Музей-сядзіба Агінскага, што месціцца ў Залессі на Смаргоншчыне, ужо некалькі гадоў — улюбёнае месца для вясельных фотасесій, для правядзення канцэртаў, баляў і іншых мерапрыемстваў. Адрэстаўраваная сядзіба, усё чыста, пафарбавана, паўсюль прыгожыя ўказальнікі на беларускай мове. Але выключна для турыстаў. А што мясцовыя людзі, ці радыя гэтаму? І ці ёсць альтэрнатыва такому лёсу помнікаў гісторыі ў малых паселішчах?

Сёння ў Залессі прапаноўваюць шэраг паслуг. Уваход у сам палац — 4 рублі. Можна замовіць экскурсію, якая будзе каштаваць 10 рублёў, для вялікіх груп можна замовіць тэатралізаваную экскурсію з музычнай праграмай, квэст па месцах Агінскага, выязную рэгістрацыю шлюбу, якая абыдзецца ў 100 рублёў, можна замовіць гасцінічны нумар за 20 рублёў з чалавека.

Маладзечанскі фатограф Яўген Стэльмах фатаграфаваў Залессе яшчэ да рэстаўрацыі. І на яго вачах сядзіба ператварылася ў дагледжанае месца. Так было:

Залессе ў 2013 годзе. Фатограф Яўген Стэльмах. 

Залессе ў 2013 годзе. Фатограф Яўген Стэльмах. 

Так стала:

Супрацоўнікі музея кажуць, што экскурсіі на выхадныя дні ў іх распісаныя амаль да канца года. Але ў аўторак, калі мы наведалі сядзібу, у ёй ціха. Няма ніводнага чалавека, кавярня не працуе. Затое можна прайсціся па музеі, разгледзець інтэр’еры, экспанаты, якіх тут, праўда, пакуль амаль няма.

На сценах — ксеракопіі партрэтаў. Мэбля сучасная, толькі зробленая «пад эпоху Агінскага», ніводнай асабістай рэчы Міхала Клеафаса ў музеі няма. Дырэктарка музея Людміла Гарадзіцкая прызнае, што ад Агінскага ў іх ёсць толькі «музыка, сядзіба і мемуары».

У 2014 годзе нас з дворнікам не было відаць з-за крапівы на сядзібе

Людміла Градзіцкая працуе дырэктарам музея-сядзібы Агінскага ад першага дня.

«Сёння цяжка ўявіць, што яшчэ чатыры гады таму, тут усё было ў заняпадзе. Сядзіба была агароджаная старым штыкетнікам. Для наведвання была адчыненая толькі адна зала. Я тут праводзіла экскурсіі, потым разам з дворнікам упарадкавалі тэрыторыю. Нас у крапіве не было відаць!»

25 верасня 2015 года адрэстаўраваная сядзіба адчыніла свае дзверы.

«Самае частае пытанне, якое задаюць турысты, гэта пра тое, што тут засталося ад Агінскага. Мы адказваем, што вельмі многа, самае галоўнае, канечне, музыка. Экскурсія наша пачынаецца з таго, што ў першай зале ўключаецца паланэз. Многія плачуць. А вось рэчаў, якія належалі Агінскаму, сапраўды, няма. А што вы хочаце, 200 гадоў прайшло».

Людміла Градзіцкая расказвае, што сядзіба належала сям’і Агінскіх да 1927 года.

«Ужо тады адсюль сваякі Агінскага вывезлі ўсё каштоўнае. У 1930 годзе сядзібу прадалі, новая гаспадыня, пані Жаброўская, адчыніла тут пансіянат, які працаваў да 1937 года. Падчас вайны тут месцілася нямецкая ваенная камендатура. Пасля вайны быў дом адпачынку, потым дом састарэлых. У 1977 годзе сядзібу аддалі ў распараджэнне сілікатнага завода, тут пачалася рэстаўрацыя. Нешта там у іх не атрымалася, сядзіба заставалася ў заняпадзе, у 1996 годзе сядзіба перайшла ў дзяржаўнае Аб’яднанне літаратурных музеяў, але толькі ў 2010 годзе тут нарэшце пачаўся рух».

Цяпер экспазіцыя музея папаўняецца ў асноўным за сродкі музея і сродкі спонсараў, а таксама частка рэчаў, мэбля, сервізы, знаходзяцца ў карыстанні музея, хаця належаць антыкварнаму магазіну ў Мінску.

У музеі — сядзібе можна наведаць трынаццаць залаў. «У зале музычных інструментаў» можна пабачыць некалькі музычных інструментаў, у «Каміннай зале» — камін.

У зале, якая называецца «Кабінет М.К. Агінскага», пасярод пакоя на дыване стаіць адзінокі стол.

Цяжка ўявіць, што нейкім такім чынам выглядаў кабінет кампазітара.

«Вялікая гасцёўня», «Малая гасцёўня», «Більярдная зала»… Як толькі ты ўваходзіш у іх, супрацоўніца музея ўключае ў пакоі святло, калі падыходзіш да дзвярэй — святло за табой адразу гасне. Эканомія…

Апошні пакой у сядзібе Агінскіх, які наведваюць госці, гэта адноўленая цяплярня. Дарэчы, каб наведаць аранжарэю ці цяплярню, давядзецца даплаціць рубель, бо там працуе часовая выстава карцін. Экзатычных раслін у цяплярні вы не ўбачыце. Там вельмі прыгожа і пышна квітнеюць герані, растуць мясістыя фікусы і манстэры. Шмат цытрусавых раслін, на якіх выспяваюць лімоны і апельсіны.

Адноўленая цяплярня. 

Адноўленая цяплярня. 

Звонку аранжарэі — безліч вяргінь.

«Міхал Клеафас Агінскі, — расказвае дырэктар музея, — вельмі любіў вяргіні. Засталіся сведчанні, што ў яго ў сядзібе расло іх каля 60 відаў. Цяпер мы імкнёмся да таго, каб таксама займець такую колькасць сартоў».

Парк і двор сядзібы таксама вартыя ўвагі.

«У нас тут па суботах, бывае, да 20 вяселляў адначасова прыязджаюць, ходзяць, фатаграфуюцца».

У парку ўсё зроблена для таго, каб тут было дзе сфатаграфавацца. У верасні аднавілі кітайскую альтанку, пасадзілі бярозавую алею, паставілі лавачкі, пафарбавалі масток да возера, забаранілі заязджаць на тэрыторыю сядзібы на машыне, забаранілі выходзіць да выспы, забаранілі купацца і лавіць рыбу. Толькі глядзець, толькі фатаграфавацца.

«Мы вельмі не любім, — працягвае дырэктар музея, — калі адкрываюць шампанскае на тэрыторыі, асабліва калі страляюць ля каплічкі, але дзе ты зробіш заўвагу, пакрыўдзяцца ж госці».

Цяпер музей-сядзіба Агінскага ўдзельнічае ў двух праектах. Адзін — сумесна з музеем Трокаў, другі — з амбасадай Польшчы.

Вынікам праекта з Тракайскім музеем стане рэстаўрацыя альтанкі Амеліі, дачкі Міхала Клеафаса Агінскага.

А сумесна з амбасадай Польшчы музей-сядзіба плануе адрадзіць стайню Агінскага.

«За грошы, якія выдзяляе на гэты праект польская амбасада, 35 000 еўра, мы набудзем трох коней і двух поні. Коні будуць вазіць карэты, поні катаць дзетак», — падсумавала дырэктар музея Людміла Градзіцкая.

Верамейчык, былы супрацоўнік

«З пункту гледжання чыноўнікаў тут усё нармальна, — расказвае былы супрацоўнік музея Сяргей Верамейчык. — Але гэта прыстасаванне гісторыі да патрэбаў камерцыі раённага аддзела культуры».

Сяргей Верамейчык па адукацыі мастак. Пераехаў у Залессе з Мінску ў 1989 годзе. Планаваў стварыць школу мастацтваў для дзяцей у Залессі, якая мусіла размясціцца ў былым палацы Агінскага, які ў той час, як кажа сам Сяргей, знаходзіўся ў «стане бясконцай рэстаўрацыі».

Тады захапіўся асобай Агінскага, стварыў яго радавод, які і сёння на вялікім палатне захоўваецца ў Сяргея Верамейчыка дома.

Пасля Сяргей працаваў у школе. Стварыў для дзетак мастацкую студыю «Апалонік» і тэатральна-музычную студыяй «Альтанка». Пад кіраўніцтвам Сяргея Верамейчыка ў Залессі створаная свая Батлейка, дзе персанажамі выступаюць былыя жыхары палаца і госці, што наведвалі Агінскага ў Залессі.

Шмат год Верамейчык быў старшым навуковым супрацоўнікам музея ў Залессі, напісаў кнігу пра Міхала Клеафаса Агінскага, вадзіў экскурсіі. Цяпер Сяргею Іванавічу кантракт не працягнулі.

«Кітайская альтанка» ў парку Залесся.

«Кітайская альтанка» ў парку Залесся.

Сяргей Верамейчык наракае, што сядзіба ў многім стала нагадваць катэдж, дзе ўсё прыстасавана пад адпачынак турыстаў, а не жыхароў Залесся. 

«Адзін смаргонскі мастак, калі ўбачыў новую цяплярню, сумна пажартаваў, што Агінскі хіба так любіў расліны, што спачатку адгрохаў вялізную аранжарэю, а калі грошай не хапіла, прыбудаваў маленькі палацык да яе. Ну не краявід гэта часоў Агінскага! Гэта нейкая спартовая зала!»

Гадзіннік, які мог бы іграць Паланэз

На вежы, што вянчае палац Агінскіх, усталяваны гадзіннік, які кожную гадзіну грае мелодыю. Якая мелодыя павінна гучаць на гадзінніку Агінскага? Думаеце, «Паланез»?

Не, паколькі гадзіннік аднаўляла расійская фірма, кожную гадзіну над Залессем гучыць фрагмент той самай мелодыі, якая грае на Спаскай вежы Маскоўскага Крамля.

«Мелодыя мяняецца проста. Яна проста запісаная на лічбавы носьбіт, але чамусьці ніхто не наважваецца папрасіць у расійскай фірме перапісаць мелодыю. А раптам пакрыўдзяцца?»

Мясцовыя жыхары, вядома, радуюцца, што сядзібу аднавілі, што ў вёсцы пачаўся рух.

Возера, у якім забаронена плаваць

Праўда, раней мясцовыя прыходзілі на сядзібу калі хацелі. Плавалі калі хацелі, вудзілі рыбу. Цяпер тут гэта забаронена.

«Зрабілі з сядзібы Агінскага раённы діснэйлэнд… Вы пыталіся ў пачатку нашай сустрэчы, ці баліць мне сэрца…», — махае рукой Сяргей Верамейчык і ідзе ў бок алеі.

«У людзей няма часу і грошай»

Жыхарка Залесся Дар'я Ліс мяркуе, што наракаць на тое, што палац не стаў цэнтрам мясцовай супольнасці, няправільна. 

«У мясцовых жыхароў няма часу і грошай, каб наведваць усе мерапрыемствы, што ладзяцца ў палацы, але сама магчымасць ёсць у кожнага, гэта дакладна. Дый працоўныя месцы для мясцовых жыхароў, гэта, адназначна, плюс».

Дар'я ж вельмі палюбіла адрэстаўраваную сядзібу. 

«Асабіста я бываю там даволі часта — хаджу на шпацыр або наведваю нейкія канцэрты, імпрэзы, фэсты… Хаджу час ад часу ў кавярню. Хадзіла б часцей на каву, але там вельмі дрэнны пандус, на жаль».

«І тут падыходзім да мінусаў. Мы не можам казаць пра аўтэнтыку рэканструкцыі палаца… То хацелася б мець сучасны падыход у плане безбар'ернасці, але гэта з разраду фантастыкі».

«Ёсць пандус у кавярні, але ён траўманебяспечны. Ёсць пандус на ўваходзе ў музей з унутранага дворыка, але пасля яго ты трапляеш у залы з вялікімі парогамі, якія не зможа пераадолець твой электравазок. Прыходзіцца сядаць у просты, механічны і задзейнічаць бацькоў. Падчас шкада іх здароўя і часу, хоць мы любім разам схадзіць кудысьці. Дарэчы, даўно не выбіраліся ў Мінск па той простай прычыне, што шмат цікавага стала адбывацца дома, у Залессі». 

«Больш бы музыкі»

Таццяна Кляшчонак працавала навуковым супрацоўнікам музея Агінскага ад 2014 па 2017 гады, цяпер працягвае займацца вывучэннем гісторыі роду Агінскіх, перакладае з польскай мовы дакументы і мемуары.

«Я пачынала працу, калі сядзіба была яшчэ неадрэстаўраваная, таму часта ўяўляла сябе, якім музей павінен быць. Што казаць, цяперашняя версія музея мне захінула асобу Агінскага, я яе тут не бачу». 

Таццяна Іванаўна кажа, што ў гэтым вінаваты толькі недахоп грошай. 

«У палацы дзверы і тыя зробленыя з самай таннай фанеры. Няма ніводнай арыгінальнай скульптуры і карціны. Ды і гэта не так важна! Я перажываю за тое, што ў сядзібе няма духу эпохі. Знаходзячыся тут, немагчыма ўявіць, як жылі Агінскія. Чым займаліся, дзе гулялі, пра што размаўлялі ў самы шчаслівы і драматычны перыяд свайго жыцця». 

На думку Таццяны Кляшчонак удыхнуць жыццё ў сядзібу проста.

«Зразумейце, што тут зараджалася Музыка. Таму яна павінна тут гучаць. Хай сабе запісаная на дыск, але гэтыя паланэзы павінны напаўняць паветра Залесся!»

«Вось аднавілі кітайскую альтанку. Цудоўна! Я б там паставіла канапу і раздрукавала вытрымкі з лістоў і мемуараў Агінскага. Вось, садзіцеся, чытайце пра тое, хто быў суседам Агінскіх, пра тое, чым жыло Залессе 200 гадоў таму. А не хочаце чытаць, слухайце музыку і глядзіце ў акно!» 

Пра тое, ці стала ўсё ж Залессе цэнтрам мясцовай супольнасці, Таццяна Кляшчонак гаворыць з гумарам.

«Канечне, мясцовыя любяць гэтую сядзібу, ганарацца тым, што яна месціцца тут. Але я амаль не бачыла мясцовых жыхароў, якім цікава была б гісторыя і асобы Агінскіх. Яны прыходзяць у музей і абмяркоўваюць паміж сабой люстры, посуд, дываны. А тое, што сюды прыязджаюць турысты, ладзяцца вяселлі, для музея гэта добра. Музей павінен зарабляць грошы!» 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?