10.10.2018 / 08:44

У Глушы прэзентавалі прыпынак Алеся Адамовіча ФОТА 13

Падзея адбылася падчас раённага фестывалю народных промыслаў і рамёстваў «Глушанскі хутарок».

Алесь Адамовіч, як вядома, неад'емная частка Глушы. Без выстаўкі яго творчасці ад бібліятэчнай сістэмы Бабруйскага раёна не абыходзілася ніводнае глушанскае свята. На гэты раз акрамя адамовіцкага пункта на маляўнічай фестывальнай пляцоўцы было яшчэ шмат напамінаў пра вядомага беларускага пісьменніка. І галоўная падзея — прэзентацыя ў новым абліччы першага з боку Бабруйска прыпынку грамадскага транспарту. Аб'ект у дадатак да асноўнай назвы «Глуша» атрымаў яшчэ адну — «Прыпынак Адамовіча». Дзякуючы плённай працы вядомага беларускага стрыт-мастака Аляксандра Благія і яго памочніцы Юліі Лазоўскай ён цяпер нагадвае старонку з апошняй кнігі пісьменніка «Vіxі» («Пражыта»). З партрэтам пісьменніка, маленькай Глушай на карце Беларусі і радкамі, якія быццам падкрэсліваюць яе значнасць. «Колькі ж разоў я прыязджаў у Глушу! Часцей з боку Бабруйска, часам — праз Старыя Дарогі, з боку Слуцка. Спачатку вочы шукаюць нашы бярозы — радасны дзевяціаршынны выкід зеляніны ў неба, востры дах дома, сінюю веранду: ці сядзіць маці-бабуля на ганку, ці каля бяроз шарэе яе халат… З Глушы, дзе б ты ні знаходзіўся, на ўвесь свет распаўсюджваюцца ціхія мяккія хвалі марудлівага плыткага часу, ранішніх дзіцячых і птушыных галасоў: прыехаў на 2-3 дні ці нават проста пазваніў, і ты зноў спакойны, свабодны для іншых думак і клопатаў, самае дарагое на сваім месцы, і нічога не здарылася».

Талакой лягчэй

Знаўцы адразу ж ацанілі прыпынак, сказалі, што ў такім сімвалічным выкананні гэта наогул першы падобны аб'ект у Беларусі. Яго ініцыятар — бабруйчанін Андрусь Архіпенка, разам з групай падтрымкі здзейсніў неверагоднае. Яго імпэт падтрымалі мясцовыя ўлады, дарожнікі. Заклік да ўдзелу ў конкурсе эскізаў будучага прыпынку быў размешчаны на сайце Бабруйскага райвыканкама. А раённае ДЭУ № 72 правяло падрыхтоўчыя работы для нанясення малюнка і зараз займаецца абслугоўваннем гэтага прыпынку: прыбірае смецце, даглядае аб'ект.

Прыпынак стане своеасаблівым нулявым кіламетрам, ад якога будуць зроблены паказальнікі да аўтэнтычнай аптэкі, дзе плануецца зрабіць музей Адамовіча, дома, дзе пэўны час жыў Алесь Міхайлавіч, вуліцы, названай у яго гонар, да могілак, дзе ён пахаваны, да помніка, які плануецца ў хуткім часе ўстанавіць, іншых мясцін, звязаных з імем беларускага класіка.

Андрусь разам са сваімі памочнікамі арганізаваў экскурсію па адамовіцкіх мясцінах. Цікавасць да яе праявілі каля 50 бабруйчан, якія прыехалі для гэтага ў Глушу. Сярод іх шмат моладзі і школьнікаў. З Мінска на прэзентацыю прыехалі дачка пісьменніка Наталля Адамовіч і аўтар помніка Алесю Адамовічу, які плануюць устанавіць налета ў Глушы, — Генадзь Лойка. З сабой ён прывёз макет будучага бюста. Прызнаўся, што адчувае вялікую адказнасць за давераную яму работу.

Каб моладзь не забывалася

Прэзентацыя прайшла пад дружныя апладысменты. Па словах Андруся Архіпенкі, афармленне прыпынку — гэта адна з акцый па ўшанаванні памяці пісьменніка. Фіналам павінна стаць стварэнне музейнага комплексу, прысвечанага яму.

— Наша мэта — зрабіць Адамовіча цікавым для цяперашняга пакалення беларусаў. Прыпынак будзе нагадваць, што ў гэтым пасёлку ён жыў і менавіта яму прысвяціў найлепшыя свае творы, — кажа Андрусь.

Наталля Адамовіч прызналася, што цікавасць маладых да яе бацькі была для яе прыемным падарункам.

— Мне радасна, што знайшліся маладыя людзі, якія так цікава распрацавалі і падалі гэты праект. Адзінае, што я зрабіла, гэта па іх просьбе перадала для работы тэкст і фотаздымкі бацькі. Атрымалася проста цудоўна, я нават не чакала.

Старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка лічыць, што Алесь Адамовіч — брэнд Глушы і ўсёй Беларусі, таму памяць пра яго трэба папулярызаваць.

— У рамане «Вайна пад стрэхамі» ідзе размова амаль пра кожнага жыхара Глушы, — адзначыла яна. — Я сама ўраджэнка Гомельшчыны, але, калі прыехала сюды, пазнаёмілася з людзьмі, даведалася, як пісьменнік шанаваў сваю малую радзіму, пра тое, што нават пасля смерці пажадаў быць пахаваны менавіта тут, прасякнулася да Адамовіча яшчэ большай павагай. Адкрыццё «адамовіцкага» прыпынку — гэта вялікі крок на шляху ўшанавання памяці пісьменніка.

Падчас экскурсіі госці наведалі могілкі, дзе пахаваны Алесь Адамовіч і іншыя прадстаўнікі роду Адамовічаў-Тычынаў, і ўсклалі на сімвалічны памятны камень кветкі. А падчас экскурсіі па Глушы дачка пісьменніка расказала пра лёс той самай аптэкі, дзе плануецца адкрыць музей.

— Гэта непасрэдны герой аповесці «Вайна пад стрэхамі», — заўважыла Наталля. — Да вайны тут працавала мая бабуля, а потым, калі немцы ўвайшлі ў Глушу, яна дабілася, каб аптэка працягвала функцыянаваць. І ўвесь перыяд акупацыі — з 1941-га па 1943 год гэта ўстанова працавала. Пад яе прыкрыццём вялася падпольная работа, аказвалася дапамога нашым палонным. У гэтым будынку захавалася аўра тых часоў. Ніякая новабудоўля не заменіць жывога ўспрымання мінулых падзей.

***

Збор сродкаў на музей працягваецца. Далучыцца да добрай справы можаце і вы. Разліковы рахунак існуе пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама р/с BY84AKBB36421292723267100000 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», БІК AKBBBY21703, УНП 701226324.

Прызначэнне плацяжу: «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча». Гэты доўгі сказ павінен быць пазначаны ў банкаўскім дакуменце абавязкова.

12
Фашыстовец / Адказаць
10.10.2018 / 09:34
Добра ведаў Алеся Адамовіча. Памятаю, як ен падпісаў пісьмо пісьменнікаў і дзеячаў культуры ў падтрымку растрэла расійскага парламента (пісьмо 42-х). “К Нюрнбергскому суду над Хасбулатовым, Руцким и др. «за попытку спровоцировать, развязать, опираясь на определенные организации и силы, гражданскую войну» призывал и Алесь Адамович, один из 42-х подписантов и, возможно, один из авторов Обращения демократической общественности. Адамович очень просил пресс-секретаря президента Костикова, чтобы тот показал Ельцину его статью «Власть не должна валяться под ногами». Костиков зачитал президенту вслух абзацы, выделенные самим автором. «Со слуха идея нравится», — сказал Ельцин.”
1
Васіль Грыбоўскі-Гурыновіч / Адказаць
10.10.2018 / 09:46
Дзякуй вялікі рупліўцам!
14
Василий Шандыбин, герой соцтруда / Адказаць
10.10.2018 / 09:52
Фашыстовец, только конченные люди могли подписать такое обращение. Я читал это письмо 42-х. Жаль, что среди этих .... оказались Адамович и Быков, которым мы верили и читали их труды.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру