Фота Сяргея Гудзіліна
Мінулы верасень у Беларусі стаў самым цёплым за апошнія 74 гады. Такая інфармацыя размешчана на сайце Гідрамета Мінпрыроды, піша БелТА.
«Верасень характарызаваўся перавагай па-летняму цёплага надвор'я. І толькі ў трэцяй дэкадзе месяца пахаладала. Сярэдняя за месяц тэмпература паветра склала 13—16,5 градуса цяпла, што на 2—3,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Такім цёплым верасень у Беларусі выдаўся ўпершыню за пасляваенны перыяд», — гаворыцца ў паведамленні.
Сярэднясутачная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі краіны толькі 22-23 верасня панізілася да 14 градусаў цяпла, што ў кліматалогіі лічыцца заканчэннем лета. Гэта ў сярэднім на дзве дэкады пазней за звычайныя тэрміны. Большую частку месяца сярэднясутачная тэмпература паветра знаходзілася ў межах плюс 13-19 градусаў.