Заява на рэгістрацыю ПАГА «Рух «За Свабоду» і усе неабходныя дадатковыя дакумэнты чацьверты раз перададзены ў Міністэрства юстыцыі.
У заяве гаворыцца, што асноўнай мэтай Праваабаронча‑асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» зьяўляецца абарона правоў і свабодаў чалавека, якія зафіксаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў міжнародных дакумэнтах па правах чалавека, а таксама асьвета грамадзян у гэтай сфэры.
Рашэньне аб стварэньні Праваабаронча‑асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За Свабоду» прынятае на Устаноўчай канфэрэнцыі, якая адбылася 23 кастрычніка. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі больш за 70 прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Гэта ўжо чацьвёртая спроба Руху «За Свабоду» легалізаваць сваю дзейнасьць. Дакумэнты на рэгістрацыю падаваліся сёлета 10 сакавіка, 21 ліпеня і 12 верасьня 2007, Ва усіх папярэдніх выпадках Мін’юст адмаўляў у рэгістрацыі па розных надуманых прычынах. Абскарджваньні рашэньняў Мін’юсту ў Вярхоўным Судзе плёну не далі.