«Ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — чорная ноч у гісторыі Беларусі. За адну ноч савецкія спецслужбы расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў. Сярод зьнішчаных камуністамі — такія выбітныя творцы, як Міхась Чарот, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Тодар Кляшторны, Юрка Лявонны, Валер Маракоў і многія іншыя. Такога злачынства ня ведае гісторыя ніводнай эўрапейскай дзяржавы.
Дзеля ўшанаваньня памяці нявінна забітых паэтаў і пісьменьнікаў давайце зьбярэмся 29 кастрычніка ў Курапатах. Фармат вельмі сьціплы і годны: чытаем творы рэпрэсаваных Саветамі літаратараў, сучасныя творы на адпаведную тэматыку. Чытаньні будуць праходзіць з 20-ай да 24-ай гадзіны з таго боку Курапатаў, дзе бульбашжор «Поедім-поедім». Зьбіраемся ля 6-метровых крыжоў, якія ўсталёўвалі сёлета.
У «Ночы расстраляных паэтаў» чакаецца ўдзел многіх вядомых пісьменьнікаў, паэтаў і музыкаў. Прыходзьце і вы! Хто мае магчымасьць падтрымаць мерапрыемства ці дапамагчы ў арганізацыі, адпісвайцеся мне прыватна. Хто мае жаданьне, распаўсюджвайце інфармацыю пра чытаньні і абарону Курапатаў пад хэштэгамі #Ночпаэтаў2018#Курапаты2018» — заклікае ініцыятар сустрэчы Зміцер Дашкевіч.