З самымі рознымі пачуцьцямі мы назіралі, як з турмаў выходзілі палітвязьні, як рок-гурты з «чорнага сьпісу» пасьля нашумелага паходу ў адміністрацыю пакрысе асвойваліся на малых і вялікіх пляцоўках. Але вось і супрацоўнікі незалежных выданьняў прычакалі — у блізкай будучыні замаячыла вяртаньне ў шапікі «Белсаюздруку» «Нашай Нівы» і «Народнай волі».

Вяртаньне гэтае выклікае досыць асьцярожны аптымізм. Зразумела, што такая падзея ня можа не ўзрадаваць, бо каму ж ня хочацца працаваць у цывілізаваных умовах. Зь іншага боку, застаецца шэраг нявырашаных пытаньняў, сярод якіх, напрыклад, адсутнасьць цьвёрдых гарантыяў невяртаньня да падзеяў канца 2005 году.

Дзе-нідзе ўжо прагучалі паралелі з палітвязьнямі. Маўляў, незалежную прэсу выкарысталі, як Парсюкевіча з Казуліным. Прыклад Баразенкі яскрава сьведчыць пра слушнасьць такога параўнаньня. Вядома, толькі адданасьць тысяч чытачоў, распаўсюднікаў, уратавалі астраўцы незалежнай прэсы, а акцыі і лісты пратэсту былі фактарам, які ўплываў на ўлады, аднак цяперашнія саступкі Адміністрацыі прэзыдэнта былі выкліканыя найперш намаганьнямі звонку. Таму мусім выразна ўсьведамляць, што гэтак сама лёгка можам апынуцца там жа, дзе перабывалі апошнія тры гады.

На другі плян адышоў абноўлены закон аб СМІ, які пачне дзейнічаць менш чым праз два месяцы. Між іншым, менавіта ён па-ранейшаму ставіць пытаньні акрэдытацыі супрацоўнікаў замежных СМІ, доступу да афіцыйнай інфармацыі (прыгадайма сумна вядомы загад чыноўнікам не даваць камэнтароў без дазволу кіраўніцтва) ды іншыя.

І апошняе. Бадай, найбольш істотнае. У падпісны каталёг на 2006 год, як вядома, не патрапілі 17 незалежных газэтаў — як цэнтральных, так і рэгіянальных. Некаторыя зь іх, як напрыклад «Салідарнасць», з таго часу перасталі друкавацца. Як ні сумна тое гучыць, але мусім прызнаць, што ня маем дастаткова сілаў, каб дыктаваць свае ўмовы тым, хто так «нечакана» павярнуўся да нас тварам. Але ёсьць журналісцкая салідарнасьць, ды простая чалавечая годнасьць нарэшце, якія мусяць быць па-над жаданьнем заплюшчыць вочы дзеля самазахаваньня. Таму мы можам і мусім задаваць пытаньні. 15 газэтаў былі пазбаўленыя распаўсюду. Радыё «Свабода», «Рацыя» і «Эўрарадыё» не чуваць на ФМ у Беларусі. «Белсату» няма ў кабэльных сетках. «Наша Ніва» і «Народная воля» вернуцца ў шапікі? Цудоўна! А хто наступны?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?