Рэдактар часопісу «ARCHE» бачыць у хадайніцтве берасьцейскага ГБ аб прызнаньні нумару часопісу экстрэмісцкім матэрыялам «тупое і агіднае запалохваньне».

‑‑ Чаму, на Ваша думку, нумар хочуць прызнаць экстрэмісцкім? Што ў ім экстрэмісцкага?

‑‑ Па‑першае згадаю эфэкт навізны – здаецца, яшчэ ніколі ў найноўшай беларускай гісторыі штомесячны часопіс на беларускай мове не выходзіў аб’ёмам 1100 старонак і да таго ж з каляровым ілюстрацыямі. 24 кастрычніка брэсцкая мытніца Рэната Нядбаева, канфіскоўваючы часопіс, відаць, думала, што ён яўна ня з нашай рэспублікі паходзіць.

‑‑ Гэты нумар вельмі разнастайны і наагул прысьвечаны падзеям беларускай гісторыі рсейскіх часоў, г.зн. да ўваходу беларускіх земляў у склад Расейскай імпэрыі. Хочацца верыць, што ўласна гістарычны блёк ня быў кваліфікаваны як экстрэмісцкі. Экспэрты брэсцкага КДБ маглі акрэсьліць такім чынам толькі аналіз В. Сіліцкага аб парлямэнцкіх выбарах, два матэрыялы пра выбух 4 ліпеня і, нарэшце, рэцэнзію кінакрытыка А. Расінскага на фільм А. Вайды «Катынь», дзе аўтар ставіць чэкістаў і фашыстаў у адзін шэраг.

Як на мяне, у тым, што нумар прызнаны экстрэмісцкім, вінаватыя ня нашы аўтары і напісаныя імі тэксты. Я бачу ў гэтым праяву круговай парукі нашых сілавых ведамстваў. Замест таго, каб выправіць відавочнае галавацяпства, брэсцкае КДБ пакрывае брэсцкую мытню, бо і першыя, і другія гадамі прывыклі выціраць ногі аб такіх людзей, як мы з вамі.

Я бачу тут таксама тупое і агіднае запалохваньне. Пасланьне людзей, якія гэта ўчынілі, на звычайную мову можна перакласьці так: маеш ты рэгістрацыю, ня маеш, усё роўна вырашаць, пусьціць цябе за мяжу ці не, буду я сам.

‑‑ Што думаеце рабіць?

‑‑ Адказам «ARCHE» на ўсё гэта будзе напружаная і пасьлядоўная праца. Сёлета мы выпусьцілі адзін нумар на 1100 старонак, налета плянуем ужо два. Такая ацэнка – найлепшае прызнаньне, што праца не ідзе намарна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?