Удзел Патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі Філарэта (Вахрамеева) ў працы Сінода Рускай праваслаўнай царквы да апошняга часу не афішаваўся. Апошнія гады Філарэт вядзе закрыты лад жыцця. Ён акурат і жыве ў будынку епархіі, дзе і праходзіў Сінод.
Мітрапаліт Філарэт заходзіць на Сінод РПЦ. Фота patriarchia.ru.
Адметна, што ўладыка Філарэт заняў месца па правую руку ад патрыярха Кірыла. Расійскі тэлеграм-канал «Царквач» паведамляе, што зроблена гэта было, каб дагадзіць Лукашэнку. Цяперашняга ж мітрапаліта Беларусі Паўла пасадзілі далей углыб стала.
Чаму ўвогуле Філарэт прымаў удзел у Сінодзе? На сайце РПЦ даецца наступнае тлумачэнне: «У пасяджэнні прымае ўдзел ганаровы Патрыяршы экзарх усёй Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў). Згодна з рашэннем Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы ад 25-26 снежня 2013 года, за залічаным на супакой правялебным мітрапалітам Філарэтам, ганаровым Патрыяршым экзархам усёй Беларусі, захоўваецца права ўдзелу ў працы Святога Сінода».
Мітрапаліту Філарэту 83 гады. Ён родам з Расіі, але з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Беларускую праваслаўную царкву Філарэт узначальваў ад 1990 да 2013 гадоў.