14.10.2018 / 11:11

Чем мы не такие? Размышления над романами Алеся Аркуша 13

Піша Ганна Севярынец.

Я прапусціла той момант, калі з жанравай сістэмы беларускай літаратуры знікла аповесць. Водгулле нейкай дыскусіі пра тое, што, маўляў, у Еўропе няма жанру «аповесці», а ўсё, што большае за апавяданне, называецца «раманам», даносілася і да мяне, але засталося незразумелым, чаму ў выніку аповесць як жанр усё ж такі амаль знікла з беларускіх літаратурных даляглядаў. Няўжо таму толькі, што нам хочацца трапіць у жанравую сістэму еўрапейскай літаратуры — з аповесцю, маўляў, нас ніхто не прыме?

Такім чынам, я падступалася да апошніх раманаў Алеся Аркуша менавіта з гэтымі пытаннямі: чаму не аповесць і калі нас ужо прымуць.

Мы часцяком (насамрэч — ці не заўсёды?) падступаемся да чужых тэкстаў з дзіўнымі пытаннямі і нечаканымі мэтамі. Мне падавалася, я добра разумею, аб чым будзе пісаць Алесь Аркуш — я даўно заўважыла, што абрала для сябе ў мастацкай літаратуры тыя самыя сцежкі, якія многа раней пакрысе церабіў ён: папулярызацыя сучасных і тагачасных пісьменнікаў, гісторыя ў прызмах сям’і, архіўныя загадкі мінулага і штодзённасць як будучая архіўная загадка — праблемнае поле мастацкіх пошукаў у нас шмат у чым супадае. Таму і дазволіла сабе чытанне «офтопам» — не пра тое, пра што напісана, а пра тое, пра што хацелася пагутарыць.

Раманы, між тым, не даліся. І «Сядзібу», і «Спадчыну», як высветлілася, немагчыма прачытаць «офтоп». Спачатку ты — зусім нечакана — безумоўна будзеш уключаны ў сюжэт і паслухмяна пойдзеш аўтарскімі сцежкамі па раманных хітраспляценнях. Усе пытанні — потым.

Хітраспляценні Аркушовых раманаў — гэта не тое, што звычайна «хітрасплятаецца» ў раманах. Стандартнага сюжэта, які складаецца з завязкі, ланцужка падзеяў і развязкі, у абодвух творах — якраз на дзве аповесці. У цэнтры «Сядзібы» — расповед пра гаспадароў дома, у якім здараюцца містычныя выпадкі, «Спадчына» закручана вакол неймавернай гісторыі смалявіцкага партызана Шагойкі і пошукаў ягонага пасляваеннага схрону. Аднак побач з асноўным сюжэтам і ў «Сядзібе», і ў «Спадчыне» разгорнецца шчэ з дзясятак сюжэтаў, прапісаных і непрапісаных, працягнутых побач з асноўнай сцежкай — і дадзеных адной толькі красамоўнай дэталлю.

Я, пакуль чытала «Спадчыну», пракруціла ў галаве тры магчымыя паўнавартасныя раманы і чатыры аповесці з тых зернеў, што шчыра рассыпаны па тэксце Алесем Аркушам. І дзіўна, як ён трымае нітку асноўнага аповеду, як атрымліваецца ў яго не збочыць на іншую, здаецца, больш прывабную, насычаную перспектыўным «экшнам» дарогу. Майстэрскі вытрыманая, строга арганізаваная архітэктоніка абодвух раманаў, якая трымае ў межах, але ўвесь час адкрывае нечуваныя перспектывы па-за гэтымі межамі — вось так выглядае «хітраспляценне» «Сядзібы» і «Спадчыны». Не толькі тое, што напісана, але і тое, што магло быць «раскручана» з напісанага — сюжэтны змест гэтых тэкстаў шырэйшы за напісанае літарамі. Аповесці, у якіх шчодра насыпана будучых раманаў, — неяк так.

Здаецца, аўтар добра ведае, што спрактыкаваны чытач знойдзе ў ягоных тэкстах пачаткі і абяцанні новых тэкстаў, і ведае, што гэта ёсць ягонай перавагай, таму мова раманаў — скупая і празрыстая, часцяком — рэпартажная. Тут няма нагрувашчвання вобразаў і алюзій, няма лінгвістычнага форсу, чытач засяроджваецца на там, што сказана, а не тым, як гэта зроблена. Ад таго ў раманах шмат дзеяў — і няшмат эмоцый, шмат разважанняў — і няшмат апісанняў. І эмоцыі, і візуальныя ўяўленні — усё гэта зноў перакладзена аўтарам на чытача: ніякага дэміургічнага дыктату, вольная воля для таго, хто бярэ ў рукі кнігу.

Ад таго і «Сядзіба», і «Спадчына», шматкроць «дадуманая», «да-адчуваная», дамаляваная за чытаннем, становіцца нібыта і тваім творам — і вось ты ўжо цалкам унутры, у гэтым медытатыўным расповедзе, у гэтым сілавым напружанні думак і пытанняў, якія хвалююць аўтара, а насамрэч — цябе таксама.

Гісторыя Івана Шагойкі, смалявіцкага партызана, галоўнага героя вядомай у нас на Смалявіччыне аперацыі (працяглы час партызаны, пераапранутыя ў немцаў, атрымлівалі па падробных дакументах прадукты і рэчы на нямецкім складзе), якая аказваецца адзінай спадчынай, атрыманай героем-апавядальнікам у спадчыну ад бацькі (гісторыя ў спадчыну — простая, але ёмістая метафара) — не адпускае доўга. Паважаючы будучых чытачоў «Спадчыны», не буду дазваляць сабе спойлераў, але можаце пакуль паверыць на слова: гэта адна з тых моцных ваенна-пасляваенных гісторый, якімі надзвычай багатыя беларускія архівы. Маральныя пытанні, што паўстаюць перад сведкамі гэтай гісторыі, сюжэты, што мімаволі складаюцца вакол яе, магчымасці, прыхаваныя ў ёй — па маштабах нагадваюць аповесці Быкава. На Беларусі цяжка пражыць жыццё, не напаткаўшы такіх пытанняў. Заўсёды моцная і заўсёды жорсткая ўлада, шматвекавы досвед унутранага супраціву пры знешняй паслухмянасці і пакорнасці, партызанка як спосаб жыцця, дуля ў кішэні для любога рэжыму і шыя, прыдатная для ўладнай пятлі — беларусы жывуць няпростым грамадзянскім жыццём столькі, колькі наогул жывуць. Над невялікай для жанра рамана «Спадчынай» можна разважаць бясконца: ужо і абрысы твору патускнелі і змыліліся, але сюжэт яе цяпер убудаваны ў тваё уласнае спасціжэнне краіны і яе гісторыі. Вялікая ўдача і талент — адшукаць і аформіць такі сюжэт.

Сакрэт «Сядзібы» — іншы. Сюжэт яе — прасцейшы: містычныя неспадзяванкі сучаснасці вытлумачваюцца дэтэктыўнымі абставінамі мінулага (зноў жа — абыдземся без спойлераў). Здаецца, нічога такога асаблівага — акрамя, канешне, полацкай гісторыі, прывабна пададзенай у мастацкім афармленні, не нова, але заўсёды патрэбна. Але ж — сакрэт. Ён — у той меры містычнасці, якая суправаджае расповед. Гэта тая асцярожная, шляхетная, заўважаная з іроніяй, містыка, якую спакон веку як штодзённасць успрымае беларус: і актыўныя, дзейсныя нашы нябожчыкі, што нікуды не сыходзяць і застаюцца ля ўласных сядзіб, чакаючы гасцей на Радаўніцу і выпраўляючыся ў адведкі ўвосень, і жывёлы нашы, якія хіба што не размаўляюць, але ўсё ведаюць і адчуваюць, нашы незвычайныя сабакі і вужакі, совы і крумкачы, якія ніколі не поўзаюць і не лётаюць так сабе, а заўсёды — з сэнсам, і зямля, з якой кожны дзень выбіраецца на свет памятка мінулых часоў — медным крыжыкам, бронзавай завушнічкай, падвескай, праз якую бачна вечнасць. Мне заўсёды падабавалася, што наша беларуская мастацкая адметнасць нечым нагадвае адметнасць лацінаамерыканскую, з яе натуральнай містычнасцю, парушанымі межамі паміж сусветамі, з ўменнем прапускаць цераз сябе час, застаючыся нерухомым у прасторы — але ж мера, ступень праяваў гэтага ў беларусаў больш далікатная. Гэта як пасмяяцца ў лесе, калі ты з усіх бакоў абкружаны ворагамі — ціхенька, «у кулак».

І калі я думаю, чым можа прыдацца беларуская літаратура ў Еўропе, — я думаю менавіта пра гэта. Пра нашае ўменне супрацьстаяць ціску, знаходзячыся ў безвыходных умовах. Пра наша ўменне выжываць у пятлі. Пра наша веданне мераў і ступеняў. Пра нашу медытатыўнасць і шляхетнасць у расповедзе. Пра стрыманасць і шматсэнсвасць. Пра непахісную простору «паміж» — і рухомы час «паўсюд».

Гэта тое, што маем спадчынай. Гэта тое, што ціхенька пагруквае шклянымі кілішкамі ў нашых сядзібах. Гэта тое, чаго няма ў іншых.

А «Сядзіба» і «Спадчына» — усё ж аповесці. Хаця…

Ганна Севярынец; фота з профіля Алеся Аркуша ў фэйсбуку

5
Интеллигенцию на мыло!! / Ответить
14.10.2018 / 11:22
Мы не такие, как современные потомки рыцарей ВКЛ или как кто не такие? 
8
Верны / Ответить
14.10.2018 / 14:17
Канешна я не стаў чытаць. Праізведзенія прагрысіўнага пісаціля Аркуша. І заметку ў газэце із малюнкамі пра яго. Пачыму. Патамушта зачэм. Дастатачна паслухаць што гавараць людзі. Паадпівалі лямпы. Парушылі свае башні цілівізарамі. Кроме беларусаў. Каторыя нікагда не гавораць па руску. Яны самалучшыя із ацалелых будуць. Пасьля вайны.
1
фцф / Ответить
14.10.2018 / 14:58
Мо ўсё ж варта і Аркуша пачытаць? А то нейкія водгукі і троляў інтэрнэтных.
Показать все комментарии/ 13 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера