president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць адзінства ў Царкве. Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі Кірылам у Мінску.
«На жаль, наша Царква вельмі часта ў гісторыі станавілася закладніцай міждзяржаўных адносін. Часам нашых няправільных учынкаў, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Вы павінны ведаць нашу непахісную дзяржаўную пазіцыю, што раскол — гэта заўсёды дрэнна. І гэта дрэнныя наступствы. Наступствы небяспечней за ўсё. Таму мы вельмі балюча ставімся да таго, што адбываецца сёння ў праваслаўі».
Лукашэнка падкрэсліў, што сучасны свет змяніўся. «Мала таго, што паскорыўся, ён змяніўся не ў лепшы бок. І закладнікі ўжо ўсё насельніцтва нашай планеты. Гэта перш за ўсё дрэнны настрой. А настрой — заўсёды быў адказнасцю Царквы. Таму гэта б'е найперш па Царкве, па яе служыцелях», — канстатаваў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў патрыярха ў Беларусі, адзначыўшы, што гэта родная зямля для іх абодвух. «Заўсёды напярэдадні нашых сустрэч я ўспамінаю ваш перыяд служэння ў Царкве аж да патрыяршага сану. У нас у Беларусі заўсёды былі вельмі цёплыя ўспаміны. І я вам казаў, у мяне ў памяці засталося ваша перасоўванне са Смаленска ў Калінінград, і абавязкова праз нашу Беларусь (патрыярх Кірыл раней служыў архіепіскапам Смаленскім і Калінінградскім і часта быў праездам у Беларусі). Напэўна, з таго часу вы закахаліся ў гэтую не чужую для вас зямлю», — сказаў Лукашэнка.
Ён пажадаў патрыярху Кірылу мудрасці і цярпення. «Мы, як прыхаджане, будзем старацца падтрымліваць яднанне ўсіх працэсаў, каб захаваць мір на зямлі. Ужо занадта блізка мы падышлі да небяспечнай рысы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.