14.10.2018 / 11:14

Марыя Роўда пра «Ноч» Марціновіча: Спачатку мне падалося, што гэта мікс Павіча і Пелевіна, але ўсё аказалася не так 12

Гэтую кнігу я атрымала ў падарунак, прычым у такі момант, калі адзін вельмі настраёвы твор быў скончаны, а ўсё астатняе падавалася «не такім-не гэтакім». Плюс назбіралася і свайго, і чужога, дзеля чаго трэба было тэрмінова цюкаць па клавішах. Да ўсяго ў галаве круцілася пытанне, ці можа пісьменнік пераўзысці сам сябе. Хай ён і працаголік, і таленавіты, і ўмудраецца паспяхова прасоўваць беларускую літаратуру, дзякуючы сваім асабістым якасцям. Але цікаўнасьць перамагла, і я рызыкнула адкласці свае справы і саграшыць з незапланаваным тэкстам. 

Спачатку ў мяне склалася ўражанне, што гэты раман — бясшоўны мікс паміж Павічам і Пелевіным, але менавіта бясшоўны. Потым мне падалося, што аўтар — вельмі самотны чалавек, які спрабуе пераадолець сваё расчараванне «часам, а болей месцам», спрабуючы стварыць рэчаіснасць, якая можа яго пазабавіць. Далей твор ператварыўся ў кіберпанк, і мне падумалася, што гэтая кніга — для мужчын, каторыя любяць Уільяма Гібсана, а таксама для жанчын, каторыя памятаюць, што для такіх прыгожых мужчын, як Кіану Рыўз, лыжкі няма. І з якой нагоды мне павінен падабацца раман, хай сабе і на экалагічна-эзатэрычную тэму, дзе, здаецца, сімпатычны герой, створаны не менш сімпатычным аўтарам, выпраўляецца на пошукі нейкай чужой жанчыны на край свету? Архетыпаў тут, як вы разумееце, хапае. 

Але было запозна захоўваць да тэкста дыстанцыю. Я ўжо была ў ім: удзельнічала ў квэсце, мужна чытала запілы пра рэкі крыві і горы мяса (і гэна быў не рэцэпт), хапалася за гарачае жалеза паравоза, каб ацаніць спасылку на Андрэя Платонава, хаця, прызнаюся, прачытала па дыяганалі некаторыя жорсткія сцэны з сабакам і троху расчаравалася ў тым, як хутка (асабліва ў параўнанні з астатнімі эпізодамі) і без мучэнняў — хаця б для прыліку — герой выбавіўся ад жанчыны-пасткі. Мае сябры і блізкія за час майго чытання кнігі паспелі з павагай даведацца, што аб’екты, якія акаляюць нас у рэальным свеце, у «Ночы» Віктара Марціновіча называюцца інакш і маюць сімвалічнае значэнне.

Праўду кажучы, гэты раман цяжка аналізаваць, хоць у ім дастаткова трапных пісьменніцкіх знаходак і крос-рэферэнцыяў на здабыткі беларускай і сусветнай культуры, на містычныя рэлігіі, на філасофскія вучэнні. Гэты тэкст — як вецер: ён можа быць моцным, слабым, халодным, цёплым, паўночна-заходнім, дзевяць метраў у секунду. Гэты твор саматоесны, адпаведны самому сабе. Ён як куля пад сэрцам: з ёй балюча, але без яе — канец. Аперацыя непажаданая.

У гэтым тэксце, як мне падаецца, найменей ад Віктара Марціновіча як асобы і найболей ад аўтара-майстра. З майго боку гэта сур’ёзны камплімент, хаця ёсць вялікая імавернасць, што ўсё дакладна наадварот, асабліва ўлічваючы, што аўтар умее прымусіць чытача ў кожным сваім творы верыць, што менавіта гэты апавядальнік ці галоўны герой і ёсць Віктарам Марціновічам. У пэўнай ступені «Ноч» успрымаецца як квінтэсенцыя папярэдніх тэкстаў, але яна больш дасканалая, пазбаўленая хадоў, якія выглядаюць як пісьменніцкі пошук ці практыкаванне. Раман арганічны як па спосабе пісьма, так і па развіцці сюжэта. Гэты твор падаецца мне даволі маскулінным, але і не такім халодна-аналітычным па стылі, як месцамі «Мова». У новым рамане аўтару вельмі добра ўдалося прапусціць апавяданне праз светаўспрыманне галоўнага героя і пабудаваць цэлы няісны свет, абапіраючыся на меркаваную эмпатыю чытача. Па-ранейшаму раман прызначаны для чалавека ўважлівага, бо не кожны ў канцы кнігі будзе памятаць пра тое, што прадмова твора ёсць і яго пасляслоўе.

У «Ночы» беларуская і сусветная літаратуры — гэта дадзенасць, і аўтар вядзе з чытачом гаворку на роўных, не папытаўшыся загадзя «Якую музыку ты слухаеш? Якія кніжкі чытаеш?» (Быў такі час, калі менавіта гэтак знаходзілі адзін аднаго.) Галоўны герой рамана Кніжнік і так усё ведае пра сваіх суразмоўцаў і ўсіх іх можа раскласці па паліцах. Я думаю, што, дзякуючы вобразу героя і твору ў цэлым, значная колькасць людзей зможа альбо парадавацца пазнаванню любімых ці проста вядомых тэкстаў, альбо адкрые для сябе нешта новае са здабыткаў сусветнай культуры. Пры гэтым «Ноч» не ўспрымаецца як імітацыя, а чытаецца як абсалютна аўтэнтычны твор. Ён пабудаваны на арыгінальнай інтэрпрэтацыі мясцовага ладу жыцця, культуры, менталітэту і абапіраецца на знаёмую ўсім тапаніміку ў вельмі нечаканай якасці. Нашая «сярмяжная» рэчаіснасць, пасля таго як спаленыя ўсе прэтэнзіі на еўрарамонт, гламур і хюге, а «яблычнікі» перасталі працаваць, выяўляецца часткай вялікай старажытнай і пры гэтым пазачасавай плыні містычных і філасофскіх ведаў. Раман мае ўсе шанцы зрабіцца знакавым для чытачоў і быць феноменам не толькі культуры, але і пабытовага жыцця. 

Хаця ў рамане пануе ноч, твор узгадваецца мне як вельмі светлы, у нечым нават наіўны, насычаны трапнай сацыяльнай сатырай (часам мне здавалася, што я чытаю Марка Твена) і прасякнуты вытанчаным пачуццем гумару. Я думаю, гэта той выпадак, калі аўтар не спыняецца на дасягнутым, не эксплуатуе старыя хады, а расце над сабой як пісьменнік і як апавядальнік.

P.S. Звычайна падобныя рэчы канстатуе сам пісьменнік, але на ўсялякі выпадак дадам, што ўсе супадзенні ў гэтым творы ёсць выпадковымі (але ад гэтага не меней прыемнымі).

6
Шабаны / Адказаць
14.10.2018 / 13:21
Скажите просто: стоит читать или трата времени?
9
ласла / Адказаць
14.10.2018 / 14:38
короче, графомания
7
+375296373783 / Адказаць
14.10.2018 / 15:27
Шабаны, чытаць трэба , акрамя гэтага яшчэ і разумець трэба, а ўжо потым фармаваць свой светапогляд.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру