Памочнік прэзыдэнта па эканоміцы Сяргей Ткачоў заклікаў да разьвіцьця хатніх гаспадарак на вёсцы.

У артыкуле «Яшчэ раз да «Сумы вяршкоў і карэньчыкаў» ў газэце «Советская Белоруссія» Сяргей Ткачоў адзначае падзеньне вытворчасьці ў сялянскіх хатніх гаспадарках. Людзі перасталі трымаць сьвіней, няма больш кароваў у вёсках. У 2006 годзе ўрад прыняў Праграму разьвіцьця і падтрымкі асабістых хатніх гаспадарак грамадзянаў. А зрухаў няма, журыцца Ткачоў.

Ткачоў падмацоўвае словы лічбамі. Летась у агульным аб’ёме сельгаспрадукцыі ўдзельная вага прадукцыі, вырабленай у гаспадарках насельніцтва, склала 34,6%.

Пры гэтым, пачынаючы з 1992 г., назіраецца сталая тэндэнцыя скарачэньня колькасьці хатніх гаспадарак. За гэты пэрыяд іх колькасьць скарацілася на 19% — з 1.396 тыс. да 1.127 тыс.

Ткачоў дадае, што перад тварам глябальнага харчовага крызісу мусова паспрыяць разьвіцьцю хатніх гаспадарак. Ён прызнаў, што закупныя цэны на малако і мяса заніжаныя, робяць працу нявыгаднай. Ён таксама прызнае вялікія сацыяльныя праблемы на вёсцы — у прыватнасьці, п'янства.

Аднак мысьленьне Ткачова застаецца савецкім, рэгулятывісцкім: «Было б няправільна прымаць меры па заўчасным скарачэньні асабістых падсобных гаспадарак. Заўчаснае скарачэньне асабістых падсобных гаспадарак і адпаведныя рознага роду тэорыі наконт гэтага і практычна, і палітычна шкодныя», — піша ён. Адразу ўспамінаецца НЭП, галавакружэньне ад усьпехаў... і безнадзейная, дэградаваная вёска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?