У Віцебску 24-гадовую жанчыну, якая прадавала ў інтэрнэце неіснуючыя шубы, прысудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, паведамляе БелТА.
Фота: flickr.
Жанчына з лістапада па снежань 2017 года стварала на інтэрнэт-пляцоўцы старонкі, на якіх размяшчала аб'явы аб продажы футраў. Калі пакупнікі пераводзілі на банкаўскую картку грошы, яна атрымлівала іх, а шубы нікому так і не адпраўляла. Пацярпелыя пераводзілі махлярцы сумы ад 75 да 400 рублёў.
Акрамя таго, віцябчанка ў снежні 2016 года ўгаварыла знаёмую аформіць для яе растэрміноўку на мабільны тэлефон коштам больш за 360 рублёў, запэўніваючы, што сама выплаціць доўг. Аднак жанчына растэрміноўку не сплаціла.
Таксама яна здала ў ламбард фотакамеру Canon, якую пазычыла ў знаёмага.
Суд Першамайскага раёна Віцебска прыгаварыў жанчыну да 3 гадоў калоніі без канфіскацыі маёмасці. Акрамя таго, яна выплаціла маральную кампенсацыю і пакрыла страту 33 асобам.