Уладзімер Макей Аляксандру Косінцу (зьлева) на «Менскім форуме»:
«Цяжкая Вам задача дастаецца».
Новым кіраўніком Віцебшчыны стаў віцэ‑прэм’ер Аляксандар Косінец. Адпаведны ўказ у панядзелак падпісаў Аляксандар Лукашэнка. У аўторак кандыдатуру Косінца мае зацьвердзіць Віцебскі абласны савет дэпутатаў.
Аляксандар Косінец нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Роскі Сялец (Аршанскі раён). Скончыў Віцебскі мэдыцынскі інстытут. З 1982 па 1994 займаў розныя пасады на катэдры шпітальнай хірургіі гэтай ВНУ. Потым цягам двух гадоў кіраваў Рэспубліканскім навукова‑практычным цэнтрам «Інфэкцыя і хірургія». Зь лютага 1997 году зьяўляўся рэктарам Віцебскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту. У сьнежні 2005 году прызначаны намесьнікам прэм’ер‑міністра. Доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар.
У 2007 годзе ўказам Лукашэнкі Косінец стаў памочнікам Аляксандра Папкова, які ўзначаліў рэспубліканскую інфармацыйна‑прапагандысцкую групу па Віцебскай вобласьці. Так што спэцыфіка працы ў гэтым рэгіёне для было віцэ‑прэм’ера будзе не ў навінку.
Нагадаем, што вакансія кіраўніка Віцебскай вобласьці вызвалілася пасьля сыходу ў палату прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі.
Ва ўрадзе Косінец курыраваў сацыяльныя пытаньні (мэдыцыну, адукацыю, рэлігію).
На гэтых выходных Косінец не зьнікаў з экранаў тэлебачаньня, бо менавіта яму Лукашэнка даверыў займацца стварэньнем працоўных лягераў для пітушчых бацькоў.
Паказвалі, як Косінец асабіста сустракаўся з такімі бацькамі. Падчас гэтых сустрэч чыноўнік запомніўся фразай: «Два‑тры разы спазьніўся на працу — у калёнію да двух гадоў». Не пасьпеў з адной справай разабрацца, як накіравалі на іншы фронт.
Косінец узначальваў штаб дапамогі параненым пасьля выбуху 4 ліпеня. Летась ён абараніў магістарскую дысэртацыю па эканоміцы.