Уладзіслаў Іназемцаў.
Іназемцаў у сваім матэрыяле крытыкуе думку, што наступнымі ахвярамі расійскай агрэсіі могуць стаць Латвія або Эстонія. Думка пра гэтыя краіны проста вынікае з вобразаў Крыма і Данбаса. Пра іх, і пра Украіну, кажуць заўсёды і ўсе, калі пачынаюць абмяркоўваць Расію. Але гадоў восем таму з такой жа зацятасцю ўсе гаварылі пра Абхазію, Паўднёвую Асецію і Грузію, што іх страціла. Паміж гэтымі кейсамі, мяркуе Іназемцаў, ёсць істотная розніца.
У першым выпадку Расія завяршыла адарванне ад суседняй краіны дзвюх тэрыторый, якія абвясцілі сябе незалежнымі, былі прызнаныя Масквой і ператварыліся ў кліенцкія дзяржавы. Наступным разам Расія ўварвалася ў рэгіён, дзе да гэтага не было прыкмет грамадзянскай вайны, устанавіла там кантроль, а пасля нелегітымнага рэферэндуму афіцыйна ўключыла яго ў свой склад. Пры гэтым пацярпелыя краіны (у адрозненне ад Латвіі і Эстоніі) не былі сябрамі НАТА ці ЕС.
А цяпер для таго, каб падагрэць патрыятычны чад унутры Расіі, ёй давядзецца акупаваць цэлую краіну — меркаваную частку так званага «Рускага свету», якая пакуль што не ўваходзіць у заходнія альянсы. І кандыдат тут, мяркуе Іназемцаў, толькі адзін — Беларусь.
Эканаміст лічыць, што падстаў для аншлюсу нашай краіны шмат. Па-першае, для гэтага існуе прававая аснова ў выглядзе так званай «саюзнай дзяржавы», якую можна зрабіць яшчэ больш саюзнай. Па-другое, Расія можа лічыць, што мае на такі крок «маральныя падставы», бо штогод траціць на беларускую эканоміку па $ 7-8 мільярдаў. Па-трэцяе, Крамлю не падабаецца свавольная знешняя палітыка Лукашэнкі. Па-чацвёртае, у Крамлі разумеюць, што ніхто на Захадзе не заступіцца за «апошняга дыктатара Еўропы». Па-пятае, з дапамогай аншлюсу Беларусі можна вырашыць «праблему 2024 года» ў Расіі, калі ў Пуціна будзе заканчвацца чарговы прэзідэнцкі тэрмін. Такое развіццё падзей дазволіць Пуціну стаць кіраўніком новай дзяржавы і атрымаць патрыятычны ўздым унутры Расіі, які быў бы мацнейшым за крымскі.
Публіцыст лічыць, што ёсць усе падставы чакаць рэзкай эскалацыі вакол Беларусі ўжо ў наступным годзе.