Гурт «J:морс» цяпер актыўна працуе над новым альбомам, рэліз якога мае адбыцца на пачатку будучага году. Частку новага матэрыялу можна будзе пачуць на сольным канцэрце з праграмай лепшых песень, які адбудзецца 18 сьнежня ў клюбе «Рэактар».

Праца над дыскам ідзе большай часткай на студыі «Селах» з Андрэем Баброўкам, мастэрынг матэрыялу робіцца ў Кіеве ў Віталя Цялезіна, які працаваў з гуртамі «Океан Ельзи» і «Ляпис Трубецкой». На гэты момант запісана 5 з 15 напісаных для дыска песень. З тым, як ідзе праца над новым альбомам (і ня толькі) лідэр гурту Ўладзімер Пугач знаёміць прыхільнікаў сваёй творчасьці ў інтэрнэт‑дзёньніку, які ён вядзе на форуме афіцыйнага сайту www.jmors.by.

«Плытка будзе ў жанры «песьня«, як і ўсе нашы нумарныя альбомы. Г. зн. асноўная творчая мэта — падабраць менавіта тыя сродкі выяўленьня, якія дапамагаюць песьні раскрыцца, — напісаў Уладзімер днямі. — Ні ў якім разе ня трэба рабіць альбом для крытыкаў, якіх трэба абавязкова зьдзіўляць авангардным падыходам. Па маіх назіраньнях, калі робіш аранжыроўку дзеля аранжыроўкі, песьня доўга не жыве. Гэта з аднаго боку. Зь іншага рабіць яшчэ адзін «Босиком по мостовой« нам самім не цікава, таму ўсё роўна будзем бавіцца і экспэрымэнтаваць».

Між тым, у межах акцыі «Сэрца жыве» працягваюцца інтэрнэт‑таргі, на якіх можна набыць пэрсанальную акустычную гітару Ўладзімера Пугача. Менавіта на ёй за апошнія 5 гадоў ён напісаў большасьць гітоў «J:морс». За мінулы тыдзень кошт інструмэнта ўзьняўся з 200 да 315 даляраў ЗША. Нагадаем, што ўсе сродкі ад продажу гітары пойдуць на апэрацыю па перасадцы сэрца для Мішы Ларына. Падрабязная інфармацыя пра Мішу, гітару і рахункі, на якія можна пералічыць грошы нават не набываючы інструмэнт, знаходзяцца на сайце serca.tut.by. Таргі скончацца 28 лістапада. Спасылка на лот.

18 сьнежня ў клюбе «Рэактар» гурт «J:морс» з праграмай «Гіты і новыя песьні». Пачатак ў 19:00. Квіткі ад 35 тыс. Даведка: (029) 661‑22‑70, (029) 850‑33‑33.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?