Дзяржаўны абвінаваўца выступаў у спрэчках больш за 1 гадзіну 30 хвілін. Судзьдзя адмовіў адвакатам у хадайніцтве аб чарговым перапынку ў працэсе, піша «Радыё Свабода.».

17 кастрычніка судзьдзя абвясьціў аб тым, што справа аб сьмерці Аляксандра Коржыча скончаная. У гэты дзень на працэсе выступілі апошнія сьведкі — сястра і сябра Аляксандра Коржыча. Таксама 17 кастрычніка пракурор Шарсьнёў абвясьціў вынікі праверкі па факце ўжываньня фізычнага гвалту супрацоўнікамі КДБ у дачыненьні да абвінавачаных сяржантаў Бараноўскага, Вяжэвіча і Скуратовіча.

Адвакаты абвінавачаных выступілі з хадайніцтвам аб чарговым перапынку ў справе для азнаямленьня з выракам па справе старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі і прапаршчыка Артура Вірбала (яго агучаць у пятніцу 19 чысла — РС), аднак судзьдзя адхіліў хадайніцтва.

Першым у спрэчках бакоў выступіў пракурор Шарсьнёў. Ён заявіў, што «абвінавачаныя на працягу некалькіх месяцаў дзёрзка і адкрыта чынілі беззаконьне на тэрыторыі вайсковай часткі, што стала прычынай цяжкіх наступстваў у выглядзе самагубства шарагоўца Аляксандра Коржыча». Падчас сваёй прамовы дзяржаўны абвінаваўца пералічыў факты супрацьпраўных дзеяньняў з боку кожнага з абвінавачаных. Шарсьнёў пералічыў выпадкі вымагальніцтва, фізычных пакараньняў, незаконнага прысвойваньня грашовых сродкаў, незаконнага прымусу да выкананьня фізычных практыкаваньняў.

Абвінавачаныя Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Жнівень 2018 году

Абвінавачаныя Яўген Бараноўскі, Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч. Жнівень 2018 году.

На думку дзяржаўнага абвінаваўцы, у выніку злачынных дзеяньняў абвінавачаныя сяржанты атрымалі матэрыяльную карысьць: Скуратовіч — 120 рублёў, Бараноўскі — 220 рублёў, Вяжэвіч — 102 рублі. Таксама кожны зь іх, на думку пракурора, у рознай ступені ўдзельнічаў у зьбіцьці падначаленых шарагоўцаў і ў вымаганьні ў іх грошай, прадуктаў харчаваньня і цыгарэт.

«Свае дзеяньні абвінавачаныя зьдзяйсьнялі па папярэдняй змове, дзёрзка і адкрыта», — заявіў пракурор Шарсьнёў. Таксама дзяржаўны абвінаваўца выказаў упэўненасьць, што на працэсе быў даказаны факт самагубства Аляксандра Коржыча, падставаў гаварыць пра забойства няма.

Пракурор папрасіў суд прызнаць абвінавачаных вінаватымі і пакараць Яўгена Бараноўскага 9 гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, Антона Вяжэвіча — 7 гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, Ягора Скуратовіча — 6 гадамі з канфіскацыяй маёмасьці. Усіх абвінавачаных пракурор таксама папрасіў пазбавіць права займаць кіруючыя пасады.

Дзяржаўны абвінаваўца выступаў у спрэчках больш за 1 гадзіну 30 хвілін.

Сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч былі затрыманыя ў кастрычніку 2017 году, неўзабаве пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабару паўторна, а таксама па частках 2 і 3 артыкула 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі — у перавышэньні альбо бязьдзеяньні ўлады, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Усе абвінавачаныя сваю віну на працэсе прызналі часткова. Яны адмаўляюць тое, што дапушчаныя імі правапарушэньні сталі прычынай самагубства Аляксандра Коржыча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?