17.10.2018 / 14:14

«Саша дастаў саслужыўца з пятлі». Сястра Коржыча расказала, што ён гаварыў пра службу ў Печах 6

«Саша дастаў саслужыўца зь пятлі». Сястра Коржыча расказала, што ён гаварыў пра службу ў Печах, піша Радыё Свабода.

Суд у справе Коржыча аднавіўся пасьля перапынку, выкліканага неабходнасьцю праверкі заяў абвінавачаных. Усе тры сяржанты заявілі аб ціску з боку супрацоўнікаў КДБ падчас папярэдняга сьледзтва. У выніку пракурор Шарсьнёў падаў хадайніцтва аб прыпыненьні разгляду справы і праверкі слоў сяржантаў. Першы раз перапынак на 10 дзён быў абвешчаны 18 верасьня, наступны раз разгляд справы прыпынілі 8 кастрычніка. Паседжаньне 17 кастрычніка пачалося з допыту стрыечнай сястры Аляксандра Коржыча Віялеты Дзяцел.

«Калі даведалася, што Сашу вязуць у Печы, заплакала»

Віялета Дзяцел расказала ў судзе, што была ў вельмі блізкіх стасунках са сваім стрыечным братам. Яны некаторы час разам жылі, гадаваліся побач.

«У нас вельмі блізкія адносіны былі з Сашам, мы былі амаль як родныя, — расказала Віялета. — Я працую мэдсястрой, ведала пра стан здароўя брата. Ён прыходзіў у бальніцу да мяне, рабіў дасьледаваньні. Расказваў, што баліць сэрца. Я ведаю, што ў Сашы быў праляпс мітральнага кляпана».

Паводле Віялеты Дзяцел, яна адной зь першых даведалася, што брата забіраюць у войска. На пачатку траўня 2017 году Аляксандар Коржыч прыйшоў да яе дадому, паказаў позву і сказаў, што не зьбіраецца ўхіляцца ад прызыву. Хоча адслужыць, а ня бегаць ад ваенкамату. Па словах стрыечнай сястры Коржыча, яна не перажывала за брата. Ён быў вельмі камунікабэльным, і Віялета была перакананая, што праблем у Аляксандра ў войску ня ўзьнікне.

«Былі провады, пасьля мы правялі Сашу ў Берасьце, — расказала Віялета Дзяцел. — Ён быў упэўнены, што застанецца служыць там. А прыкладна ў 15 гадзін пазваніў і расказаў, што іх трымаюць на вакзале, зьбіраюцца некуды везьці. Не даюць вады, не пускаюць нікуды. Пасьля перазваніў і сказаў, што вязуць у Печы. Я заплакала, былі сьлёзы».

Коржыч выратаваў саслужыўца, выцягнуў з пятлі

Упершыню пасьля провадаў Віялета ўбачыла брата падчас прысягі 10 чэрвеня. Коржыча адпусьцілі ў звальненьне да 17 гадзінаў, і ён змог пабыць з роднымі і сябрамі. Па словах сястры, Аляксандар у той час не скардзіўся на сяржантаў альбо пазастатутныя адносіны. Расказваў толькі пра трэніроўкі і рэжым, які дзейнічаў у частцы. Пра незвычайнае здарэньне ўпершыню Аляксандар Коржыч расказаў неўзабаве пасьля гэтага.

«Па тэлефоне аднойчы мы гаварылі, і Саша расказаў, што ўначы дастаў салдата зь пятлі, — паведаміла Віялета Дзяцел суду. — Расказаў, што неяк уначы пачуў шум, прачнуўся, падышоў да памяшканьня нейкага, прыбіральні альбо нечага іншага, і пабачыў там салдата ў пятлі. Пачаў крычаць, некалькі салдатаў прачнуліся. Яны разам дасталі цела зь пятлі, пачалі рабіць штучнае дыханьне. Атрымалася дапамагчы гэтаму салдату. Пасьля зь ім сяржанты размаўлялі. Усё гэта ў ліпені здарылася. Саша казаў, што пасьля гэтага выпадку ня мог некалькі начэй спаць. Сказаў, што вельмі спалохаўся. Імя гэтага салдата брат не называў, я ня ведаю, хто гэта быў і што пазьней зь ім стала».

«У вайсковай мэдкарце былі вырваныя старонкі»

Па словах Віялеты Дзяцел, брат ня скардзіўся ёй на пазастатутныя дачыненьні ў частцы. Яны сазвоньваліся як мінімум раз на тыдзень, размаўлялі па паўгадзіны, аднак пра дзедаўшчыну яна ад Аляксандра чула няшмат. Толькі аднойчы ён казаў ёй пра сяржанта па мянушцы «Бэран» (Віялета думае, што гэта абвінавачаны Бараноўскі. — РС), які хадзіў у самаволку і вяртаўся адтуль у п’яным стане.

Са словаў брата Віялета ведала, што сяржанты прымушаюць салдат адціскацца, падымаюць іх уначы, забіраюць тэлефоны. Таксама аднойчы Коржыч расказаў сястры пра тое, што мыў прыбіральню і сяржанты былі незадаволеныя вынікам, пагражалі прымусіць чысьціць яе зубной шчоткай.

Таксама, паводле Віялеты Дзяцел, Коржыч расказваў пра выпадкі, калі сяржанты прыводзілі ў частку дзяўчат. Гэта здаралася «1-2 разы».

«Саша ня скардзіўся на дзедаўшчыну. Магчыма, баяўся мне расказваць, — паведаміла Віялета на допыце. — Брат не прасіў у мяне дапамогі. Аднак наракаў на тое, як лечаць прастуду ў мэдпункце. Казаў, што ўдзень даюць валяр’янку, на ноч капаюць дымэдрол. Скардзіўся, што ніяк не дапамагаюць, нічым ня лечаць. Апошні раз я размаўляла з братам 24 верасьня. Саша сказаў, што яму засталося 2-3 тыдні да пераводу. Сказаў, што ў яго ўсё нармальна».

Па словах Віялеты Дзяцел, брат прасіў пераслаць яму ў войска вынікі ўльтрагукавога дасьледаваньня сэрца зь ягонай шпітальнай карткі. Аляксандар Коржыч расказаў сястры, што некаторыя старонкі зь ягонай вайсковай мэдкарткі зьніклі, яны былі вырваныя. Пазьней зь Віялетай зьвязаўся сяржант Бараноўскі, і яна пераслала яму вынікі дасьледаваньня Коржыча.

«Я ня веру, што гэта самагубства»

Сястра Аляксандра Коржыча сказала, што пра сьмерць брата даведалася ад бабулі. Адразу пасьля гэтага яна з мужам і сябрамі брата паехала ў Барысаў, аднак не змагла пабачыць цела. На пахаваньні яна гутарыла з саслужыўцамі брата, спрабавала перадаць ім печыва.

«Салдаты нічога не расказвалі мне пра дзедаўшчыну. А што яны маглі расказаць, ля іх на адлегласьці двух мэтраў пастаянна былі афіцэры, — кажа Віялета. — Я ня веру, што гэта самагубства. Ён ніколі не гаварыў пра тое, што хоча так пайсьці з жыцьця. Ня ведаю, ці мог нехта пазбавіць жыцьця майго брата. Саша вельмі любіў маіх дзяцей, яны чакалі ягонага вяртаньня з войска. Адно дзіця дагэтуль пытае, дзе Саша».

17 кастрычніка на працэсе ў справе Аляксандра Коржыча таксама дапытваюць мужа Віялеты Сяргея Дзятла, які працуе лекарам у пінскім раённым шпіталі і бачыў труп Аляксандра Коржыча перад пахаваньнем. Яшчэ адным сьведкам стаў блізкі сябра Аляксандра Коржыча Ільля Казубоўскі.

Дата вынясеньня прысуду ў справе Коржыча пакуль невядомая. Ягоных былых камандзіраў Паўла Сукавенку і Артура Вірбала асудзяць 19 кастрычніка.

1
пескарь / Адказаць
17.10.2018 / 14:37
Часто звонил парень,а за звонки нужно было платить,задолжал... Рекет! Сеть.
1
" ..... у нас хорошая армия ...... " / Адказаць
17.10.2018 / 16:14
Да . Вот такой он "долг перед Родиной" . Ценой собственной жизни . Осмотритесь вокруг себя , особенно те , у кого сыновья призывного возраста ; дети чиновников , начальников , врачей , "крутых" , .... , - служили в армии ? 
3
Сягач / Адказаць
17.10.2018 / 16:36
Может он умер от лекарства мед роты а там сымитироли смерть нужно карточку где вырвоно должен отпечатан верхний текст да и воочию сводила врач странно
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру