Звыклы да поўнай даступнасьці алькаголю беларус будзе ў шоку, даведаўшыся, якія пакуты зазнае жыхар Скандынавіі, каб выпіць нечага мацнейшага. Жорсткія правілы ў паўночных краінах зьмяняюць агульную карціну вельмі павольна, але ніхто не зьбіраецца ад іх адмаўляцца, піша «Радыё Свабода».

Калі мы глядзім сёньня на багатую, камфортную і бясьпечную Скандынавію, то цяжка паверыць, што некалькі стагодзьдзяў таму алькаголь давёў гэтую частку Эўропы да мяжы дэгенэрацыі. Больш за 100 гадоў скандынаўскія палітыкі змагаюцца з алькагалізмам тымі захадамі, ад якіх катэгарычна адмаўляецца ўлада ў Беларусі.

Суворы клімат, шмат цёмных дзён, вялікія адлегласьці між паселішчамі і рэдказаселеныя вялікія абшары вякамі прымушалі скандынаваў шукаць суцяшэньня ў бутэльцы. У 1818 годзе швэдзкі прапаведнік Карл Рабэ пісаў, што гарэлка — гэта частка швэдзкага ляндшафту, што яна карысная для зьнясіленага працай чалавека, абавязковая для таго, хто «праз кепскае харчаваньне бульбаю з сольлю мусіць напружваць сілы, каб запэўніць беднае жыцьцё жонцы і дзецям». Вандроўнікі, якія ў XVII ст. траплялі ў Швэцыю, пісалі, што там п’юць і жанчыны, і дзеці. Гэта прывяло да таго, што ў XIX ст. Скандынавія пачала выміраць. У авангардзе барацьбы з алькагалізмам стала Швэцыя. Але яе суседзі з часам пайшлі значна далей.

Швэдзкі досьвед

У Швэцыі першае таварыства ўстрыманьня ад алькаголю было створанае яшчэ ў 1819 годзе. Ядром такіх арганізацыяў былі кансэрватыўныя мяшчане, лекары, грамадзкія дзеячы, скандынаўскія суфражысткі і рабочыя актывісты.

У сярэдзіне стагодзьдзя насельніцтва ў краіне прырастала ўсё менш. Скарачалася працягласьць жыцьця. Прычынай абвясьцілі п’янства. У 1860 годзе ў Швэцыі забаранілі гнаць самагонку.

Плякат на карысьць

Плякат на карысьць «сухога закону» у Швэцыі, 1922.

Ужо ў 1900 годзе палова дэпутатаў швэдзкага Рыксдагу былі абстынэнтамі. Праз адзінаццаць гадоў пачалі рыхтавацца да «сухога закону». Быў праведзены рэфэрэндум, на якім перамаглі «прыхільнікі» алькаголю. Але розьніца была мінімальная: 49,3% былі за сухі закон, а 50,7% супраць. Гэта сьведчыла, што грамадзтва хацела змагацца з алькагалізмам.

У выніку ў 1917 годзе ў Швэцыі ўвялі частковы сухі закон. Кожны дарослы швэд атрымаў так званы motbok, куды рабіўся запіс пасьля кожнага набыцьця алькаголю. Месячны ліміт складаў ад літра да чатырох — залежна ад узросту, матэрыяльнай і грамадзкай пазыцыі. А каб не было фальсыфікацыяў, продаж моцных напояў быў дазволены толькі дзяржаўнаму манапалісту — Systembolgatem. У 1955 годзе славутыя кніжачкі адмянілі, але і сёньня права прадаваць моцныя алькагольныя напоі мае выключна Systembolgatem. На ўсю краіну 400 крамаў.

Дзяржава як мага абмяжоўвае магчымасьці набыць алькаголь. Прадаваць моцныя напоі маладзейшым за 20 гадоў забаронена. Крамы Systembolgatem працуюць ад 10.00 да 18.00. У нядзелю і сьвяточны дні зачыненыя. У звычайных супэрмаркетах можна набыць толькі нізкапрацэнтны алькаголь.

Якія гэта дае вынікі? Сярэдні ўзровень спажываньня алькаголю ў Швэцыі — 9,2 літраў чыстага сьпірту на асобу ў год. У дасьледаваньні Ўсясьветнай арганізацыі здароўя ўлічваюцца грамадзяне, старэйшыя за 15 гадоў. У Беларусі гэты паказьнік на 2 літры большы (Беларусь з гэтым не пагаджаецца). Спажываньне моцнага алькаголю і піва ў Швэцыі ад канца 1970-х падае, расьце толькі статыстыка віна. Купіць яго можна з супэрмаркетах. Але цікава, што за 10 гадоў падтрымка вольнага продажу віна ў звычайных крамах зьменшылася ў Швэцыі на 20%.

Нягледзячы на даволі сярэдні эўрапейскі паказьнік спажываньня алькаголю, абмежаваньні на яго продаж усё яшчэ дзейнічаюць. Больш за тое, абстынэнты і сёньня складаюць больш за палову дэпутатаў парлямэнту. А гэта значыць, што ніякай радыкальнай лібэралізацыі рынку алькаголю неўзабаве ня будзе.

Бывае і горш. Нарвэгія

Крама з алькагольнымі напоямі ў Нарвэгіі

Крама з алькагольнымі напоямі ў Нарвэгіі.

Пра швэдзкую даступнасьць алькаголю маглі б толькі марыць нарвэжцы, якія часам любяць кульнуць чарку. Пра гэтыя схільнасьці яскрава сьведчыць швэдзкае мястэчка Стромстад на мяжы з Нарвэгіяй. У ім жыве ўсяго некалькі тысяч чалавек. Штогод там прадаецца 5,5 млн літраў алькаголю. Няцяжка здагадацца, хто там самы часты госьць. А ўсё таму, што нарвэская антыалькагольная палітыка адна з самых жорсткіх у Эўропе.

Ліцэнзіяй на продаж алькаголю, мацнейшага за 4,75 градусаў, валодае ўрад. Высокаградусныя напоі можна набыць толькі ў дзяржаўных крамах Vinmonopolet. Ва ўсёй Нарвэгіі такіх крамаў 300. Але і там процьма перашкодаў. Крамы адчыненыя ад панядзелку да пятніцы ад 10.00 да 18.00. У суботу да 15.00. У нядзелю Vinmonopolet зачыненыя зусім, а пра начны продаж няма нават гаворкі. Маладзейшаму за 20 год там не прададуць напой з больш чым 22 градусамі. Цэны там часам непасільныя нават для саміх нарвэжцаў. Піва (0,4 літра) каштуе каля 10 даляраў. Яно вольна прадаецца ў супэрмаркетах, але толькі да 20.00. У суботы — да 18.00. Калі ж нехта часта наведвае Vinmonopolet, то можа чакаць, што неўзабаве ў дзьверы пастукае прадстаўнік сацыяльнай службы з прапановаю дапамагчы ў праблеме. Інфармацыю пра наведваньне крамаў улады маюць з банкаўскіх картак, самай папулярнай формы аплаты ў краіне.

Піць у Нарвэгіі можна ў барах і рэстаранах, але нават у Осла яны зачыняюцца пераважна а 3.00. Зрэшты, вам і там могуць не наліць, калі прыкінуць на вока, што ўжо выпілі зашмат.

Каб пакаштаваць алькаголь, нарвэжцы езьдзяць у так званыя drikkeferie, падарожжы ў Швэцыю або Данію на паромах, дзе можна не плаціць мыта за алькаголь. Але колькі так можна наезьдзіцца? Нехта выкручваецца тым, што гоніць самагон дома. Але закуп вялікіх аб’ёмаў цукру можа прыцягнуць увагу ўладаў.

Рэкляма алькаголю ў СМІ Нарвэгіі цалкам забароненая. А сацыяльныя рэкляма заклікае паведамляць у паліцыю, калі дарослы купляе алькаголь непаўналетняму.

Адзінае выйсьце для турыста — завозіць алькаголь з сабою. Але і тут няпроста. У краіне існуць жорсткія нормы на ўвоз высакаградусных напояў.

Якія гэта дае вынікі? Спажываньне чыстага алькаголю ў Нарвэгіі падае ад 1980-х. Больш папулярнымі сталі віно і піва. У рэйтынгу WHO Нарвэгія ў канцы сьпісу. Спажываньне алькаголю ў Нарвэгіі адно з найменшых у Эўропе — 7,5 літра. Яшчэ раз нагадаем, у Беларусі гэта 11,2 літра.

Ісьляндыя. Асаблівы выпадак

Да 1989 году піва ў Ісьляндыі было забароненае. Сёньня яно абсалютны лідэр сярод алькагольных напояў на высьпе

Да 1989 году піва ў Ісьляндыі было забароненае. Сёньня яно абсалютны лідэр сярод алькагольных напояў на высьпе.

Ісьляндцы першымі сярод краінаў Скандынавіі ўвялі сухі закон. У 1908 годзе на высьпе адбыўся рэфэрэндум, а забарона спажываньня алькоголю набыла моц у 1915 годзе. Яна дзейнічала да 1933 году. Горш было зь півам. Да 1989 году яго спажываньне было цалкам забароненае.

Продажам алькаголю ў Ісьляндыі займаецца дзяржаўны манапаліст. Крамы Vínbúðin працуюць ад 11.00 да 18.00, але ня ўсе. Некаторыя ад 14.00 да 18:00, а некаторыя і ад 16.00 цягам дзьвюх гадзінаў. Па нядзелях гэтыя крамы зачыненыя.

Ісьляндцы п’юць рэдка, але грунтоўна. Цягам тыдня спажываньне мінімальнае, але ў пятніцу і суботы жыхары выспы кампэнсуюць увесь тыдзень.

Чым Ісьляндыя можа пахваліцца асабліва, дык гэта малым працэнтам спажываньня алькаголю сярод моладзі — 5%. Самі ісьляндцы зьязваюць гэта з «плянам Мілкмана». Група навукоўцаў на чале з Гарві Мілкманам распрацавала праграму сацыялізацыі моладзі на высьпе яшчэ ў пачатку 1990-х. Плян прадугледжваў павышэньне ўзроўню адносінаў маладых зь іхнымі бацькамі, а таксама папулярызацыю спорту. Дзецям да 16 гадоў забаранілі быць без нагляду бацькоў пасьля 22.00. За 10 гадоў колькасьць моладзі, якая праводзіла вольны час з бацькамі, вырасла ўдвая — да 46%. Настолькі ж, да 42%, вырасла і колькасьць дзяцей, якія пачалі займацца спортам.

Якія гэта дае вынікі? Як нарвэжцы і швэды, ісьляндцы п’юць менш, чым беларусы — 9,1 літра. Але розьніца не такая і вялікая. Спажываньне моцнага алькаголю, адрозна ад Беларусі, падае. Расьце затое спажываньне піва.

Фінляндыя. У вёсках дазволілі піць толькі 50 гадоў таму

У Фінляндыі поўная забарона спажываньня алькаголю была ўведзеная ў 1906 годзе. Але фактычна «сухі закон» пачаў працаваць у 1919-м, калі краіна стала незалежнай. Поўная забарона пацярпела фіяска. Кантрабанда алькаголю стала настолькі некантраляванай, што ў 1932 годзе фіны скасавалі «сухі закон».

Фіны кампэнсуюць унутраныя абмежаваньні паромнымі турамі па Балтыцы

Фіны кампэнсуюць унутраныя абмежаваньні паромнымі турамі па Балтыцы.

Але… гэта датычыла выключна гараджанаў. У вёсках забарона дзейнічала ажно да 1968 году. Тым ня менш і сёньня купіць алькаголь у Фінляндыі ня так проста, як у Беларусі. Усе напоі, мацнейшыя за 4,8 градуса, можна набыць толькі ў дзяржаўных пунктах продажу. Крамы з алькаголем працуюць ад 9.00 да 21.00. У нядзелю і сьвяты зачыненыя.

Якія гэта дае вынікі? Фінскі паказьнік — 10,7 літра. Гэта ўсё яшчэ менш, чым у Беларусі. Палову спажыванага мужчынамі алькаголю выпіваюць толькі 10% фінаў. Сярод жанчын да спажываньня алькаголю прызнаюцца ажно 90%. Гэта найвышэйшы паказьнік у Эўропе.

А што там у Даніі?

Сярод краінаў паўночнай Эўропы ў Даніі самы лібэральны рынак алькаголю і самы высокі вынік спажываньня алькаголю ў Скандынавіі (без уліку Фінляндыі, якая афіцыйна ня лічыццца скандынаўскай краінай). Больш за тое, данская моладзь спажывае найбольш алькаголю ва ўсім Эўразьвязе. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што піва і віно там можна набыць ад 16 гадоў. І піць гэтыя напоі дазволена практычна паўсюль.

Піўны ровар у Капэнгагене

Піўны ровар у Капэнгагене.

Некалькі гадоў таму дасьледаваньне паказала, што ў спажываньні алькаголю цягам апошніх 30 дзён прызналіся 76% дзяцей ва ўзросьце ад 15 да 16 гадоў. Папулярнасьць высакаградусных напояў данскія навукоўцы тлумачаць модай на алькаголь, якая дазваляе маладым людзям расслабіцца.

Але… маладыя данцы і так п’юць менш, чым раней. У 80-я гады дзевяць зь дзесяці падлетакаў ва ўзросьце 13 гадоў прызнаваліся, што пілі алькаголь. Але ў 90-я гады паказьнік пачаў падаць. Магчыма гэта зьвязана з сацыяльнымі кампаніямі тлумачэньня шкоды алькаголю і са зьменамі законаў. Асобам, маладзейшым за 18 гадоў, было забаронена прадаваць алькаголь, мацнейшы за 16,6 градусаў.

Якія гэта дае вынікі? Данцы за год выпіваюць па 10,4 літра алькагольных напояў. Як і ў астатніх паўночных краінах, падае спажываньне моцнага алькаголю і нават піва. Расьце спажываньне віна.

У краінах паўночнай Эўропы ўрады змагаюцца з жаданьнем людзей злоўжываць моцнымі напоямі шляхам нізкай даступнасьці і вельмі высокіх цэнаў. І гэта адбываецца незалежна ад ідэалягічнай афарбоўкі чарговых урадаў. Наступствам вельмі радыкальнага падыходу стала зьмена культуры піцьця. Абсалютна ва ўсіх паўночнаэўрапейскіх краінах падае спажываньне моцнага алькаголю на карысьць піва, а часьцей віна. Але нават зьмяніўшы звычкі сваіх грамадзянаў, гэтыя дзяржавы шмат гадоў не адмаўляюцца ад жорсткіх правілаў, якія ў Беларусі былі магчымыя толькі адну ноч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?