Фота прэс-службы маскоўскага патрыярха
Вернікі РПЦ пасля рашэння Святога Сінода не павінны маліцца ў храмах Канстанцінопальскага (Усяленскага) патрыярхата, нагадаў сакратар Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата протаіерэй Ігар Якімчук. Ён пералічыў спіс тэрыторый, дзе размешчаны «забароненыя» для вернікаў РПЦ храмы.
Якімчук растлумачыў, што ў Турцыі гаворка ідзе пра ўсе дзейныя храмы Стамбула і пра адзіны дзейны храм у традыцыйнай зоне адпачынку расійскіх турыстаў — у Анталіі. Акрамя таго, пад забарону падпадае шэраг цэркваў у Грэцыі — на Крыце і на астравах Дадэканес, размешчаных у паўднёва-ўсходняй частцы Эгейскага мора, самы вялікі з якіх — Родас.
Акрамя таго ён пацвердзіў, што забарона будзе распаўсюджвацца і на цэрквы Афона. «Вядома, ёсць яшчэ Афон, які таксама ў юрысдыкцыі Канстанцінопаля, але адпачываць туды не ездзяць», — дадаў ён.
Калі вернікі не будуць прытрымлівацца рашэння Сінода, ім трэба будзе пакаяцца пра гэта на споведзі, папярэдзіў Якімчук. «За адмову прытрымлівацца такога роду забаронаў для духавенства прадугледжаны пакаранні, а для вернікаў — пакаянне на споведзі ў непаслушэнстве Царквы», — сказаў ён.
Сярод пакаранняў для святароў прадугледжаны вызваленне ад пасады, часовая або пажыццёвая забарона ў богаслужбах, пазбаўленне сану і адлучэнне ад царквы, піша РБК
Не зразумела, ці тычыцца забарона шматлікіх храмаў у Заходняй Еўропе і ЗША, якія адносяцца да юрысдыкцыі Канстанцінопаля.