Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць у краіне ўласныя новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, а таксама асвойваць глыбокую мадэрнізацыю ўжо наяўнай. Адпаведныя заявы былі зробленыя на палігоне ў Івацэвіцкім раёне падчас агляду сучасных узораў такой зброі і тэхнікі, піша БелТА.

«Мы тут сабраліся не для таго, каб каму-небудзь пагражаць або разгарнуць нейкую піяраўшчыну. Гэта наша штодзённае жыццё», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што за апошнія гады ў незалежнай Беларусі давялося некалькі разоў мадэрнізаваць і прыстасоўваць Узброеныя Сілы да сучасных умоў. У тым ліку быў улічаны вопыт войнаў і лакальных канфліктаў у свеце, развіццё тэхнічных сродкаў.

«Была пастаўлена задача, каб мы прыступілі да распрацоўкі новых узораў зброі, патрэбных для абароны Беларусі. І паколькі стварэнне новага вельмі затратна і дорага, нам трэба было са старога зрабіць самае сучаснае, — адзначыў Лукашэнка.

— Для нашай Беларусі не танкі галоўнае, не самалёты, а спецыяльныя войскі. Мы павінны ў любым пункце Беларусі (калі нешта раптам адбудзецца) хутка з'явіцца, нанесці ўдар па бандытах і тых, хто асмеліцца да нас сунуцца, і сысці.

Гэта значыць хуткасць, манеўранасць. І пад гэтыя войскі — сілы спецыяльных аперацый і іншыя — мы павінны былі ствараць у тым ліку і новую зброю. Але толькі тую, якую трэба».

«Нам не патрэбныя авіяносцы, мы не будзем весці свае самалёты да чужых берагоў. Мы не збіраемся ваяваць за трыдзевяць зямель. Нам трэба абараніць Беларусь. І пад гэта трэба ствараць самую сучасную армію і адпаведнае ўзбраенне», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама растлумачыў, чаму была пастаўлена задача ствараць менавіта айчыннае ўзбраенне. «Не факт, што нам дапамогуць, калі раптам нешта здарыцца. Прыкладаў звышдастаткова. Мы бачым паводзіны некаторых тут саюзнікаў.

Ну, акрамя Расіі, напэўна, нам разлічваць няма на каго. І нават на Расію мы не можам на 100 адсоткаў спадзявацца. добра, сёння Пуцін і іншыя, ён разумее нас, я разумею яго. Мы разам неяк дзейнічаем (і то не заўсёды). А што будзе заўтра?

Таму трэба мець самую неабходную сваю зброю — стралковую, для мабільных войскаў тэхніку — тое, што мы можам ствараць. І мадэрнізаваць да сучаснага ўзроўню тую тэхніку, якая ў нас маецца», — сказаў ён.

«Самалёт для нас ужо не зброя. Любы самалёт на ўзлёце бачаць натаўцы. Збіць сёння самалёт, знішчыць ніякіх праблем няма. Яны могуць, і мы можам. Мы бачым за тысячу кіламетраў любы самалёт, які падымаецца на аэрадроме», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш ён адзначыў, што авіяцыя патрэбна для кантролю паветранай прасторы, своечасовага рэагавання. «Патрэбныя беспілотныя лятальныя апараты, высокадакладная зброя (мы яе стварылі — сваю ракету).

Калі камусьці захочацца з намі паваяваць, ён падумае, што ў акно атрымае гэтую ракету.

Ну і сілы спецыяльных аперацый трэба аснасціць так, каб яны маглі ваяваць на сваёй тэрыторыі, і калі нехта асмеліцца, значыць (мы не ўтойваем гэта), дыверсійныя групы нанясуць удар і на той тэрыторыі, з якой адбудзецца напад на Беларусь», — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што яго даручэнні па стварэнні новых узораў узбраення выконваюцца, і некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне пасля мерапрыемстваў, звязаных з эканомікай краіны, завяршэння сельгасработ, азнаёміцца з сучаснымі айчыннымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?