07.10.2018 / 22:46

Кіраўнік «Белнафтахіма» патлумачыў, чаму цэны на паліва павышаюць на 1 капейку 10

Старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў патлумачыў, чаму кошт паліва паэтапна павышаецца на адну капейку, а не радзей, але на больш істотныя сумы. «Мы прапагандуем перадусім палітыку стрыманасці. Штотыдзень вядзем маніторынг, ці не з'яўляецца трэнд росту коштаў на нафту ўсплёскам. Па сукупнасці параметраў выносім рашэнне аб наступным павышэнні (цаны на паліва)», — заявіў Андрэй Рыбакоў у эфіры АНТ.

Андрэй Рыбакоў удакладніў, што ў сабекошце паліва кошт нафты займае каля 80%. Паводле яго слоў, кошт нафты вырас з пачатку года на 40%, пры гэтым «адэкватнага павелічэння цэнаў на нафтапрадукты не адбывалася». «Адэкватнага, зыходзячы з усіх фактараў, у тым ліку курсу нацвалюты», — адзначыў кіраўнік «Белнафтахім».

Пры гэтым шматразовае павышэнне ў гэтым годзе кошту паліва на адну капейку толькі дазволіла ўтрымаць на адным узроўні суадносіны кошту нафты і нафтапрадуктаў, удакладніў Андрэй Рыбакоў.

Паводле яго слоў, у «Белнафтахіме» кожны тыдзень праводзяць маніторынг, «ці не з'яўляецца трэнд росту коштаў на нафту усплёскам». Пасля гэтага прымаецца рашэнне аб змене цэн на паліва.

Павышэнне коштаў на паліва на адну капейку дазваляе «адаптаваць спажыўцоў да росту», а таксама «дазваляе кантраляваць сітуацыю па росце, зыходзячы з магчымага вагання (коштаў на нафту)».

Андрэй Рыбакоў адзначыў, што продаж паліва на ўнутраным рынку «глыбока стратны», што не можа перакрыць ні экспарт, ні іншыя меры, якія прымаюцца на ўнутраным рынку.

Нагадаем, з 7 кастрычніка ў Беларусі зноў змяніліся рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва. Рознічныя кошты на дызельнае паліва і аўтамабільны бензін павялічыліся на 1 капейку. Зараз кошт 1 літра бензіну АІ-92-К5-Еўра складае 1 рубель 38 капеек, АІ-95-К5-Еўра — 1 рубель 46 капеек, АІ-98-К5-Еўра — 1 рубель 67 капеек, ДТ — 1 рубель 46 капеек.

Гэта дзевятнаццатае змяненне цэнаў на аўтамабільнае паліва ў гэтым годзе.

0
Janka / Адказаць
07.10.2018 / 23:01
Ці паніжалі яны кошт паліва пры паніжэнні цаны нафты?
0
Vera / Адказаць
08.10.2018 / 07:21
"Продаж паліва на ўнутраным рынку глыбока стратны". Что ни продаете нам все у вас глубоко убыточно. Где проблема?
21
Папа Саша / Адказаць
08.10.2018 / 07:32
Падымiце адразу на рубель, ды не дурыце галавы! Да таго ж, спадзяюся, што палова iржавых карчэй з дарог знiкне, амаль як у Маскве ужо заторы. З такiм танным палiвам i жук i жаба сабе дазваляюць мець ауто, а так не павiнна быць!!!
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру