14.10.2018 / 16:41

Няпростая гісторыя Івана Шылы — поўная тэкставая версія інтэрв'ю 50

Госцем першага выпуску праграмы «Нашай Ніны» «Ток» з Адар'яй Гуштын стаў легендарны маладафронтавец, а пасля — бізнэсовец, «свецкі леў» Іван Шыла. Ніжэй прыводзім поўную расшыфроўку відэагутаркі.

Пра звальненне з Белсата і ранейшы канфлікт з кіраўніцтвам канала (00:38)

— Давай пачнём з «Белсата»…

— Я думаў, я закончыў з «Белсатам» (смяецца).

— Не, я хачу пачаць нашу гутарку з «Белсата». Што ты адчуў, калі прачытаў намесніцу дырэктаркі, якая табе напісала: «Валі ў Беларусь і там цешся свабодай слова»?

— Я адразу зразумеў, што цяпер у мяне не мусіць быць ніякіх эмоцый, бо гэта будзе публічны скандал: гэта заскрыняць, пра гэта напішуць. Таму я пачаў дзейнічаць акуратна, пакідаць вывераныя каментары пра свабоду слова. Гэта не тыя эмоцыі, якія я адчуваў, я б проста яе паслаў, зразумела, мне б так хацелася, бо я сапраўды перастаў крыху любіць кіраўніцтва «Белсата». Але дзейнічаў акуратна, бо разумеў, што заўтра будуць скрыны з гэтымі каментарамі, таму адказваў пра свабоду слова, вельмі акуратна і далікатна.

— Як ты адказваў, мы бачылі, але мне цікава іншае. Ты бачыш каментар: «Валі ў Беларусь».

— Насамрэч, не тое што «валі ў Беларусь». Мелася на ўвазе, яна думала, што я працую ў Варшаве. На «Белсаце» працуе 250 чалавек (калі гэта не сакрэт, раптам, я не агент Крамля, агучваю гэтую інфармацыю). Яны разумеюць, што калі выганяюць чалавека ў Беларусь, то ён губляе варшаўскі крэдыт, еўрапейскую будучыню сваіх дзяцей, ён не знойдзе работу журналіста ў Польшчы, бо там не ўсе вялікія прафесіяналы і гэта будзе складана зрабіць. Таму яна такім чынам думала паказаць, што яна мая начальніца, можа са мной разарваць кантракт. Наўрад ці гэта было менавіта пра Беларусь-Беларусь. Яна проста думала, што выжане мяне з варшаўскага офіса, мне прыйдзецца ехаць у Беларусь, зарабляць нашмат меней. Але я проста і так у Беларусі, вось у чым была дэталь, яна не ведала пра гэта.

— У цябе не было думкі: можа быць, не варта гэты скандал раскручваць, варта прытрымацца? «Белсат» плаціў табе нармальныя грошы, ты працаваў амаль два гады.

— Спытаеш колькі?

— Тое, што я чула, гэта парадку 20 тысяч даляраў за два гады дзесьці набегла.

— 24.

— Гэта рэальна класныя грошы. Гэта кошт аднапакаёвай кватэры, напэўна, у тваім родным Салігорску. Блізка каля таго.

— Не, у Салігорску кватэры даражэй каштуюць.

— У цябе не было думкі: трэба прамаўчаць, я губляю класнае працоўнае месца, каму я яшчэ патрэбны? Гэта ж было вельмі проста — прамаўчаць, і праз дзень пра гэта ніхто ўжо і не згадаў бы.

— Паслухай, калі шчыра, я не думаў, што страчу працоўнае месца на нейкім этапе, бо гэта было б вельмі бязглузда з іх боку звольніць мяне публічна за публічную лупцоўку. У нас адбыўся публічны канфлікт, людзі працуюць у медыя, яны мусяць разумець, што зараз публічна звольніць — гэта не тое рашэнне, якое трэба прымаць. Можна гэта зрабіць праз месяц, праз два. У мяне праз чатыры месяцы заканчваўся кантракт. Больш за тое, я не збіраўся яго прадаўжаць: мяне дастала на кагосьці працаваць.

Шчыра, крыху стаміўся я. Год таму, напэўна, прамаўчаў бы, а цяпер… Ну 24 тысячы, тысячу ў месяц. Трэба пачынаць працаваць самому. Гэта важны момант. У мяне няма крэдыту, дзяцей, не трэба думаць, як прадоўжыць карту побыту ў Варшаве, таму я не быў звязаны з «Белсатам» моцна. Плюс яны мяне праўда дасталі гэтымі каментарамі. Набеглі ўсе супрацоўнікі, пачалі мяне павучаць, што я не магу гэта посціць. У нас гэта нідзе не прапісана. Больш за тое, я і раней посціў пра Дуду, што яны зрабілі Ісуса каралём Польшчы, што рэальна гэта нейкі булшыт. Тады ўсё прайшло ок. Вось. А калі казаць яшчэ пра нейкія інсайды, то ў мяне ж была падобная сітуацыя з «Белсатам», з Агнешкай, такая ж, з каментарамі, калі я пост выдаліў.

— Раскажы пра гэта.

— Гэта было паўтара года таму, мабыць, я толькі пачынаў працаваць на «Белсаце». Проста для разумення таго, што я частка карпаратыўнай культуры.

Тады розніца была ў тым, што я крыху пакрытыкаваў «Белсат» у каментарах. Я не збіраўся яго крытыкаваць, крытыкаваў беларускую дыяспару. Ну як крытыкаваў? Проста задзіраўся, як звычайна. Ладна, тут пойдзе нейкі кантэкст незразумелы.

Крыху пакрытыкаваў беларускую дыяспару, а ў прыватнасці, што мой аднакласнік Рыгор Астапеня пайшоў на «Белсат» і на «Белсаце» даваў інтэрв’ю па-польску. Гэта зашкварчык, так? У студыі быў паляк, і яны вырашылі, што так будзе зручней: на беларускім канале размаўляць па-польску, калі ўжо мы ў Варшаве і каб наш госць пачуваўся свабодна. Я гэтую сітуацыю крыху высмеяў. Гэта было не зусім пра «Белсат», я проста гаварыў пра дыяспару: як дрэнна ўплывае тое, што ты з’язджаеш з Беларусі і нават у такіх сітуацыях размаўляеш па-польску, хаця, здавалася б, гэта беларускі канал.

З’явілася ў каментарах Агнешка, запыталася, ці разумею я, дзе працую (як і цяпер — дакладна такая ж сітуацыя). Я разумеў тады, дзе працую, таму гэтую галіну выдаліў без скандалаў. Бо тут я канкрэтна парушаў свой кантракт: я не магу пісаць негатыўна пра «Белсат». Нават могуць быць розныя трактоўкі, я неўсвядомлена гэта рабіў, мэта была іншая, але тады я ўсё выдаліў.

Я не чалавек, які скандаліць проста заўсёды.

— Навошта ты пачаў раскручваць гэты скандал, цудоўна разумеючы, што беларуская прапаганда гэта выкарыстае, што гэта выкарыстае расійская прапаганда? Калі ты ўбачыў, што пра цябе кажа Дзмітрый, прасці госпадзі, Кісялёў…

— Але ж ён не сказаў. Мы сядзелі, я чакаў, што ён скажа: «Іііван Шыла», як ён гэта робіць, але не.

— Гэта зашквар. Цябе рэальна выкарыстала, па сутнасці, прапаганда. Альбо табе гэта спадабалася?

— Не, паслухай, гэта не мой зашквар, на самай справе. Калі ты робіш дрэнную рэч… То бок гэта не крамлёўскі наратыў, гэта наратыў глупства. Калі ты чалавека звальняеш за тое, што паспрачалася з ім у каментарах. Далей гэта не мае справы, я не развіваю скандал. Скандал гасіцца якім чынам? Прыносяцца выбачэнні, што мы накасячылі, робіцца маленькая заява на сайце «Белсата» — усё, на гэтым усё заканчваецца. Або мне піша хаця б нехта прыватнае паведамленне. Тут настолькі «моцныя» кіраўнікі аказаліся, што ніводзін з іх да гэтага часу прыватна мне нічога не напісаў. Проста для разумення. Прыйсці крыкнуць у каментарах, адразу звольніць… Можна было не крычаць у каментарах, можна было крыху акуратней.

Больш за тое, кантэкст такі: я сяджу ў Францыі, ноччу, крыху выпіваю, Агнешка з’яўляецца ў каментарах — 2 гадзіны ночы, — пачынае пісаць на дзіўнай беларускай мове: «Зразумеў ці не?».

Я ўвогуле ёй не адказваю (для разумення, як я рэагаваў на скандал), я думаў: я не буду ў гэта лезці. Я выпіў, пасплю, можа, заўтра гэта ўсё скончыцца. 20 лайкаў, 30 каментароў — па сутнасці, скандалу яшчэ няма. Яна прачынаецца ранкам і зноў пачынае «зразумеў ці не» пісаць. На колькі я знаёмы з сітуацыяй, не было тады пытання аб звальненні. Проста ўсе ж людзі эмацыйныя, нават калі вы кіруеце такой вялікай кампаніяй, карпарацыяй, як «Белсат», дзе 250 супрацоўнікаў. Проста вельмі шмат людзей адначасова напісала Агнешцы, што яна вельмі падобная да рэдактара «Советской Белоруссіі». Я думаю, гэта трыгернула, і яна пачула некаторых сваіх супрацоўнікаў, якія ёй раілі мяне звольніць.

— Чаму за цябе ніхто з журналістаў «Белсата» не заступіўся?

— Блін, зараз я павінен адчуць, што зрабіў нешта няправільнае, бо ніхто не заступіўся. Я як скажу: я чалавек не ідэальны.

Калі я прыйшоў працаваць на «Белсат», яшчэ было рэха звальнення Каці Барушка — вельмі непрыемная сітуацыя і вельмі падобная. Яна для «Аль-Джазіры» здымала фільм пра міграцыю ў Польшчы, і так атрымалася, што ПІС там паказаны дрэнна. ПІС пасля пакрыўдзіўся (ПІС — гэта партыя «Права і справядлівасць», якая цяпер мае большасць у парламенце). Яе пачалі крытыкаваць: вось мы навучылі чалавека працаваць, далі яму працу ў Польшчы, Кацярыне Барушка, а яна здымае кепска фільмы пра нас. Агнешка Кацярыну Барушка звольніла. Калі я працаваў, быў нейкі ліст. У прынцыпе, таксама можна было пабадацца з імі, але ж я не зрабіў гэтага. Нармальны ж заробак быў, ведаеш, куды лезці. Таксама ўсе абураліся, усе былі незадаволеныя. Крыху абмяркоўвалі між сабой, але акуратна. Я думаю, цяпер падобная сітуацыя.

Я ведаю чалавека, які паставіў подпіс 14-м — збіралі ўнутры «Белсата» подпісы. Жывы чалавек быў 14-ы. Што далей стала з гэтымі подпісамі…

— Подпісы за што? Каб цябе не звольнілі?

— Не ведаю, насамрэч, як яны сфармулявалі. Наколькі я ведаю, усе сышліся, што Беата вінаватая. Агнешку надта небяспечна, а вось Беату можна пнуць, гэта камфортная сітуацыя для ўсіх. Наколькі я разумею, іх не аддалі. Крыху выплюхнулі эмоцыі.

Але чаму яшчэ не падтрымалі? Яны сказалі, што я нехарошы чалавек, бо апублікаваў асабістую перапіску. Ведаеш, як бывае: ты адчуваеш сябе не зусім камфортна ў нейкай сітуацыі. Хочацца сказаць і зрабіць, але страшна, шукаеш маленькую зачэпку, каб у цябе быў нейкі буёк, за які ты чапляешся і думаеш: я ўжо не такі і мудак насамрэч, той чэл таксама не ідэальны, тут такая сітуацыя, я лепей прамаўчу. Такім буйком стала тое, што я апублікаваў ліст.

— Прыватную перапіску.

— Ну як прыватную? Рабочую перапіску, гэта не была прыватная размова. І гэта, наколькі я разумею, таксама моцна паўплывала. У астатнім усё ж зразумела: ёсць дома халадзільнік, яго трэба напаўняць, гэта работа, важна. Не ўсе там вялікія прафесіяналы — складана будзе ўладкавацца пасля некуды. Таму камфорт важнейшы. А самае важнае — я ж нікога не абвінавачваю, не патрабую быць героем. Усё ок, усё клас.

Мне напісала дастаткова шмат людзей, бо на «Белсаце» проста шмат людзей, таму маленькі працэнт — гэта ўжо дастатковая лічба. Напісалі, пазванілі — усё клас, усім дзякуй!

Пра адлічэнне са школы (11:01)

— У цябе не было адчування дэжавю з тым, як цябе адлічылі са школы?

— Крыху.

— Я проста чытала, што цябе адлічылі са школы, але ты ўсё ж прыйшоў на выпускны.

— Оўе!

— Раскажы! Гэта ж рэальна нейкая кіношная нават сітуацыя: цябе адлічваюць са школы, табе, па сутнасці, паказваюць, што цябе тут не чакаюць, але ты набіраешся нахабнасці і прыходзіш на выпускны.

— Слухай, гэта было не нахабства, гэта была памылка маладосці і жаданне паўдзельнічаць у гэтым рытуале сустрэчы світанку.

Праз 10 год я гляджу на гэта, мне не трэба было хадзіць, гэта была слабасць з майго боку, гэта было неразуменне, як трэба дзейнічаць. Але было прыкольна, ведаеш, бо…

— Але там таксама за цябе ніхто не заступіўся.

— Не, хлопцы напіліся, мае аднакласнікі, узялі мікрафон, пачалі там усё казаць, слёзы ліць, што «клас, мы з табой». Плюс я быў чалавекам у брані: калі ў дзяцей закончыўся алкаголь, а ў дарослых на стале ён стаяў, як трэба было зрабіць, каб ён перамясціўся да нас? Гэта мог зрабіць толькі я. Я проста ішоў, уставаў, не хаваючыся, браў скрыні з віном, прыносіў, і мы яго выпівалі. Мне ніхто нічога не мог сказаць.

— Чаму дэжавю? Ты кажаш, што было дэжавю з гэтай сітуацыяй.

— Бо там таксама ўсе разумелі, што мяне не мусілі выключаць, але ім трэба было таксама думаць пра сябе, ніхто публічна нічога не зрабіў.

Былі нейкія намаганні: нехта казаў, што я прыйду хаця ў майцы нейкай, — многа ж было маладафронтаўцаў у маёй паралелі, — нехта абяцаў, што мы штосьці зробім. На самай справе, ніхто нічога не зрабіў.

Пасля падобна было тым, што прайшла бура. Праўда, тады дырэктарка звольнілася, цяпер, бачыш, не вельмі выйшла (смяецца). Тады дырэктарка і яе намесніца звольніліся, некага звольнілі. І падобна было крыху потым, бо мне яшчэ гады тры часам пісалі бацькі, што, маўляў, «ты мудак, разваліў такую добрую школу», бо наступным дырэктарам стала жанчына па імені Сталіна.

Для разумення: у нас была добрая школа, дзе вучылі англійскую, прыязджалі амерыканцы, абмены з датчанамі, яна лічылася вельмі ліберальнай. І ў гарадской адміністрацыі вырашылі яе нармалізаваць і ўпарадкаваць, прыйшла іншая адміністрацыя, многія добрыя настаўнікі звольніліся ў гэтай сітуацыі. І многія бацькі былі незадаволеныя, што з такой добрай школы яна стала такой дрэннай.

А цяпер абвінавачвалі, што я «Белсат» хістаю і развальваю.

Пра першае затрыманне ў 10 год (13:42)

— Цябе ўпершыню затрымалі ў 10 год — ты ехаў на ровары з улёткамі. Я, калі гэта перачытала, падумала: блін, рэальна, яму было 10 год, ён вучыўся ў 4 класе, што яго магло не задавальняць у Беларусі, каб раздаваць нейкія ўлёткі, за штосьці агітаваць? Ты помніш гэты стан, помніш, як цябе прывялі ў міліцыю? Што гэта было? Супраць чаго ты быў або за што?

— Ну, усё проста. Насамрэч, 10-гадовыя дзеці, якія расклейваюць улёткі, — гэта няправільна. Так не павінна быць. Як я аказаўся гэтым 10-гадовым дзіцём? Вельмі апазіцыйныя настроі былі ў маіх бацькоў, бацька, у прыватнасці, ва ўсім браў удзел, у чым толькі можна.

Быў 2001 год, выбары, ЗУБР. Тады шмат 10-гадовых хадзіла па Салігорску, вельмі шмат, хадзілі натоўпы. Халезін і кампанія зрабілі найлепшае на палітычным полі з ЗУБРом, з налепкамі «Час выбіраць». Класная атрыбутыка была.

Неяк мы прыехалі з бацькамі з Польшчы, у Брэсце да нас падбегла нейкая дзяўчына, дала проста налепкі: «Парасклейвайце, дзеці хай парасклейваюць». Мне спадабалася, было ўсведамленне, што ты супраць Лукашэнкі, што гэта нейкая дзейнасць, гэта цікава. Я пасля вярнуўся ў Салігорск, сказаў бацьку (дарэчы, мы сядзелі, там яшчэ бел-чырвона-белы сцяг быў намаляваны на доме — 2001 год, Брэст), што хачу далей клеіць налепкі. Ён мне сказаў, куды схадзіць, каб мне гэтыя налепкі выдавалі. Туды хадзілі дзясяткі чалавек. Я пабачыў старшакласнікаў са сваёй школы.

ЗУБР сапраўды быў топавым рухам, адзіным вялікім моладзевым, «Малады фронт» пасля ніколі такім не быў, і тады не быў. Паўгорада хадзіла ў майках ЗУБР. І я туды проста прыходзіў, ніхто нават не глядзеў, браў гэтыя налепкі. Усё ж было адносна свабодна, гэта быў офіс у цэнтры горада. Клеіў налепкі, раскідваў газеты. Тады не было дамафонаў, усё было прасцей.

Больш за тое, я ехаў на ровары, на багажніку стаяў мой брат, яму было 8, таму яго вырашылі нават не затрымліваць (смяецца), тыпу неяк не вельмі. А затрымаў мяне нейкі супрацоўнік у цывільным, ён быў без формы. Прычым я нават не разумеў, што мяне за гэта могуць затрымаць. То бок я разумеў: ёсць Лукашэнка, ён дрэнны, трэба нешта зрабіць. Усё было вельмі адкрыта: мы проста хадзілі, гэта быў цэнтр горада, я залез на нейкую тумбу, клеіў гэтыя налепкі. Унізе, калі я злазіў, ужо стаяў нейкі мужчына. Мне, у прынцыпе, было страшна, што мы ідзём у міліцыю, — а ішлі мы пешшу, бо я быў з роварам: ён яго каціў, я ішоў побач. Ён мне, 10-гадоваму хлопчыку, пагражаў (крэцін нейкі, рэальна) і казаў, што, «калі ты пойдзеш у войска праз восем год, табе будзе вельмі дрэнна, ты разумееш, што зрабіў памылку?». Я думаю: лол, што? У плане, мне было страшна.

Іван Шыла прымае прысягу. Архіўнае фота, здымак Юліі Дарашкевіч.

Мы прыйшлі, і яны пачалі рабіць допыт, не чакаючы бацькоў. Я амаль усё сказаў, калі шчыра, гэты быў ледзь не адзіны раз, калі я ўвогуле нешта казаў міліцыі (мабыць, я гэта два разы рабіў). Тады я спрабаваў падмануць неяк, але ў мяне не выходзіла, мне было так страшна. «Дзе ты ўзяў налепкі?» — мне хочацца проста сказаць: вось такі адрас. Яны і так яго ведалі, але мая свядомасць цягнула мяне ў гэты раён, і я проста назваў стадыён, які проста з гэтым офісам ЗУБРа побач быў. Крыху паразмаўляў з міліцыяй, потым прыйшоў праваабаронца з Беларускага хельсінскага камітэта (у яго быў дыктафон — гэта мяне, 10-гадовае дзіця, моцна ўразіла), прыйшла мая мама, бацька тады назіраў за выбарамі ў сябе ў вёсцы (гэта было, мабыць, 8 верасня), — і ўсё. Яны сказалі, што ён не дае болей ніякіх паказанняў, усё, што ён нагаварыў, мы падпісваць не будзем, і мы хуценька-хуценька сышлі.

Пасля пра мяне напісалі ў газеце. Газета называлася «Салідарнасць», якая цяпер gazetaby.com, яна раней выходзіла ў Салігорску. Там яшчэ была цудоўная рубрыка з аголенымі дзяўчатамі (я з дзяцінства выхоўваўся, чытаў на беларускай мове і глядзеў на розных прыгажунь (смяецца)). Мая настаўніца англійскай прачытала гэту нататку і сказала: «Слухай, у нас тут гарадскі конкурс спічаў па-англійску, ці не хочаш пайсці расказаць пра гэтую сітуацыю». Не памятаю, якая была мая рэакцыя, адным словам, я туды пайшоў. Там сядзіць адміністрацыя гарадская, аддзел адукацыі, куча настаўнікаў з усіх школ, выходзяць школьнікі, расказваюць, як яны прывялі лета або кім яны хочуць стаць… А тут выходзіць нейкі 10-гадовы чэл і расказвае, што яму пагражалі тым, што праз восем год у яго будуць праблемы ў войску. Усе проста афігелі, канечне. Мне другое месца далі.

— Ці не было ў цябе думкі ў міліцыі: ды ну нафіг, лепш я буду ганяць з сябрамі ў футбол і больш ніколі ў гэта ўсё не ўлазіць?

— Не, дакладна не было. Справа годная, бацькі са мной, Лукашэнка дрэнны — усё клас. То бок мяне крыху папужалі, было страшна: рэальна не хочацца ісці ў войска, каб у цябе былі праблемы, шчыра.

Праз пару год вярнуўся да гэтага ўсяго, мяне ж выбралі кіраўніком мясцовага «Маладога фронту» салігорскага, бо ў мяне адзінага быў мабільны тэлефон. Справа не ў харызме, лідарскіх якасцях, проста трэба было званіць Дашкевічу ў Мінск. Я вярнуўся і паведаміў пра гэта бацькам, і мне бацька кажа: «Ты ж разумееш, будуць праблемы, прычым праблемы адаб’юцца на напаўняльнасці халадзільніка». І я падумаў: блін, можа, рэальна не займацца? Хочацца і актывістам быць, і есці смачна. Каб усё было як раней, толькі яшчэ і з «Маладым фронтам». Але гэтую думку я хутка адагнаў. Там ужо, канечне, пачалося… Дарэчы, халадзільнік заўсёды быў цэлы, у гэтым плане ўсё ок.

— У Расіі дзеці выйшлі на пратэсты. Што ты думаеш: у Беларусі могуць выйсці такія ж 10-гадовыя Іваны? Што павінна адбыцца, каб іх адарвала ад відэа Улада Бумагі: «Улад Бумага раздае 5000 баксаў кур’еру»? Што іх можа натхніць, каб яны ўсталі і таксама, як і ты, вышлі?

Расійскіх школьнікаў затрымліваюць на пратэсце супраць пенсійнай рэформы у Санкт-Пецярбургу. Фота Давіда Фрэнкеля.

— Паслухай, Улад Бумага і павінен гэта зрабіць, на самай справе. Проста ў інфлюэнсераў мусіць з’явіцца запыт на палітыку і мода. То бок Навальны — ок персанаж для ютуба. Сёння ў Расіі рэпер Фэйс, каторы пра бургер і палавы орган раней спяваў, запісаў вельмі прыкольны альбом. Цяпер усе 10 песень ён спявае жорстка пра тое, што адбываецца ў Расіі. Фэйс — кумір людзей. Неяк з’яўляецца ў Расіі запыт на тое, што людзі кажуць пра палітыку, крытыкуюць уладу. Нагіеў у Дудзя даволі рэзка гаварыў пра гэта ўсё, Нагіеў таксама шмат каму падабаецца.

Проста трэба, каб у Беларусі Улад Бумага неяк зацікавіўся тым, што адбываецца. Як гэта зрабіць? Я рэальна не ведаю, праўда. Занадта складанае пытанне. Мы на яго адказвалі ў «Маладым фронце», але, як ведаеш, не атрымалася (смяецца). Калі-небудзь, можа, нешта атрымаецца, а можа, не атрымаецца ўвогуле. Няма ж такога правіла, што павінна быць так калі-небудзь.

Іван Шыла. Фота palitviazni.info.

Пра «Малады фронт», Дашкевіча і рэлігію (21:01)

— Хачу спытаць пра «Малады фронт» — ты часткова пачаў, — як табе там было з тваімі поглядамі? Ёсць Дашкевіч, вельмі рэлігійны, вельмі, і ёсць Шыла — атэіст. Ёсць Дашкевіч — гамафоб, і ёсць Шыла, каторы кажа: блін, хай хто каго хоча кахае.

— Каторы, можа, з хлопцамі цалаваўся?

— Як гэта сумяшчалася?

— Паслухай, я ж не быў такім з самага пачатку.

У Мінску быў такі рэстаран «Крыніца» насупраць КДБ, там былі сходкі «Маладога фронту», усё пачыналася з малітвы. Плюс у мяне былі нейкія пошукі Бога. У сувязі з тым, што арганізацыя ў нас хрысціянская, я чытаў Пашу Севярынца, дзе ў яго Бог 10 разоў на старонцы вялікімі літарамі, і хадзіў у касцёл, думаў, зараз са мной нешта адбудзецца, — не адбылося. Пасля я нават быў у пратэстанцкім летніку, дзе «алілуя!» людзі спяваюць, адчуваюць, як Ісус у іх усяляецца, падаюць — прыкольна. Я з’ехаў праз суткі, бо мяне заманілі туды. Гэта мне ўжо 16 ці 15 было. Таму былі нейкія пошукі.

Але калі табе 16 год, ёсць аўтарытэты: Дашкевічу — 25, Севярынцу — 30, мабыць, на той момант. Складана ім сказаць, тыпу: хлопцы, гэта нейкае глупства, я думаю інакш. Ты падпарадкоўваешся, проста маўчыш у многіх сітуацыях. Так было да пэўнага часу. Пасля я схадзіў у войска і падумаў, што я ўжо дастаткова дарослы, каб казаць пра гэта адкрыта, як я ўсё бачу і адчуваю. З гэтага пачаліся скандалы ў «Маладым фронце».

Дашкевіч проста прыходзіў і гаварыў: «Не дрэнна было б запісаць зварот з нагоды ЛГБТ і іх там пхнуць чарговы раз». У нас было ліберальнае крыло, мы ўчынялі бучы проста, блакавалі гэтыя рашэнні, вельмі моцна сварыліся — гэта ўсё, канечне, бессэнсоўна, усё роўна гэтыя элгэбэтэшныя заявы прымалі.

Я ж яшчэ курыў цыгарэты ў той момант. Разумееш, гэта было не вельмі для арганізацыі: па-першае, я яшчэ дзіця, а па-другое, гэта хрысціянская арганізацыя, а я хаджу куру папіросы. Многія маладафронтаўцы так рабілі, нават знакаміты Зміцер Хведарук, які амаль святы, ён таксама пакурваў цыгарэты, таксама выпіваў. І мы хаваліся ад Дашкевіча, мы як дзеці былі, курылі рэальна за вуглом. Быў нейкі мітынг, мы пакурвалі, на мітынгу ўжо не курылі: там БТ можа зняць, мы разумелі наступствы, як гэта дрэнна.

Калі я вярнуўся з арміі, мы паехалі з Дашкевічам у Эстонію, у нас там былі нейкія сустрэчы ў парламенце, нам знялі нумар адзін на дваіх. У нас пытаюцца: нумар для курцоў? Я кажу: так! Я вырашыў зрабіць камін-аўт, што я куру цыгарэты (смяецца). Гэта так бязглузда! Я зайшоў у нумар, закурыў цыгарэту. Гэта такое дно, канечне (смяецца).

— Што сказаў табе Дашкевіч? «Адумайся, Іван, Бог цябе любіць»?

— Проста мне здавалася, што ў 19 год ты выглядаеш дарослым, але гэта не заўсёды так. Дашкевічу было 27 год, ён проста глядзеў: «Нейкае дзіця. Зайшоў, курыць цыгарэту. Што ён хоча паказаць, што ён пасталеў пасля войска?» Мне так здавалася, што я тут магу свабодна курыць. Дашкевіч нічога не сказаў.

Праграма Каліноўскага (24:21)

— Праграма Каліноўскага — наколькі яна была шкоднай для Беларусі?

— Я думаю, што не, яна не была дрэннай. Вельмі класна, што шмат людзей паехала, павучылася і некаторыя вярнуліся. Увогуле, гэтыя рахункі, падлічваць, што карысна для Беларусі, некарысна… Ну была праграма, была ініцыятыва, людзі паехалі павучыліся.

— Гэта праўда, што працэнтаў 90 сярод удзельнікаў былі фэйкавыя актывісты, людзі, якія хутчэй па тэліку бачылі пра рэпрэсіі, чым рэальна ўдзельнічалі ў нейкіх акцыях, былі затрыманыя?

— Не дзевяноста, але працэнт быў вялікі. Скажам, 99% удзельнікаў праграмы Каліноўскага — гэта тыя людзі, якім не пагражала выключэнне ў Беларусі.

У нейкі момант перасталі выключаць з універсітэтаў, гэта былі адзінкавыя выпадкі, прычым вельмі часта гэтыя людзі ў Польшчу не ехалі, напрыклад, Таццяна Шапуцька. Але самыя правілы праграмы Каліноўскага прадугледжвалі, што такія людзі могуць там быць, бо яе пашырылі да таго, што калі твой тата — актывіст апазіцыі ці нават журналіст, ці праваабаронца (вельмі шырокія фармулёўкі), то дзіця можа паехаць у Польшчу і павучыцца. Таму, у прынцыпе, вельмі і вельмі шмат дзяцей палітычных лідараў, і не лідараў таксама, вучыліся ў Польшчы. А дзеці ж не мусяць адказваць за сваіх бацькоў, ісці па слядах? Таму так, канечне, многія людзі нічога не ведалі, нічога не разумелі, задавалі дзіўныя пытанні.

Усе ж ведаюць гэтыя легенды пра тое, што праграмай кіраваў (можа, і кіруе) спадар Маліцкі, супрацоўнік Варшаўскага ўніверсітэта. Калі адбываецца набор, ён нешта прамаўляе, і ўстае малады чалавек, пытаецца: «А вы той самы Каліноўскі?» (смяецца). Таму, канечне, здараліся такія розныя маленькія сітуацыі. Але, у прынцыпе, я шчыра не хачу нікога асуджаць за гэта.

— Быў Іван Шыла — свайго роду ікона змагарства, якога ў 16 год маглі пасадзіць за адстойванне нацыянальных інтарэсаў. І быў Іван Шыла, які ў 27 год напісаў: «Любая вайна — і мяне праз гадзіну ў Беларусі ўжо не будзе». Я хачу зразумець: быў той Іван і вось гэты Іван — у які момант адбыўся злом, пераацэнка каштоўнасцей?

— Не было ніякіх зломаў і пераацэнкі каштоўнасцяў, бо жыццё было заўсёды для мяне важным і паміраць ніколі не хацелася. Сядзець у турме — ок, гэта нічога, можна на гэта пайсці. Паміраць за нешта абстрактнае і ўвогуле паміраць я ніколі не збіраўся, не хацеў. Калі б у мяне ў 16 год спыталі, ці пайду я ваяваць, — не, не пайду. У мяне было выразнае ўяўленне супраць усяго мілітарнага — у 16, 17… Я помню, калі я заканчваў школу, я рэальна казаў: ніякага войска, я ўвогуле ў гэтым не хачу ўдзельнічаць. Проста так атрымалася, што я ў войску апынуўся. А тое, што я сказаў, тут няма супярэчнасцяў.

— Байцы АТА паміраюць за штосьці абстрактнае?

— Так, за абстрактнае, я думаю.

Глядзі, АТА адбываецца цяпер. Ваявалі людзі тры тысячы гадоў таму? Так. Былі ў іх нейкія каштоўнасці? Так. Яны нешта абаранялі важнае? Безумоўна! Любая вайна яна пра нейкія каштоўнасці, ідэалы, абарону, нешта прыгожае. Ці мае сёння сэнс, як нехта недзе ў старажытнасці, у Старажытным Егіпце, памёр? Не! Значэнне ёсць толькі, пражыў гэты чалавек 20, 40 ці 60 год — для яго канкрэтна ў той сітуацыі. Таму ніколі не трэба ваяваць.

Зразумела, што ёсць проста частка людзей, якім хочацца паваяваць: калі няма вайны, яны ідуць у АМАП служыць. Хай ідуць і хай ваююць. Іх дастатковая колькасць, калі ім хочацца. Гэта зусім не пра мяне. Любыя войны — гэта дрэнна. Мір ва ўсім свеце — тое, што павінна быць, як бы банальна гэта ні гучала.

Пра вяртанне ў Беларусь і наркотыкі (28:25)

— Чаго ты вярнуўся ў Беларусь?

— Я вярнуўся ў Беларусь, бо ўжываў вельмі шмат наркотыкаў у Польшчы, у мяне здарылася перадазіроўка невялікая адным рэчывам, я ледзь не памёр. У Польшчы вельмі даступныя наркотыкі, іх проста купіць, гэта каштуе нядорага. Калі я пачынаў панюхіваць, гэта было так: я іду ў клуб, там крыху панюхаў, патусаваўся — усё клас, няма нічога такога, ты больш размаўляеш з людзьмі, у цябе добры настрой. Я знайшоўся ноччу, у аўторак, з грамам амфетаміну. Нюхаю — мне не весела, я не іду ўжо ні на якія танцы. Я зразумеў, што гэта заходзіць далёка, так не трэба. Радыкальны спосаб быў з’ехаць туды, дзе за наркотыкі вялікая адказнасць, дзе купіць іх складана. Я панюхаў, калі сядаў на цягнік, апошні раз.

Я прыехаў у Брэст, мне ўкалолі трайчатку. Трайчатка — гэта ад ціску, заспакаяльнае і для сну. Бо плюс у мяне былі панічныя атакі пасля гэтай перадазіроўкі, то бок калі я нюхаў, мяне пачынала трэсці, я бегаў па варшаўскім вакзале, пакінуўшы рэчы. Панічныя атакі — не прыдуманая рэч, гэта абсалютна не жарт. Я проста стаяў, у мяне пачалася паніка, я не ведаў, што рабіць. Я ледзь выйшаў з цягніка, ледзь не паваліўся, у мяне трэсліся ногі. Я кінуў рэчы, чалавек папрасіў у мяне цыгарэту — я не мог яе дастаць. Я бегаў па гэтай Варшаве, пасля неяк сабраўся, даехаў да Брэста. Чым адрозніваюцца беларускія вакзалы ад польскіх? У нас ёсць медпункты. Дзякуй радзіме за гэта! Я прыйшоў туды, яна мне кажа: «У цябе ціск 150 на нешта. Чаму так?» Я кажу: «Ну, я ж студэнт, сесія ў Польшчы, не спаў пару дзён, выпіў кавы, таму зрабіце што-небудзь са мной». Мне ўкалолі заспакаяльнае, я лёг і спакойна спаў да Мінска ў зручных цягніках, дзе ёсць ляжачыя паліцы. Такая гісторыя.

— І ты выступаеш за легалізацыю марыхуаны?

— Натуральна. Так-так-так. І дэкрыміналізацыю іншых наркатычных рэчываў.

— Чаму?

— У тым ліку таму, каб у людзей не здараліся перадазіроўкі, бо табе дылер не раскажа, як гэта нюхаць і як гэта ўжываць. Калі будзе гэта прадавацца нейкім чынам і тлумачыцца людзям, так будзе правільна, каб гэта не было нейкае таямнічае рэчыва.

Чаму марыхуана? Ну марыхуана — нармальная тэма. Ну, наркотык — алкаголь наркотык, цыгарэты наркотык. Ад марыхуаны дакладна ніхто не паміраў. Ад марыхуаны становіцца дрэнна людзям, памяць крыху губляецца, працаздольнасць падае. Але працэнт людзей, якія пацерпяць ад наркотыкаў, алкаголю і ўвогуле пацерпяць у жыцці, ён заўсёды будзе.

— Ты бухаеш?

— Выпіваю, так, выпіваю.

— Ты ж кідаў!

— Канечне! 45 дзён не піў.

— І што пасля адбылося?

— Учора піў, напрыклад. Нічога не адбылося. Проста сумна, не ведаю, чым заняцца. Не, не так!

Я шмат выпіваў раней у пошуках дзяўчыны, кахання, цуду. Людзі п’юць, каб нешта змянілася. У цябе ёсць нейкае жыццё, і ты хочаш, каб болей фарбаў стала, больш упэўненасці ці думалася пра будучыню прасцей. Ты ідзеш у пятніцу ў клуб які-небудзь, — я ў клуб не хаджу, — у бар, дзе крыху танцуюць. Ты думаеш: я вось зараз вып’ю — і адбудзецца (тое самае з наркотыкамі) нешта, я змагу з кімсьці пазнаёміцца. Цяпер у мяне ёсць дзяўчына, і ў прынцыпе я п’ю мала і рэдка, бо мне такога цуду ўжо шукаць не трэба, і неяк стала нармальна.

Раней, канечне, так, выпіваў. Але не было запояў, мне складана піць два дні запар, рэальна, маральна я проста не магу гэта вытрымаць, але бывала. Але калі піць, то піць шмат. Калі я выпіваю 2 піва, імавернасць таго, што я вып’ю яшчэ 6, каласальная. 8 піва за вечар — вельмі можа нават. Раз на тыдзень. Так шмат хто жыве ў гэтай краіне («у гэтай краіне» — тыпу я такі аддаляюся), у нашай краіне. Увогуле, ва ўсім свеце шмат хто працуе, п’е на выхадных, пасля пакутуе, а ў панядзелак зноў апынаецца на рабоце.

Пра адносіны з ЛГБТ-актывісткай (32:58)

— Я хачу крыху назад вярнуцца да праграмы Каліноўскага. Калі ты вучыўся ў Польшчы, у цябе былі адносіны з ЛГБТ-актывісткай Варварай Красуцкай.

— Так.

— Яна пісала апавяданне пра вашы адносіны, яно было апублікавана…

— У мяне нага затрэслася (смяецца).

— Я павінна гэта спытаць, прабач.

— Канечне.

— Яна пісала пра тое, што зрабіла два аборты, стала бясплоднай. Гэта праўда ці выдумка?

— Не ведаю, калі шчыра. Пакажа час, думаю, пра апошняе, пра бясплоднасць. Пра аборты: адзін дакладна аборт яна зрабіла, другі, можа быць, гэта крыху выдумка. Ёсць вялікая імавернасць, што гэта праўда, але пра адзін — 100%.

— Цябе гэта турбуе нейкім чынам?

— Ну так, гэта непрыемная сітуацыя, было б дзіўна, калі б я сказаў, што мне ўсё ок, без розніцы. Натуральна, гэта былі вялікія перажыванні. Я вось зараз сказаў — у мяне рука затузалася, нага затузалася. Гэта не тое, пра што я магу казаць з абыякавасцю. Але ў прынцыпе, ок сітуацыя, добра, што так усё атрымалася.

— Тое, што яна гэта апублікавала, цябе абурыла?

— О так! Я быў проста раз’юшаны, калі шчыра. Прычым разумееш, як было. Яна кажа: «Я хачу што-небудзь напісаць, каб стаць скандальнай». Ёсць тэма: трэба пісаць пра праграму Каліноўскага. Бо многія гэтых каліноўцаў не любяць, трэба пісаць.

— Ты стаў прадзюсарам. 

— Трэба напісаць усё як ёсць: пра наркату, алкаголь, левых людзей. Яна кажа: «Так, слухай, добрая ідэя». І пасля яна гэта напісала, толькі я яшчэ там аказаўся (смяецца). Эй, я так не планаваў, прабачце.

Напісала і напісала, але ў Польшчы яшчэ ж паставілі спектакль.

Адар'я Гуштын.

— Паставілі?

— Так, быў спектакль, яго паказвалі ў горадзе, дзе я вучыўся. Нейкі чэл граў мяне. Але я не чытаў — адразу кажу. Я вельмі шмат ведаю, мне скідвалі ўрыўкі, у мяне пыталіся…

Гэта цікавая тэма была, бо ў фэйсбуку пра гэта не пісалі.

— Тады асабліва гэта не было развіта.

— Усё было ўжо топ з фэйсбукам, але проста ніхто не ведаў, ці лезці ў гэта, як рэагаваць. Чытала вельмі шмат людзей, вельмі шмат! Са мной размаўляла куча людзей, але ніхто не напісаў пост: што ўвогуле адбываецца?

— Чытаць гэта вельмі складана. Гэта на мяжы з парнаграфіяй.

— Я, можа, калі-небудзь прачытаю, калі шчыра. Хаця, слухай, падманваю: я хацеў прачытаць — выдаліла ж, няма. Цяпер ужо не знойдзеш. Цягам апошняга года думаў: трэба, трэба прачытаць. Не знайшоў.

— Але, у прынцыпе, публічна абмяркоўваць стасункі для цябе нармальна? Для цябе нармальна, бо ты сам маеш такі грэх. Зараз магу памыліцца, папраў мяне. «Цікава, чаму маёй дзяўчыне не падабаецца, што мне падабаецца іншая дзяўчына?» І ўсе ведаюць, хто адна дзяўчына, хто другая.

— Я такі мудак! Выбачаюся адразу перад Вольгай Гарапучык. Я тады проста піў.

— Ты вырашыў усё ж яшчэ раз нагадаць.

— Я казаў пра гэта пасля, было інтэрв’ю на «Куку» пра няўдалыя спатканні. Я сказаў: у той сітуацыі я быў вялікім мудаком.

— Гэтую практыку «Дома-2» скончыў ці будзеш працягваць?

— Я проста перастаў кахаць адну дзяўчыну і пачынаў кахаць другую. І мне страшна было гэта разарваць, закончыць, таму я пачаў цягнуць. Гэта не былі фізічныя здрады, але гэта таксама здрада.

— Чаму пра гэта мусіла ведаць тысяча чалавек?

— Ну таму што я мудак, у гэтай сітуацыі мудак. Ведаеш, як тады было яшчэ: адна мяне заблакавала, другая заблакавала, і я быў пакрыўджаны на ўвесь свет.

— Ты спрабаваў дагрукацца праз тое, што пішаш публічна?

— Гэта ж тэрапія, ты пішаш пра тое, што табе баліць, фатаграфуеш сябе, калі ты сабе не вельмі падабаешся. Тут няма чаго гаварыць, няма апраўданняў проста. Так рабіць нельга. Калі вы адчуваеце, што пачуццяў больш няма, трэба ўсё заканчваць, не цягнуць і не падманваць іншых людзей. 

Пра рускую мову (37:04)

— Чаму ты размаўляеш па-руску? Я шчыра думала, што хаця б на гэтым інтэрв’ю ты будзеш размаўляць па-беларуску. Гэта было б арганічна.

— Гэта ж мова маіх бацькоў, мая родная (смяецца). Я з дзяцінства размаўляю па-руску, у чым праблема? Так атрымалася, на «мове» размаўляў гадоў 8, а пасля паехаў у Кіеў на стажыроўку ў «Крым.рэаліі» і прыйшлося гаварыць па-руску — людзі з Крыма там, не з Украіны. І неяк так выйшла, што я месяц у Кіеве (гэта вельмі дзіўная гісторыя) гаварыў па-руску і не змог вярнуцца да «мовы». Не ведаю. 

— У мяне была версія, што па-руску табе прасцей «здымаць нейкіх цёлак» у бары…

— Я не такі чалавек, ты што! Я не магу пазнаёміцца ў бары, гэта гісторыя не пра мяне. Пра «здымаць цёлак» — гэта не пра мяне, не, ты што! Для такіх, як я, ёсць ціндар, ёсць лайкі, ты проста ставіш лайкі, лайкі, лайкі і не пішаш, паўгода ставіш лайкі. Не, ты што, я дзяўчат у бары магу на таксі дадому адправіць. Мне ўся гэта эстэтыка, — пайсці, п’яным скарыстацца становішчам, — яна мне не падабаецца.

— Іван — джэнтльмен.

— Другі важны момант: ты сядзіш з дзяўчынай, выпіваеш… Калі выбіраць між сэксам і алкаголем, я выбіраю алкаголь. Гэта рэальная гісторыя, калі я сядзеў з дзяўчынай у курылцы і яна кажа: «Паслухай, можа, мы пойдзем да цябе?». Я адказваю: «Давай лепш вып’ем». Бо я не хачу п’янага сэксу, не зразумела з кім. Гэта глупства. Ты прачнешся, у цябе будзе пахмелле, не зразумела, які чалавек з табой, свет будзе здавацца жахлівым. Таму здымаць (што за слова такое!), знаёміцца з дзяўчатамі ў барах, пасля нейкім чынам гэта выкарыстоўваць або выкарыстоўваць алкаголь, — гэта ніколі не было пра мяне. Я гэтага не рабіў і не буду.

Пра групавы сэкс (39:08)

— Я зараз задам пытанне, ад якога ў цябе можа затузацца нага. Групавы сэкс — для цябе норм?

— Не затузалася (смяецца).

— Ок. Працягваем.

— Ну як табе сказаць. Я неяк разышоўся з дзяўчынай і не хацеў пачынаць новыя адносіны. Мне патрэбен быў сэкс, як і многім людзям на гэтай зямлі. Так уладкаваны свет — патрэбен быў сэкс. Калі ты проста шукаеш сэкс без абавязкаў, абавязкова гэтыя абавязкі з’яўляюцца або ў аднаго, або ў другога партнёра, сэкс пасля ў штосьці перарасце. Нехта будзе пакрыўджаны, нехта захоча застацца на ноч.

У мяне таксама былі адносіны, дзе я проста сустракаўся з дзяўчынай, мы займаліся сэксам, а яна пасля мне кажа: «Дык я застануся?» Вось гэтых момантаў няёмкасці, бо «не, мы так не дамаўляліся, ты не застанешся», хацелася пазбегнуць. І для гэтага я пайшоў шляхам сямейных пар, бо імавернасць таго, што яны пасля захочуць разбурыць сваю сям’ю, пакінуць сваіх дзяцей, малая. Гэта не тое што я адэпт групавога сэксу.

— Ты проста за сямейныя каштоўнасці!

— Гэта была проста магчымасць сэкс атрымліваць бясплатна, хаця платна я таксама гэта рабіў, я часам карыстаўся паслугамі прастытутак. Гэта дорага. Каб рэгулярна атрымліваць сэкс, трэба шмат зарабляць. Калі ты можаш за яго плаціць — нармальны варыянт. А другі варыянт — шукаць сямейныя пары, з якімі ты спіш і рэальна нікому ты больш не патрэбны. Яны цябе таксама выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах, ім таксама не патрэбен чалавек, які пасля будзе кветкі насіць жанчыне або мужчыне. Таму пачаў хадзіць на спатканні з сямейнымі парамі, часам у мяне быў групавы сэкс.

— Заява міліцыі, калі разагналі свінгерскую вечарынку, пра тое, што «замахваюцца на традыцыйныя адносіны мужчын і жанчын». Ты калі гэта ўсё чытаў, у цябе якая была рэакцыя? Мне здаецца, гэта нейкі небяспечны сігнал, што да цябе могуць уварвацца проста ў кватэру і сказаць: чувакі, вы, па нашым меркаванні, займаецеся не тым, чым трэба.

— Шчыра, не было ніякай рэакцыі, на той момант я да ўсяго гэтага астыў і перастаў удзельнічаць. Міліцыя — яна ўвогуле кепская, Шуневіч кепскі, усё, што ён кажа, кепска. Ты да дрэннага прызвычайваешся, чытаеш і думаеш: госпадзе, што за жэсць? Але не болей за тое. А астыў да групавога сэксу, бо гэта таксама эмоцыі, я таксама не проста чалавек, у якога ёсць…

— Табе проста надакучыла, што цябе выкарыстоўваюць?

— Не, было часам непрыемна. Сэксу, зразумела, хочацца. Ты сядзіш з людзьмі на кухні ў сябе дома, яны п’юць гарэлку (гэта першы дрэнны знак), яны кажуць: «Паслухай, а што ты за музыку слухаеш? Давай мы ўключым сваё». Яны ўключаюць радыё «Шансон», яны вельмі непрыемныя людзі, але вы апынуліся ў гэтым пакоі, ты думаеш: «Ну куды ўжо адступаць, зоймемся, мабыць, сэксам». А пасля сэксу думаеш: «Госпадзе, куды я ўвогуле трапіў?» А яны кажуць: «Мы ж застанемся, мы з’язджаем у нашы Смалявічы праз пяць гадзін, таму мы з табой пераначуем?» Я кажу: «Добра, толькі я з вамі спаць у адным ложку не буду», — і замыкаюся ў пакоі. Яны прыходзяць да мяне і кажуць: «Паслухай, давай, можа, яшчэ раз зоймемся сэксам?» Я проста хаваюся пад коўдрай і кажу: «У мяне панічныя атакі, пакіньце мяне, калі ласка». Карацей, у мяне вельмі дрэнныя часам бывалі сітуацыі. Таму, думаючы пра сэкс, трэба помніць, што будзе пасля сэксу.

— Ты чытаеш каментары пра сябе?

— Не, не, не чытаю. Часам чытаў…

— Калі была сітуацыя з «Белсатам», я ўвогуле думала: «Цікава, у Івана ўвогуле там ёсць адпачынак ці ён сядзіць і ва ўсіх галінах адказвае?»

— Я не чытаю каментары на «Нашай Ніве».

— Чаму?

— Іх шмат, гэта не цікава: ананімныя людзі нейкія. Хоць яны цікавыя тым, што ананімна ты можаш сказаць паболей і больш рэзка. Але тое, што пішуць у фэйсбуку, я прачытаў амаль усё, дзе можна было знайсці па маім прозвішчы або па тэгу.

— Ты можаш прыгадаць нейкі каментар, які цябе абразіў, сапсаваў табе настрой.

— Я чытаю каментары з 14 год, у той ці іншай ступені, у розных сітуацыях. Гэта не першая фэйсбук-вайна, у мяне тут розныя ёсць медалі.

Мне пофіг, шчыра. Ёсць каментары, якія, калі напішуць, мне будзе балюча, так, праўда ёсць. Калі напішуць пра тое, што ў мяне лішняя вага, напрыклад, гэта мяне рэальна зачэпіць, калі напішуць пра крывыя зубы, магчыма. Можа быць, пра залысіну — вось я сяджу ў шапцы, — гэта будзе крыху крыўдна.

— Такія дробязі цябе могуць пакрыўдзіць?

— Усё астатняе, што пішуць пра мае погляды або пазіцыю, — усё ок. Я таксама цяпер спрабую зрабіць выгляд, што я такі непрабівальны і мне пофіг. Шалею, канечне. Нават у гэтай сітуацыі з «Белсатам» я дапусціў некалькі эмацыйных каментароў, яны, канечне, не такія былі заўважныя, ды я і ахвяра, мне можна часам. Але так, эмоцыі бываюць.

Пра «свецкага льва» (44:23)

— Калі цябе ўпершыню назвалі «свецкім львом», якая была твая рэакцыя?

— (Смяецца.) Лол, лол, лол. Ну прыкольна, мяне забаўляе гэтая тэма, на самай справе. Мне проста не падабаецца, калі пра гэта мне кажуць сябры — бо які я свецкі леў? — але калі пра гэта пішуць, гэта ок. Калі я прыводжу ў шаленства людзей, бо пра гэта пішуць, мне падабаецца глядзець часам.

— Ведаеш, які самы залайканы камент пад гэтым? Я ўчора перагледзела.

— Не.

— «Іван не леў, а свецкая шыншыла».

— Не магу ўявіць шыншылу, таму не смяюся, але добры каментар, ок, класна.

— Я зараз памылілася, гэта быў адказ на твой пост пра вайну.

— Як гэта ўвогуле можна мяшаць, вайна — гэта важная тэма.

— Леў — ён будзе біцца, а шыншыла будзе сядзець у клетцы.

— А, вось як. Госпадзі, слухай… Я магу, але не хачу зараз страляць, пачынаць спрэчку з ананімнымі і не толькі каментатарамі. Пра вайну я ўжо сказаў. І вельмі добра будзе, калі гэта будзе толькі такая тэарэтычная спрэчка.

Пра стаўленне да Лукашэнкі (45:31)

— Я чытала на «Свабодзе» твой тэкст, штосьці накшталт «Топ адметнасцяў, калі вы жывяце ў Беларусі». І там была прыкольная штука пра Лукашэнку, ты пішаш (цытата вялікая, але я ўсё ж зачытаю).

— Мне падабаецца.

— І мне таксама: «Вы ставіцеся да Лукашэнкі як да дажджу: супраць дажджу няма сэнсу змагацца, можна з’ехаць у іншую краіну, дзе яго менш, можна набыць парасон, проста прызвычаіцца і нават палюбіць. Альбо казаць, што дождж — гэта лепш, чым завіруха». Як ты ставішся да Лукашэнкі?

— Мне здаецца проста, што Лукашэнка перастаў быць выключна нейкім палітычным аб’ектам, да якога можна ставіцца як да палітыка. Ён агульны, усе кажуць: Лукашэнка ў кожным з нас, Лукашэнка, Лукашэнка… Не ведаю, шчыра, як бы так коратка адказаць пра Лукашэнку.

Ён мяне часам забаўляе, кажа прыкольныя рэчы. Напрыклад, тэма з «Давай, пака!». Гэта ж настроі многіх людзей. Лукашэнка крыху ваюе з Расіяй, ён такі дурнаваты, але ён усё роўна за нас. Ён шмат каму стаў крыху больш сімпатычны. Кіркевіч, які ў турме сядзеў праз Лукашэнку, кажа: яго трэба падтрымаць, каб у нас не было вайны. Адбылася такая перамена. Я праўда сабе нагадваю: людзі памерлі, людзям паламалі жыццё, людзі сядзелі ў турмах, у Казуліна жонка памерла, пакуль ён сядзеў — гэта ўвогуле не пусцяковая гісторыя.

У мяне ёсць такое жаданне палюбіць Лукашэнку, як старэйшага брата… Не палюбіць, а стаць ок з гэтым: крыху пасмейвацца, які класны каментар, а тут зрабілі ІТ-краіну, усё будзе класна. Але я сябе тут…

— Стрымліваеш?

— Не стрымліваю, кажу сабе: эй-эй, не трэба. Гэта дрэнны шлях, карацей.

— У цябе ёсць адказ на пытанне, якое задаюць усім апазіцыянерам: калі не Лукашэнка, то хто?

— Само пытанне дрэнна сфармулявана. Яно сфармулявана выгадна для Лукашэнкі, быццам няма альтэрнатывы. Справа не ў людзях, я зараз таксама буду гаварыць стандартнае глупства пра інстытуты, грамадзянскую супольнасць і ўсё такое, калі прэзідэнт мае не такое вялікае значэнне, як Дуда ў Польшчы, напрыклад.

— Табе ж, напэўна, не раз прад’яўлялі, што ты здрадзіў сваім каштоўнасцям, здрадзіў Беларусі. Бог цябе любіць, Іван, вярніся?

— Слухай, не, у мяне няма такіх адчуванняў. Проста няма адзінага правільнага інструмента, як лічыць карысць для Беларусі, што трэба рабіць, што не трэба. Я думаю, што я не самы дрэнны чалавек, шчыра, у мяне ёсць нейкія паняцці і жыццёвыя адчуванні, як трэба ўсё ў жыцці рабіць. Я тут жыву, я дакладна не раблю гэтую краіну горшай, таму ўсё клас, у мяне няма такога адчування.

— Дзякуй вялікі за размову.

— Клас! Дзякуй.

Пасля гутаркі (48:25)

Іван і Ілля Шылы.

— У цябе была дзяўчына ў Салігорску, яе звалі Крысціна, я яе не ведаю, кажуць, яна была супер-пупер прыгожая і класная.

— Можна знайсці ў фэйсбуку.

— Ты пайшоў у войска, яна цябе не дачакалася. Пасля ты такі вяртаешся з войска — а яна сустракаецца з тваім братам.

— Не, яна не сустракалася з братам! Яна знаходзілася з братам у адной пасцелі, гэта не абавязкова абазначае сэкс, але, магчыма, усё да гэтага ішло.

— Усё яшчэ горш, я спрабавала, Іван, больш карэктна сказаць.

— Ну, гэта было, канечне, непрыемненька. Я заплакаў, рэальна, як пабачыў. Але я чакаў, што нешта такое пабачу, адчуваў.

— Чакаў ад яе або ад брата?

— Ад іх абаіх. Там перадгісторыя такая, што мой брат збіраўся з ёй сустракацца, першы раз у жыцці з дзяўчынай. У выніку сустракаўся я. Самае галоўнае, што ў прынцыпе я, калі ў войску служыў, збіраўся з ёй разысціся. Да гэтага ішло.

— Як вы з братам гэта парашалі?

— Вельмі проста, насамрэч. Не было нейкай размовы, Крысціна таксама знікла з жыцця нас абодвух. Я кажу: у 17 год вельмі дзіўныя рэчы адбываюцца, добра, што ўсе жывыя, нічога асабліва не адбылося.

— У той сітуацыі, сапраўды.

nn.by

4
Туш / Адказаць
14.10.2018 / 16:48
Блін, дасталі. Хопіць ужо.
3
Axel Justas / Адказаць
14.10.2018 / 17:02
"Легендарны", "леў", ... Жаўтавата неяк выходзіць. Звычайны засяроджаны на сабе самом малалетка, якога выпадкова вынесла на хвалю навін і гэтак жа знясе ўніз. Хлопчык, людзі навокал таксама займаюцца сэксам, ты не ўнікальны! Скажыце ж яму, хто-небудзь! Не проста нецікава, а гідка чытаць ягонае пустазвонне.
6
Мулла Омар / Адказаць
14.10.2018 / 17:15
I. Шыла "Гнiлая легенда. Апавяданнi савецкага льва".
Паказаць усе каментары/ 50 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру