05.10.2018 / 21:29

Японец з шызафрэніяй захварэў на рак. Яму перасадзілі касцявы мозг. Вылечылі і рак, і шызафрэнію 16

Японскія псіхіятры апісалі неймаверны выпадак: пацыента з шызафрэніяй удалося вылечыць цалкам выпадкова — шляхам перасадкі касцявога мозга.

Зрэшты, пасля таго, як яны апублікавалі гэтую гісторыю ў навуковым часопісе Frontiers in Psychiatry, высветлілася, што гэта далёка не адзіны такі выпадак.

Аўтарам артыкула сталі дасылаць лісты з апісаннем падобных гісторый цудоўнага вылячэння, калі пацыентаў атрымлівалася выпадкова вылечыць ад душэўнай хваробы — паралельна з лячэннем асноўнага захворвання.

І цяпер, праз год, навукоўцы, здаецца, зразумелі, як гэта адбываецца.

Псіхіятр Цуёсі Міяока дыягнаставаў у пацыента Н. паранаідальную шызафрэнію і прапісаў яму курс нейралептыкаў. Аднак лекі не дапамагалі — расстройства аказалася устойлівым да медыкаментаў.

Праз год стан пацыента пагоршыўся. Чарговае абследаванне паказала, што ў Н. востры лейкоз — адна з разнавіднасцей рака крыві. Каб выратаваць яму жыццё, была неабходная перасадка касцявога мозга.

Донар быў знойдзены, і трансплантацыя прайшла паспяхова. Аказалася, што ў яго знік як рак, так і шызафрэнія.

Спачатку лекары думалі, што гэта часовая з'ява і хвароба вернецца. Аднак прайшло ўжо некалькі гадоў, і доктар Міяока пацвярджае: пацыент не паказвае ніякіх прыкмет шызафрэніі, нягледзячы на тое, што больш не прымае таблеткі.

Перасадка касцявога мозга фактычна перазагружае імунную сістэму пацыента. Хіміятэрапія знішчае старыя лімфацыты, а новыя фармуюцца ўжо ў донарскім органе.

Вядома, нельга рабіць далёкія высновы толькі праз адзін выпадак, і цалкам імаверна, што Н. дапамаглі прэпараты, якія ён прымаў да і пасля аперацыі па трансплантацыі. Але само выздараўленне паказвае на тое, што яго псіхічны стан меў нейкую сувязь з імуннай сістэмай.

Гэта даволі неверагодная здагадка — у рэшце рэшт, што агульнага ў нашага імунітэту з мозгам? Аднак усё больш даследчыкаў прыходзяць да высновы, што падобная сувязь існуе.

Першыя назіранні ў гэтай галіне былі зроблены яшчэ больш за 100 гадоў таму. У канцы XIX стагоддзя лекары заўважылі: калі па псіхіятрычнай клініцы ідзе хваля прастуды ці грыпу, павышэнне тэмпературы выклікае паляпшэнне псіхічнага стану пацыентаў.

Аўстрыйскі доктар Юліус Вагнер-Яўрэг нават распрацаваў новы метад: ён заражаў псіхічных хворых малярыяй, каб у тых развілася моцная ліхаманка. Некаторыя пацыенты ў выніку памерлі, але шмат каго ўдалося вылечыць ад душэўнай хваробы. За сваё адкрыццё аўстрыец у 1927 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію па медыцыне.

Малярыйную тэрапію перасталі выкарыстоўваць у 1950-х гадах як занадта рызыкоўную. Аднак некалькі гадоў таму быў апісаны яшчэ адзін выпадак, калі псіхічна хворая жанчына выратавалася ад шызаафектыўнага расстройства, перахварэўшы заражэннем крыві, якое суправаджалася ліхаманкай.

Зрэшты, ёсць і адваротны выпадак. У Нідэрландах хвораму на лейкемію перасадзілі касцявы мозг ад брата, у якога была шызафрэнія. Пацыента атрымалася вылечыць ад раку — але ў яго таксама развілася шызафрэнія.

Падобныя выпадкі даволі рэдкія, але ў апошнія дзесяцігоддзі па ўсёй планеце іх набралася ўжо не менш за тузін. І навукоўцы актыўна вывучаюць ўзаемасувязь псіхічных захворванняў з імуннай сістэмай.

1
Ягор / Адказаць
05.10.2018 / 21:57
Як мы яшчэ мала ведаем
11
Арсень / Адказаць
05.10.2018 / 22:40
И аутизм,и шизофрения- все это аутоиммунные заболевания,значит,могут лечиться самим организмом
2
Атеист / Адказаць
05.10.2018 / 22:55
В здоровом теле здоровый мозг :-)
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру