымаліся. Усяго ў пасяджэнні прынялі ўдзел 25 дэпутатаў з 32. Чачэнскі парламент зацвердзіў пагадненне аднагалосна.

Мітынгоўцы адправілі да дэпутатаў парламенцёраў з просьбай забяспечыць удзел у пасяджэнні народнага сходу прадстаўнікоў грамадскасці ў колькасці 10 чалавек, распавёў адзін з удзельнікаў акцыі. Яны таксама запатрабавалі пасля галасавання паведаміць аб прынятым рашэнні.

Пасля гэтага да пратэстоўцаў выйшла дэлегацыя дэпутатаў у суправаджэнні супрацоўнікаў Расгвардыі. У гэты момант пачуліся стрэлы ў паветра, і байцы Расгварыі адвялі дэпутатаў назад ва ўрадавы квартал.

Відавочцы распавялі Бі-бі-сі, што да мітынгоўцаў выходзіў кіраўнік Інгушэціі Юнус-Бек Еўкураў, у яго бок паляцелі бутэлькі, пасля гэтага ахова адкрыла стральбу ў паветра.

Перахрыст сказаў, што пасля галасавання ў парламенце Еўкураў выйшаў да прысутных, каб пагаварыць. Але ў гэты момант, па яго словах, «нейкі правакатар з натоўпу» кінуў у натоўп бутэльку (ён мяркуе, што пластыкавую). Пасля гэтага «прагучалі два папераджальныя стрэлы», пацвердзіў факт стральбы дарадца кіраўніка Інгушэціі.

«Але гэта, вядома, былі не баявыя патроны», - падкрэсліў ён. Еўкураў жа працягнуў гаварыць з людзьмі і заклікаў усіх мірна разысціся, сфармаваўшы ініцыятыўную групу з 10 чалавек для кантакту з уладамі, паведаміў Перахрыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?