Рашэння аб тым, як замежнікі могуць перасякаць мяжу Беларусі і Расіі, так і не знойдзена. Пра гэта на пасяджэнні парламента распавёў спікер Уладзімір Андрэйчанка, піша Tut.by.
Дэпутаты ў аўторак у першым чытанні прынялі змены ў законы, якія спрашчаюць уезд замежнікаў у прыгранічную зону Беларусі. Новаўвядзенні ў парламенце прадстаўляў старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо.
Калі змены ў законы запрацуюць, замежнікі змогуць без пропускаў праязджаць на адпачынак у санаторыі і турыстычныя базы праз памежную зону. Таксама ўязджаць у зону і грамадзяне Беларусі, і замежнікі змогуць не толькі па пашпарце, пасведчанні на праважыхарства і пасведчанні аб нараджэнні (для непаўналетніх), але і па іншых дакументах. Акрамя таго, адмяняецца дзяржпошліна за ўезд, часовае знаходжанне і перамяшчэнне на працягу года ў памежнай зоне і ўводзіцца пошліна за выдачу пропускаў у памежную паласу.
Падчас абмеркавання ў парламенце дэпутат Валерый Варанецкі пацікавіўся, як вырашаецца праблема перасячэння беларуска-расійскай мяжы замежнікамі. Нагадаем, расіяне не прапускаюць грамадзян трэціх краін, якія едуць з Беларусі на машыне, аўтобусе ці цягніку.
— Пакуль што будзе так, грамадзяне трэціх краін разварочваюцца (на беларуска-расійскай мяжы), нашы калегі настойваюць на тым, каб грамадзяне трэціх краін рухаліся праз міжнародныя пункты пропуску, — распавёў Анатоль Лапо.
— Гэта наносіць шкоду турыстычнай прывабнасці Беларусі, — заўважыў Варанецкі.
— Я такога ж меркавання, мы са свайго боку ўсё робім, але так атрымліваецца, — канстатаваў старшыня ДПК.
— МЗС займаецца гэтым пытаннем, вы ведаеце. Але некалькі колаў пройдзена, і рашэнне не знойдзена, — дадаў спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка.
TUT.BY пацікавіўся ў кіраўніка ДПК, чаму нельга паставіць на беларуска-расійскай мяжы хаця б адзін міжнародны пункт пропуску.
— Мы не лічым, што ёсць у гэтым неабходнасць, і ставіць з беларускага боку не збіраемся.
Ён пагадзіўся з тым, што ёсць нязручнасць для замежнікаў.
— Мы свае дамоўленасці выконваем, але там іншая дзяржава, яны гаспадары сваёй зямлі, — дадаў Анатоль Лапо.