Па-першае, улічыце, што ў беларускі радзільны дом рэчы трэба везці толькі ў поліэтыленавых пакетах. Ніякія торбы і нараканні на экалогію не прымаюцца. Па-другое, зручна падзяліць усё патрэбнае на тры пакеты — для родаў, для немаўляці і для мамы. З першым пакетам вы паедзеце нараджаць, астатнія рэчы вам перададуць сваякі ў пасляродавае аддзяленне. І трэцяе важнае правіла: не набіраць вялізны багаж, бо ніхто, акрамя парадзіхі, яго насіць не абавязаны, ды ў стандартных палатах няшмат месца, каб усё размясціць.
Фота: pixabay.com.
Пакет для родаў
- Дакументы (пашпарт, абменная карта, дамова, калі заключалі);
- Гумовыя тапачкі (якія можна памыць);
- Тэлефон, зараднае;
- Мяккая туалетная папера і прадметы асабістай гігіены (зубная паста, шчотка, мыла, расчоска);
- Кубак, лыжка, відэлец;
- Некалькі падгузкаў на дзяцей вагой 2—5 кг (загадзя аддаць медсястры);
- Ручнік і некалькі пялюшак;
- Бутэлька вады 1 л і што-небудзь салодкае (напрыклад, зефір);
- Пакеты для адзення і абутку, у якім прыедзеце нараджаць.
Пакет для мамы
- Халат;
- Некалькі начных сарочак (лепей на шлейках, калі збіраецеся карміць грудзямі, ці адмысловыя, з зашпількамі) і станікаў для кармлення;
- Аднаразовыя майткі, пракладкі ўралагічныя ці вялікія начныя;
- Некалькі пар шкарпэтак;
- Укладышы ў станік;
- Сродкі для душа, патрэбная касметыка;
- Пакеты для бруднай бялізны.
Пакет для малыша
- Пачак падгузкаў для нованароджаных 2—5 кг;
- Дзіцячыя вільготныя сурвэткі, невялікі ручнік;
- Дзіцячы крэм, прысыпка;
- Пачак аднаразовых пялюшак, 5—6 баваўняных;
- 2—3 бодзі або сліпы, шкарпэтачкі, каптурык, рукавічкі.
Фота: 7ya.ru.
І яшчэ некалькі лайфхакаў
1. Улюбёная музыка дапамагае лягчэй пераносіць схопкі. Падрыхтуйце свой плэйліст і вазьміце навушнікі.
2. Падчас родаў вельмі хочацца піць, але рабіць гэтага нельга. Вазьміце з сабой флакон тэрмальнай вады, каб папырскаць на твар — будзе лягчэй.
3. Адразу пасля родаў вельмі хочацца есці. Не ігнаруйце гэта, бо на прыём ежы па раскладзе радзільні можаце не патрапіць.
4. Загадзя вызначце, як будзеце карміць дзіця. Калі ў вас плануецца кесарава, набудзьце малакаадсос, каб наладзіць лактацыю і перадаваць малышу сваё малако. Калі ў вас плоскія смочкі, вазьміце з сабой спецыяльныя накладкі для кармлення. Крэм для смочак будзе дарэчы.
5. У пасляродавых палатах цягам ночы гарыць святло. Калі вам гэта замінае, паклапаціцеся пра маску на вочы.
6. Каб хутчэй ачуняць пасля родаў, вазьміце тое, што ніяк з імі не звязана. Напрыклад, кніжку ўпадабанага аўтара або часопіс.
7. Савецкая практыка выкарыстання падкладаў яшчэ жывая. Калі вам накладаюць швы, могуць параіць пэўны час карыстацца менавіта падкладамі, а не пракладкамі, каб забяспечыць патрэбную тэмпературу і цыркуляцыю паветра. Вырашыце скарыстацца парадай — падрыхтуйце чыстую баваўняную тканіну, якую потым парэжаце на кавалкі.
Улічыць ўсё немагчыма, кожныя роды — асобная, часам непрадказальная, гісторыя. Аднак належная падрыхтоўка дапаможа займець правільны настрой і звесці дыскамфорт да мінімуму.