Двое аферыстаў з Ліды і Лідскага раёна ў працэсе следства аказаліся датычнымі да забойства беларуса ў Адэсе, паведамляе СК у сваім тэлеграм-канале.

У красавіку яны шляхам злоўжывання даверам завалодалі 25 тысячамі рублёў кіраўніка замежнага прадпрыемства. Яны рэалізавалі аднаму з прадпрыемстваў абсталяванне, аднак грошы законнаму ўладальніку не вярнулі. Працяглы час рознымі спосабамі апраўдваліся за іх растрату.

У выніку мужчыны былі затрыманыя і змешчаныя пад варту.

У ходзе расследавання была праверана датычнасць да здзяйснення іншых злачынстваў. Напрыклад, стала вядома пра забойства, учыненае імі ў ліпені 2016 года.

Тады мужчыны шляхам падману атрымалі ў 57-гадовага лідчука 17 тысяч даляраў. Каб грошы не вяртаць, нібы ў мэтах адпачынку і наступнага працаўладкавання вывезлі мужчыну ў Адэсу і ў ноч на 27 ліпеня забілі на месцы малатком. Мужчына памёр ад вялікай колькасці ўдараў па галаве.

Ва ўзаемадзеянні з праваахоўнікамі Украіны атрыманыя звесткі пацвердзіліся, а абвінавачаныя далі прызнальныя паказанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0