15.10.2018 / 19:34

Раскол у праваслаўі: РПЦ разрывае адносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам 181

Патрыярх Кірыл у Мінску. Фота радыё «Свабода».

У Мінску скончылася пасяджэнне Сінода РПЦ.

Па выніках Сінода ў РПЦ зрабілі афіцыйную заяву. Валакаламскі мітрапаліт Іларыён абвясціў, што РПЦ вымушана разарваць еўхарыстычныя дачыненні з Канстанцінопалем.

Ён паведаміў, што іншага рашэння прыняць не маглі, бо да гэтага вяла логіка адносін Канстанцінопальскага патрыярхата.

РПЦ лічыць дзеянні Канстанцінопаля наконт Украіны нікчэмнымі і некананічнымі.

Гэты крок РПЦ стаў адказам на рашэнне сінода Канстанцінопальскага патрыярхата даць аўтакефалію (незалежнасць) праваслаўнай царкве, якая ствараецца ва Украіне.

11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат зняў анафему (адлучэнне ад царквы) з кіраўніка непрызнанай Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэта і адмяніў дакумент 17 стагоддзя, па якім, як лічыць РПЦ, у яе юрысдыкцыю перадалі тэрыторыі цяперашняй Украіны.

«Царква, якая прызнала раскольнікаў, — выключыла сябе з кананічнага поля», — сказаў Іларыён.

Прадстаўнік РПЦ адзначыў, што Канстанцінопаль цалкам атаясаміў сябе з расколам.

Іларыён нагадаў, што Канстанцінопальскі патрыярх ужо раней «упадаў у ерась» і падпісваў унію з Рымам.

Сённяшняе рашэнне патрабавалі каноны, дадаў Іларыён.

Мітрапаліт Іларыён.

У РПЦ лічаць, што Канстанцінопаль не мае права прымаць апеляцыі ад іншых памесных цэркваў.

Таксама ў РПЦ спадзяюцца, што Канстанцінопальскі патрыярхат зменіць сваё рашэнне.

Простым людзям рэагаваць на гэтыя падзеі трэба спакойна, сказаў мітрапаліт Валакаламскі. РПЦ не зможа ладзіць сумесныя службы, літургіі, міране не здолеюць прычашчацца ў храмах Канстанцінопальскага патрыярхата.

«Наша Ніва» спытала, што азначае гэтае рашэнне для БПЦ?

Іларыён адказаў, што БПЦ, як частка РПЦ, далучаецца да рашэння, у паседжанні браў удзел патрыяршы экзарх мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі.

Арцём Гарбацэвіч; верхнее фота — радыё «Свабода»

6
Димон / Адказаць
15.10.2018 / 19:37
религия-это опиум для народа. эти люди ничего не производят но живут за счет народа. 
2
zzzzz / Адказаць
15.10.2018 / 19:38
Ну цяпер РПЦ афіцыйна секта.
1
нехта нейкі / Адказаць
15.10.2018 / 19:41
Народ взбунтовался, говорят - царь не настоящий!

Паказаць усе каментары/ 181 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру