Сёньня беларускія каталікі бізантыйскага абраду сьвяткуюць Уваход у храм Найсьвяцейшай Багародзіцы. Гэта двунадзесятае сьвята, г.зн. адно з найважнейшых у літургічным календары Усходняй Царквы.

Сьвята Уваходу ў храм адкрывае вернікам пэўныя таямніцы з дзіцячага і дзявочага жыцьця Усячыстай Дзевы Марыі, пралівае сьвятло на яе бацькоў, яе выхаваньне ў сьвятыні і падрыхтоўку да найвышэйшай годнасьці: быць Маці Божага Сына.

Згодна з царкоўнымі апокрыфамі, бацькі Дзевы Марыі сьвятыя Якім і Ганна, будучы бязьдзетнымі, далі абяцаньне, што, калі ў іх зьявіцца дзіця, яны аддадуць яго на службу Богу ў храме Ерусаліма. Госпад Бог выслухаў іхнія малітвы і даў ім дачку. Калі ёй споўнілася тры гады, бацькі прывялі яе ў храм і аддалі ў рукі першасьвятара Захарыі, бацькі сьвятога Яна Хрысьціцеля. Насьвяцейшая Багародзіца перабывала ў храме шмат гадоў да таго як, стаўшы дарослай дзяўчынай, была заручана зь Сьвятым Язэпам.

Першыя згадкі пра сьвята Уваходу ў храм Найсьвяцейшай Багародзіцы ёсьць у пісьмовых крыніцах V стагоддзя, аднак агульнапрынятым яно стала ў IX стагоддзі. У сярэднявеччы Уваход у храм быў адной з улюбёных тэмаў у іконаграфіі.

Сёньня, як і раней, гэтае сьвята нагадвае вернікам пра важнасьць і надзвычайную патрэбу духоўных пакліканьняў да служэньня Богу ў сьвятарскім ці манаскім чыне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?